Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»
У Мінску два гады таму затрымалі мужчыну за тое, што ён замяніў чырвона-зялёны сцяг на даху жылога дома на бел-чырвона-белы. Той усё патлумачыў добрымі намерамі і выразна выклаў у судзе логіку сваіх дзеянняў. Выданне «Люстэрка» знайшло падрабязнасці той ужо даўняй справы ў банку судовых рашэнняў.
Здарэнне адбылося ў кастрычніку 2022 года. Абвінавачаны — рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў. Месца яго працы пазначана як «УП Ж.» — верагодна, гэта адно з камунальных прадпрыемстваў кшталту ЖРЭА або ЖЭС.
У Мінску на даху аднаго з жылых дамоў на вуліцы Янкі Лучыны стаяў флагшток з чырвона-зялёным сцягам. Аднойчы а другой гадзіне ночы мужчына падняўся на дах дома, зняў афіцыйны сцяг і павесіў іншы — бел-чырвона-белы з гербам «Пагоня». А пасля вярнуўся дадому.
Раніцай новы сцяг заўважыў прахожы, які ішоў у краму. Мужчына патэлефанаваў у міліцыю, прыехала мабільная група патрулявання. Міліцыянты падняліся на дах і выявілі бел-чырвона-белае палатно, якое вісела дагары нагамі. Побач ляжаў складзены чырвона-зялёны сцяг. Таго, хто памяняў сцягі, нідзе не было відаць. Замок на дзвярах быў адчынены, але не ўзламаны.
Да справы падключыліся следчыя. Сілавікі вывучылі запісы камер назірання і заўважылі, што паміж дзвюма і трыма гадзінамі ночы камунальнік двойчы заходзіў у пад'езд гэтага дома і выходзіў з яго.
У лістападзе мужчыну затрымалі і змясцілі пад варту.
У студзені 2023 года прайшоў суд па гэтай справе. Абвінавачаны не адмаўляў, што менавіта ён памяняў сцяг. Паводле яго слоў, ён заўважыў, што чырвона-зялёнае палатно было абматанае вакол флагштока. У адну з начэй ён прачнуўся і вырашыў прагуляцца да гэтага дома, каб прывесці сцяг у парадак.
Знаходзячыся на даху, ён разматаў палотнішча і выявіў, што «дзяржаўны сцяг патрапаны ад моцнага ветру, і яго не атрымліваецца расправіць». У мужчыны быў бел-чырвона-белы сцяг. Кажа, ён знайшоў яго раней падчас працы на дрэве. Тады зняў палатно і захоўваў у дапаможным памяшканні, таму што «меў намер выкарыстоўваць у наступным як рыззё».
Камунальнік вырашыў замяніць «пашарпаны» афіцыйны сцяг на іншы. Як ён патлумачыў суду, хацеў павесіць БЧБ у перавернутым выглядзе, «каб такім чынам пажартаваць над апазіцыянерамі».
Так і зрабіў: схадзіў у майстэрню, паклаў сцяг пад куртку, вярнуўся на дах дома. Далей зняў чырвона-зялёны сцяг, акуратна склаў яго і пакінуў на даху паблізу флагштока. Бел-чырвона-белае палатно з гербам павесіў дагары нагамі. Пасля вярнуўся дадому. Суду паведаміў, што ў зробленым раскайваецца.
Суд расцаніў гэты ўчынак як хуліганства — «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія вылучаюцца па сваім змесце выключным цынізмам» (ч. 1 арт. 339 КК).
Мужчыну прысудзілі тры месяцы арышту. Акрамя таго, з абвінавачанага спагналі судовыя выдаткі ў суме 226 рублёў 42 капейкі. Чырвона-зялёны сцяг пастанавілі вярнуць у камунальную ўстанову, а бел-чырвона-белы — знішчыць.
У Оршы за палітыку судзяць праўладнага блогера, які называў сябе «памагатым крывавага рэжыму Лукашэнкі»
Ва Ушачах судзяць настаўніцу, якую ў 2012-м заносілі на Дошку гонару, а ў 2024-м абражаў Мукавозчык
Ганна Канапацкая патлумачыла, чаму не выдаляе здымкі з БЧБ-сімволікай з сацсетак. Вы будзеце смяяцца
Каментары