Стала вядома, як добра ўладкаваўся ў жыцці муж старэйшай унучкі Лукашэнкі
Дзмітрый Дзятлаў працуе ў рыбным бізнэсе, высветліла«Бюро».

Дзмітрый Дзятлаў — муж Вікторыі Лукашэнкі, старэйшай унучкі Аляксандра Лукашэнкі. Ён вучыўся разам з ёй на факультэце міжнародных адносін БДУ. Пераддыпломную практыку студэнт праходзіў у «ЗахадТрансЭкспедыцыі» — фірме, якая займаецца перапрацоўкай і перавозкай звадкаваных вуглевадародных газаў.
Туды ж хлопец уладкаваўся пасля выпуску з універсітэту, атрымаўшы добрую пасаду — намесніка начальніка камерцыйнага аддзела.
25% гэтай кампаніі належаць бізнэсоўцы Людміле Няронскай.
«Гэтая дама [Няронская] мае [у Беларусі] пэўную вагу і пэўныя лабісцкія магчымасці», — расказаў «Бюро» дасведчаны беларускі бізнэсовец.
Дзеці Няронскай і старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара разам вучыліся ў мінскай гімназіі №16. Разам са сваімі дзецьмі, дзецьмі Віктара Лукашэнкі і ягонай жонкай Няронская ў 2019 годзе лётала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На зваротным шляху да іх далучыўся і Віктар Лукашэнка.
Дзякуючы «Кіберпартызанам» «Бюро» даведалася, што муж Вікторыі Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў працягвае працаваць у фірмах Няронскай. У 2022 годзе Дзятлаў перайшоў з «ЗахадТрансЭкспедыцыі» ў «Марскія промыслы» і «Марскія сезоны».
У гэтых кампаніях мужчына заняў пасаду намесніка дырэктара па агульных пытаннях. І ўжо да сярэдзіны 2023 года ў гэтых кампаніях Дзятлаў стаў зарабляць больш за 10 тысяч беларускіх рублёў за месяц, у той час як сярэдняя зарплата па краіне была ў 5 разоў меншай.
Кампанія «Марскія сезоны», якая з'явілася ў кастрычніку 2022 года, будуе рыбаперапрацоўчы завод у свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск». І, як сцвярджаюць журналісты, карыстаецца там шырокімі падатковымі і мытнымі льготамі. Яшчэ адзін завод «Марскія сезоны» будуюць пад Мінскам.
На заводзе, які будуюць у Віцебску, плануюць выпускаць не толькі філе і фарш з мінтая, але і пельмені з рыбы і іншыя паўфабрыкаты. Гатовую прадукцыю плануецца прадаваць у першую чаргу на ўнутраным рынку, а таксама экспартаваць пераважна ў краіны ЕАЭС.
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары
Адразу намеснікам па нейкіх агульных пытаннях, карацей ні за што не адказае, затое заробак як простага беларуса за паўгады. Чарговае кумаўство і блат. Вось так сямейка Лукашэнак доіць усю краіну, усіх беларусаў. Яшчэ і льготы сабе паўсюль прапісалі, а народа здзяруць усе падаткі папоўнай.