Меркаванні7575

Пазняк патлумачыў, чаму Трамп усё робіць правільна

Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк, які на мінулым тыдні дзівіўся «геніяльнай лапідарнасці» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, апублікаваў у фэйсбуку вялікі пост, дзе выклаў сваё бачанне таго, чаму апошнія дзеянні гэтага палітыка, нягледзячы ні на што, «праяўленне стратэгічнага думання з разлікам на дзясяткі гадоў наперад».

Зянон Пазняк

У асноўнай частцы паста, напісанага 2 сакавіка, але апублікаванага толькі ўвечары 4 сакавіка, Пазняк кранаецца справы амерыканска-ўкраінскага пагаднення аб рэдказямельных металах, якое не падпісалі з-за інцыдэнту ў Белым доме 28 лютага.

Пагадненне, на думку Пазняка, было выгаднае абодвум бакам, канфлікт жа, які прывёў да ягонага непадпісання і фактычнага выгнання Зяленскага з Белага дома, быў выкліканы «слоўнымі памылкамі з абодвух бакоў», прытым з амерыканскага боку гэтыя памылкі былі «найбольш спадара Вэнса, які ўключыўся ў размову прэзідэнтаў». У выніку «атрымалася непрыгожа».

Тым не менш, еўраатлантычны свет, упэўнены Пазняк, застаецца стратэгічна адзіны, бо «ўсе кансалідуючыя дзеянні Еўропы без практычнай і моцнай дапамогі з боку Амерыкі будуць недастаткова эфектыўнымі». 

Найбольш жа канцэптуальныя думкі Пазняк выказаў у недатаваным пастскрыптуме, які аб'ёмам аказаўся не меншы за заяўленую асноўную частку паста. Гэтыя «некалькі слоў» напісаныя ім «дзеля разумення рацыянальнай пазіцыі міру паводле прэзідэнта Трампа».

Паводле разумення Пазняка, Трамп зыходзіць з таго факту, што ў расійска-ўкраінскай вайне назіраецца стагнацыя, калі фронт практычна не рухаецца. Таму прэзідэнт ЗША і хоча

«спыніць ваенныя дзеянні і заключыць перамір'е на аснове існуючага ваеннага статус-кво, сесці за стол перамоваў аб міры, спыніць пагібель людзей і, фактычна, уратаваць украінскую нацыю ад вынішчэння». 

Вынікам гэтага магла б стаць падобная да колішняй сітуацыі паміж СССР і Фінляндыяй «сітуацыйная канцэпцыя міру з вызначэннем часовага (ці абмежаванага) статусу акупаваных тэрыторый, з магчымасцю адбудовы Украіны».

Ветэран беларускага руху ацэньвае такі падыход як

«праяўленне стратэгічнага думання з разлікам на дзясяткі гадоў наперад. (Далёка не кожны палітык і не кожны народ валодае такім думаннем)».

«Першыя лагодныя кантакты» Трампа з Пуціным тлумачацца тым, што ў руках расейцаў захоўваецца ваенная ініцыятыва. І толькі Трамп, на думку Пазняка, можа пасадзіць Пуціна за стол перамоў, бо той рэальна не зацікаўлены ў спыненні ваенных дзеянняў, акрамя як толькі на сваіх умовах.

Прытым Пазняк прызнае, што Пуціну давяраць нельга, бо «ён ставіць задачу ліквідаваць Украіну і ўкраінскі народ». Таму натуральна, што ўкраінцамі

«такі варыянт міру ўспрымаецца як небяспечны, бо не прадугледжвае надзейных гарантый бяспекі і ўкраінскую нацыю не ўратуе. Атрымаўшы перадышку, Пуцін падрыхтуецца і адновіць ваенныя дзеянні».

Таму Пазняк разумее стратэгічную пазіцыю ўкраінцаў, каб «атрымаць шмат дасканалай зброі ад ЗША і зрабіць пералом у вайне на карысць Украіны, каб Масква выглядала паражэнцам», — і толькі тады ўжо гаварыць пра мір. Гэты план, на ягоную думку, 

«добры і, у прынцыпе, ажыццявімы. Але пры адной істотнай умове: пры татальнай дапамозе Амерыкі і ўсяго заходняга дэмакратычнага свету».

А гэтага якраз дасягнуць цяжка, і Пазняк тлумачыць, чаму Трамп не гатовы да такой татальнай дапамогі:

«Прэзідэнт Трамп і ягоная адміністрацыя апасаюцца, што Амерыка ўлезе ў новы В'етнам, у бясконцую вайну, куды будзе няспынна піхаць свае ваенныя нарыхтоўкі і мільярды даляраў, не здабываючы істотнай перавагі, бо рэсурсы Расіі велізарныя (плюс Паўночная Карэя, Іран і пры аказіі нават Кітай), а рэсурсы Украіны (дзе галоўнае — людзі, салдаты, якіх не хапае) не вялікія, і без апоры на ЗША пераламаць сітуацыю на фронце будзе цяжка (а з цягам часу яшчэ цяжэй)».

Таму Трамп не хоча пашырэння вайны з наступным перарастаннем яе ў Трэцюю сусветную, і пра гэта адкрыта кажа Зяленскаму. І яго

«вельмі раздражняе, нават выводзіць з сябе, што сп. Зяленскі тут яго ўпарта не разумее і настойвае на тэрміновых гарантыях бяспекі (за кошт Амерыкі) альбо на працягу вайны да перамогі і, зразумела, пры падтрымцы і зноў жа — пры дапамозе Амерыкі (інакш не атрымаецца)».

І ў такой сітуацыі Пазняку «добра зразумелыя і вартыя пахвалы» як «патрыятызм» Зяленскага, так і «рацыяналізм ды адказнасць» Трампа.

«У прынцыпе справядліва было б, каб амерыканцы моцна дапамаглі Украіне, на якую напаў агрэсар. Можна было б надоўга спыніць агрэсіўную палітыку Расіі. Але рацыянальнае рашэнне будзе прымаць прэзідэнт Трамп, які (калі апаненты не здолеюць паразумецца) не спыніцца нават перад самымі нечаканымі дзеяннямі. Ягоная пазіцыя тэрміновага міру і заканчэння вайны застаецца нязменнай. Чакаюцца перамены», — так падсумоўвае свае развагі Зянон Пазняк.

Каментары75

  • Лапідарно
    04.03.2025
    🤦‍♀️
  • М
    04.03.2025
    Дзіўныя развагі... Такое адчуваньне, што чытаеш маскоўскую імпэрскую прапаганду пра вялікую расеюшку. Дзе дзеўся Зянон, якога мы ўсе ведалі?
  • Filipp
    04.03.2025
    Маладзец спадар Зянон!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых25

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Усе навіны →
Усе навіны

Есці ўчарашняе можна ці шкодна? Бульба, рыс і макарона ў халадзільніку6

Амаль лета. Праз пару дзён месцамі да +23°С

У Мінску прадаюць невялікі шарык марожанага за 60 рублёў. Што не так з гэтым дэсертам?6

Віцэ-прэм’ер, Карпенка, Дзермант і камуністы адзначылі «Дзень Сонца нацыі» ў пасольстве КНДР14

У Салігорску ратавальнікі знялі рудога ката з дрэва, дзе той прасядзеў трое сутак

Мінчан так дастала істэрычная суседка, што яны былі вымушаныя з'ехаць. Аднак праблемы на гэтым не скончыліся5

З раніцы нешта гарэла на Камароўскім рынку2

28-гадовага хлопца з Пінска асудзілі за ўдзел у «масавых беспарадках». Што за ён?1

Прадстаўнік Трампа абвергнуў публікацыю The Times пра падзел Украіны на манер пасляваеннага Берліна4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых25

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць