Вядомая беларуская бізнэсвумэн — і жонка праўладнага блогера-мільённіка — шукае арандатараў для свайго катэджу. Кошт ваў!
Юлія Кабякова, якая ў першым шлюбе была з тэлевядучым Дзянісам Кур'янам, здае свой шыкоўны катэдж у Бараўлянах за $2500 на месяц.

Юлія Кабякова некалі была жонкай вядучага Дзяніса Кур’яна, але шлюб распаўся. А ў 2022 годзе жанчына зноў выйшла замуж. Яе абраннікам стаў, мабыць, самы папулярны праўладны блогер — Улад Кабякоў, які мае 1,4 мільёна падпісчыкаў у інстаграме. На момант вяселля ён меў 3 мільёны падпісчыкаў, але канцэрты ў акупаваным Крыме і падтрымка рэжыму Лукашэнкі адштурхнулі ад яго фанатаў.
Сама ж Юлія таксама актыўна вядзе блог у інстаграме. На яе падпісана больш за 55 тысяч чалавек. Жанчына не без гонару пазначыла ў профілі: «Мой муж — кумір вашых дзяцей».

Учора Юлія распавяла ў сторыс, што шукае новых арандатараў для свайго катэджа ў Бараўлянах.
Падпісчыкі хваляваліся, што яна прадала элітную нерухомасць, але бізнэс-лэдзі растлумачыла:
— Вось ён мой прыгажун, на месцы, нікуды не падзеўся. Я яго здаю. Тут жывуць класныя сем'і. Але якраз цяпер людзі з'ехалі, і дом шукае новых жыхароў.
Юлія ўпэўнена, што больш за ўсё дом падыдзе сям'і з дзецьмі, бо яго галоўнай вішанькай яна лічыць дзіцячы пакой.

— Арэлі, вялікі стол, можна павесіць тэлевізар… Шмат прасторы. Прыгадваю, як мае дзеці тут чылілі — і гэта было крута.
Другім улюблёным месцам у катэджы бізнэсвумэн называе кухню, дзе можа збірацца ўся сям’я. А рэлаксіраваць ёй падабаецца на мяккай канапе побач з камінам. Кажа, мінус толькі адзін: уставаць потым зусім не хочацца.

У аб’яве на сайце realt.by можна пабачыць, што дом быў пабудаваны ў 2015 годзе. Агульная плошча — 216 квадратаў. На першым паверсе ёсць прасторная гасцёўня з выхадам на тэрасу, кухня-сталовая, санвузел, пральны пакой. На другім знаходзіцца спальня гаспадароў, вялікі дзіцячы пакой, кабінет, санвузел, гардэробны пакой.

У катэджы італьянская мэбля, імпартная сантэхніка і бытавая тэхніка. Устаноўлена сістэма цэнтральнага пылавыдалення, убудаваны пыласос, кандыцыянеры, фільтр вады. Прыемны бонус — цёплыя падлогі.

Таксама абсталяваны цёплы гараж для дзвюх машын.
Плошча ўчастка — 15 сотак. Адзначана, што тэрыторыя ўпрыгожана туямі, выкананы ландшафтны дызайн, пракладзена сцежка здароўя, устаноўлена сістэма аўтапаліву.

— Участак мы даглядаем самі. Вам застаецца толькі прыехаць сюды, раскласці свае рэчы і атрымліваць асалоду.
Арандаваць гэты катэдж каштуе $2500 на месяц.
Каментары