Гісторыя8686

Украінскі дыпламат Кулеба назваў Гомель і Магілёў «гістарычна нашымі землямі». Што?

Былы міністр замежных спраў Украіны паразважаў пра сівую даўніну Вялікага Княства Літоўскага. Але зблытаў каго, куды, што і чаму.

Былы ўкраінскі міністр Дзмітрый Кулеба на канале «Комік плюс історик». Скрыншот відэа

Дзмітрый Кулеба, які да верасня 2024 года ўзначальваў украінскае МЗС, з'явіўся на ютуб-канале «Комик плюс историк», дзе яго распытвалі пра мінуўшчыну ўкраінскай дыпламатыі.

Адзін з вядоўцаў шоу папрасіў дыпламата распавесці пра якія-небудзь цікавыя моманты ў «пераходны перыяд» ад Кіеўскай Русі да Гетманшчыны, то-бок прыкладна з XIV стагоддзя па сярэдзіну XVII стагоддзя.

Кулеба прыгадаў дзве важныя падзеі. Пачаў з «першага еўрапейскага саміту» — з'езду манархаў, які адбыўся ў 1429 годзе ў Луцку, на тэрыторыі сённяшняй Украіны.

«Але збіраў яго па сутнасці этнічна не рускі князь, а літоўскі. Але як тады было з усімі літоўцамі: яны хрысціліся і станавіліся нашымі», — растлумачыў украінскі дыпламат. 

А вось другая важная падзея таго часу, якая, на думку Кулебы, стала сапраўдным правалам, — Люблінская унія 1569 года, калі Польскае каралеўства аб'ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім, у якое ўваходзіла і Русь.

Тады, лічыць дыпламат, валынская шляхта, якая была вельмі моцнай і аўтарытэтнай, упусціла магчымасць ператварыць Русь у паўнавартасны суб'ект, бо думала толькі пра эканамічныя актывы. 

«У іх было ўсё: у іх былі грошы, у іх быў уплыў, не было толькі аднаго — нацыянальнай ідэі».

Замест таго, каб высунуць патрабаванне раўнапраўнага ўдзелу Русі ў працэсе аб'яднання, валынская шляхта, як кажа Кулеба, кінула ВКЛ і папрасілася перайсці пад Польскую карону.

@nashaniva Гомель і Магілёў украінскія гарады? Дыпламат Кудеба шакуе гістарычнымі казкамі #гомель #могилев #история #беларусь #кулеба #политика #новости ♬ Paris - Else

«Валынь сказала: мы пераходзім пад польскага караля, толькі забяром з сабою Кіеў. Уся Русь па сутнасці пераходзіла з Літвы ў Польшчу.

Літоўцы, а яны былі ў слабейшай пазіцыі, вельмі моцна абразіліся, пачалі патрабаваць кампенсацыі.

Таму польскі кароль адрэзаў паўночную частку Кіеўскага княства і аддаў літоўцам як кампенсацыю. Уласна так гарады Пінск, Гомель, Магілёў, гістарычныя землі Кіеўскага княства, апынуліся ў Беларусі. Бо гэта ўсё гістарычна нашы землі», — гаворыць Кулеба.

Адзін з сувядоўцаў праграмы следам дадаў, што тое ж самае было і з Берасцем, з чым Кулеба таксама пагадзіўся.

Як было насамрэч

Акт Люблінскай уніі ад 1 ліпеня 1569 года. Фота: Wikimedia Commons.

Расказаная версія падзей, якія развіваліся вакол Люблінскай уніі і перадачы ўкраінскіх земляў з Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польскага каралеўства, не адпавядае рэчаіснасці.

На момант Люблінскай уніі Кіеўскага княства ўжо не існавала, яшчэ раней яно страціла самастойнасць. У 1471 годзе, за стагоддзе да уніі, княства было скасавана, а замест яго ўтворана велізарнае і даволі разнашэрснае Кіеўскае ваяводства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Але гэтую недакладнасць можна спісаць на агаворку Кулебы.

Трагічнай з пункту гледжання інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага «паглыбленай інтэграцыі» з Польшчай быў прысвечаны асобны артыкул у «Нашай гісторыі». 

Эліта Вялікага Княства хацела толькі вайскова-палітычнага саюза з Польшчай, каб атрымаць дапамогу ў барацьбе з Маскоўскай дзяржавай. Каронная шляхта і бяздзетны манарх Жыгімонт Аўгуст хацелі цалкам інкарпараваць княства.

Жыгімонт II Аўгуст, апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў, хацеў інкарпараваць Вялікае Княства Літоўскае ў склад Польшчы, каб агульная дзяржава захавалася і пасля згасання дынастыі. Партрэт пэндзля Лукаса Кранаха Малодшага, каля 1553 г. Музей Чартарыйскіх

Супярэчнасці паміж кароннай і велікакняжацкай дэлегацыямі прывялі да таго, што прадстаўнікі ВКЛ проста з’ехалі з унійнага сойма. Вынікі гэтага дэмаршу былі катастрафічнымі: Жыгімонт Аўгуст сваім рашэннем далучыў да Польшчы Валынскае, Падляшскае і Брацлаўскае ваяводствы, якія раней уваходзілі ў склад ВКЛ.

Паслы Вялікага Княства вымушаныя былі вярнуцца ў Люблін, каб працягнуць перамовы. Былі спадзяванні, што Жыгімонт Аўгуст перагледзіць сваё рашэнне.

Пасля вяртання ў Люблін велікакняжацкіх радных паноў і земскіх паслоў чакаў чарговы ўдар — кароль забраў у Вялікага Княства Літоўскага яшчэ і Кіеўшчыну.

Хутка выявілася, што падляшская ды ўкраінская шляхта была зусім не супраць увайсці ў склад Кароны — палітычныя і эканамічныя выгады пераважвалі вялікалітоўскі патрыятызм. Тут Кулеба не памыліўся. Ва ўкраінскай шляхты таксама існавалі спадзяванні, што мацнейшая ў вайсковым і эканамічным плане Польшча здолее эфектыўней абараняць украінскія землі, асабліва Кіеўшчыну, ад разбуральных набегаў крымскіх татар, чым тое рабіла Вялікае Княства.

І сапраўды, валынская шляхта спрычынілася да адабрання Кіеўшчыны. «…Некаторыя валынскія паслы раілі, каб Кароль Яго Міласць, калі ўжо Валынь далучыў да Польшчы, каб і Кіеў таксама [далучыў], паколькі не да Русі, але да Валыні належыць», — паведамляў у Вільню жамойцкі стараста Ян Хадкевіч.

Паласатай штрыхоўкай пазначаны Валынскае, Падляшскае, Брацлаўскае і Кіеўскае ваяводствы, адабраныя Жыгімонтам Аўгустам у Вялікага Княства Літоўскага ў час Люблінскай уніі. Вялікі гістарычны атлас Беларусі

Таму дэлегацыя ВКЛ спрабавала ўплываць менавіта на пазіцыю гаспадара. У просьбах, пададзеных Жыгімонту Аўгусту напрыканцы сойма, адзін з артыкулаў датычыўся магчымасці вяртання ў склад ВКЛ зямель Валыні і Падляшша, але адказ быў адназначны: «вжо не есть потреба того вспоминати». 11 жніўня 1569 года Жыгімонт Аўгуст выдаў акт пацвярджэння уніі, другі артыкул якога на «вечныя часы» зацвярджаў далучэнне да Кароны зямель Валыні, Кіеўшчыны і Падляшша.

Затое ўдалося захаваць за ВКЛ Мазырскі павет. Паўплывала тое, што мясцовая шляхта на павятовым сойміку ў чэрвені 1569 года выступіла супраць далучэння да Польшчы. Больш ніхто жадання застацца ў ВКЛ не выказаў. 

Гэтая гісторыя абсалютна адваротная той, якую расказаў Кулеба: кароль прымусам адрэзаў не Мазырскі павет ад украінскіх зямель, а ўкраінскія землі ад Вялікага Княства Літоўскага. Мазырскі павет жа застаўся за ВКЛ, бо такім было пажаданне мясцовай эліты. 

А што тычыцца Пінска, Берасця і Магілёва, то яны ўвогуле ніякага дачынення да перадачы Кіеўшчыны ў склад Польскага каралеўства не мелі.

Магілёў, які ўпершыню згадваецца толькі ў канцы XIV стагоддзя, ніколі не ўваходзіў у склад Кіеўскага княства, а на момант Люблінскай уніі быў у складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. А ад Кіеўшчыны горад аддзяляла яшчэ тэрыторыя Менскага ваяводства. 

Што тычыцца Пінска і Берасця, то абодва гэтыя гарады ў часы ўнійнага сойма былі ў складзе асобнага Берасцейскага ваяводства, пра перадачу якога Польшчы гаворкі не ішло.

Зрэшты, у склад Беларусі сёння ўваходзяць землі, якія паводле Люблінскай уніі разам з украінскімі землямі адышлі да Польшчы. Найперш гэта самы паўднёва-ўсходні ўскраек краіны, які ўключаў Брагін, Лоеў, Хойнікі і Камарын. У 1646 годзе сойм далучыў Лоеўскае староства назад да ВКЛ, але астатнія тэрыторыі ўз'ядналіся з беларускімі землямі ўжо толькі ў складзе Расійскай імперыі. 

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС гэтыя тэрыторыі моцна забруджаны радыеактыўнымі выкідамі.

Увогуле ж такія заявы ўкраінскіх палітыкаў пра беларускія гарады як пра «гістарычна нашы землі» ў іншых абставінах маглі б справакаваць дыпламатычны скандал. Словы прафесійнага дыпламата Кулебы, хоць гаворка пра сівую даўніну, а не цяпершчыну, гучаць зусім не дыпламатычна ў дачыненні да Беларусі. А паняцці «гістарычна нашага» заўсёды спрэчныя, затое лёгка могуць выклікаць вялікія канфлікты ці прынамсі стаць пажывай для прапаганды.

Фрагмент карты «Вялікае Княства Літоўскае ў 1569 г. пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай». Вялікі гістарычны атлас Беларусі
Фрагмент карты «Вялікае Княства Літоўскае напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай». Вялікі гістарычны атлас Беларусі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары86

  • бабруйчанін
    14.01.2025
    У паўдзенных суууседзей яшчэ меньш ведаў аб Гісторыі чым у паўночных усходніх))
    Пантэон герояў ..разнастайны
    Ад БХмяльніцкага усході вектар палітыкі да праваслаўных папоў маскоўскіх папоў .
    Да Мазепы абраўшага Карла і эўрапейскі шлях развіцця .. здрада камраду Пеці Раз
    І усе гэтыя " шалі" вагання праз нас..
  • Acab
    14.01.2025
    Партнамэнклятура УРСР, няхай і былая, расчаравала камунянаў.
  • Наконт Кулебы
    14.01.2025
    Пасля таго, як яго звольньнілі з пасады міністра, ён адразу ж уладкаваўся ў амерыканскі ўніверсытэт выкладчакам, таму гэта ня дзіўна. Ніякага дачынення да афіцыйнага Кіеву ен больш не мае. Гэта ўжо звычайны чалавек як я, як вы. Я скажу што Марс быў заўсёды часткай Беларусі, чаму вы пра мяне не напішаце?

Ноччу пад Мазыром быў магутны выбух. Імаверна, збілі шахед1

Ноччу пад Мазыром быў магутны выбух. Імаверна, збілі шахед

Усе навіны →
Усе навіны

Доктарка расказала, у якое надвор'е можна хадзіць без шапкі5

Беларускага мастака затрымалі ў Варшаве за арт з зігуючым Маскам21

Кітайская ШІ-мадэль зрабіла фурор на тэхналагічным рынку. Лідарства ЗША можа быць пад пагрозай16

У Жлобіне будуць выпускаць «інавацыйныя бейсболкі». На іх хочуць зарабіць 270 тысяч даляраў4

Памёр сын Расціслава Янкоўскага1

Фота выпускнікоў мінскай школы прадаюць за 11 тысяч рублёў

На гістарычным факультэце не засталося нічога гістарычнага. Як выглядае першы будынак БДУ пасля рэканструкцыі15

Кіраўнік МЗС Польшчы спытаў, ці хопіць у беларускіх турмах месца тым, хто не галасаваў за Лукашэнку17

У эратычным фільме з Ніколь Кідман прагучала музыка беларускага гурта6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ноччу пад Мазыром быў магутны выбух. Імаверна, збілі шахед1

Ноччу пад Мазыром быў магутны выбух. Імаверна, збілі шахед

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць