Беларусу выставілі абвінавачанне ў падпале гіпермаркета ў Варшаве па заданні расійскіх спецслужбаў
Польская нацыянальная пракуратура прад’явіла абвінавачанне грамадзяніну Беларусі Сцяпану К. у падпале шматпавярховай будаўнічай крамы ў Варшаве ў красавіку 2024 года. Мужчына дзейнічаў па заданні расійскай разведкі, піша Reform.news.

Як паведамілі ў пракуратуры, пажар адбыўся 14 красавіка 2024 года, згарэла частка крамы, шкода ацэньваецца ў суму больш за 3,5 мільёна злотых (прыблізна 900 тысяч даляраў па бягучым курсе). Гаворка ідзе пра пажар у ГЦ OBI на вуліцы Радзымінскай.
Паводле версіі абвінавачання, грамадзянін Беларусі 13 красавіка разліў у краме лёгкаўзгаральную вадкасць і пакінуў прыстасаванні для дыстанцыйнага падпалу. Уначы на 14 красавіка яны спрацавалі, і пачаўся пажар. Таксама Сцяпан К. здымаў пажар на тэлефон, а пазней частка гэтых матэрыялаў «была апублікаваная на расійскіх прапагандысцкіх сайтах».
«Акрамя таго, устаноўлена, што падазраваны Сцяпан К. здзейсніў названы падпал, дзейнічаючы ў інтарэсах замежнай разведкі, а менавіта разведкі Расійскай Федэрацыі, і па заданні расійскіх спецслужбаў», — дадалі ў пракуратуры.
Мужчыну прад’яўлены абвінавачанні ў здзяйсненні дыверсіі ў інтарэсах замежнай разведкі і тэрарыстычным злачынстве (арт. 130 і п. 1 арт. 165 Крымінальнага кодэкса Польшчы). Паводле гэтых артыкулаў прадугледжана пакаранне тэрмінам ад 10 гадоў да пажыццёвага зняволення.
«Пасля выстаўлення абвінавачання Сцяпану К. яго дапыталі ў якасці падазраванага. На гэты момант мы не даем ніякай інфармацыі пра яго працэсуальны статус», — гаворыцца ў паведамленні.
Суд вырашыў пакінуць яго пад арыштам яшчэ на тры месяцы. Ён ужо знаходзіцца пад вартай. У пракуратуры патлумачылі, што мужчына з’яўляецца фігурантам расследавання ў справе арганізаванай злачыннай групы, якая займаецца вярбоўкай і арганізацыяй дыверсійнай дзейнасці ў інтарэсах замежнай разведкі. Яму таксама прад’яўлены абвінавачанні па гэтай справе паводле артыкулаў аб шпіянажы і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе.
Пракуратура дадала, што працягваецца расследаванне падпалаў іншых буйных крам у Польшчы і краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, уключаючы Літву. Следства вядзецца, у тым ліку, у рамках сумеснай следчай групы з літоўскімі праваахоўнымі органамі.
У мінулым годзе польскія праваахоўныя органы неаднаразова заяўлялі пра затрыманне асоб, датычных да працы на расійскую разведку, а таксама да буйных пажараў, якія адбыліся ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і іншых месцах. У прыватнасці, у маі мінулага года Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) паведамляла пра правядзенне следчых дзеянняў, звязаных з пажарамі. Паводле звестак СМІ, гаворка тады магла ісці пра грамадзян Беларусі.
Трэба адзначыць, што ў сённяшніх паведамленнях паліцыі і пракуратуры не ўдакладняецца, калі, дзе і пры якіх абставінах быў затрыманы Сцяпан К.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары
ну зараз трэба літоўскім паліціянтам дапамагчы са злоснымі графіцістамі
Пры чым гэта не першы раз такое.