Грамадства2525

Сяброўка Веры Паляковай-Макей спрабуе прадаць элітны салон прыгажосці больш чым за мільён даляраў

Некалькі гадоў запар Наталля Лазарчык спрабавала выратаваць элітны салон прыгажосці «Ледзі Гадзіва». Але цяпер апусціла рукі і спрабуе прадаць салон — ці хаця б здаць у арэнду.

Наталля Лазарчык пазначана як мастачка па касцюмах у шматлікіх спектаклях Тэатра юнага гледача. Разам з яго дырэктаркай Верай Паляковай-Макей Наталля лятала ў Навасібірск, дзе беларусы паказвалі спектакль «Майстар і Маргарыта». Менавіта мастачка распавяла, што яна разам з удавой міністра Уладзіміра Макея трапілі ў жудасную аварыю па дарозе ў аэрапорт.

Наталля Лазарчык. Фота з яе інстаграма

Цяпер Наталля падзялілася ў інстаграме, што прадае свой элітны салон прыгажосці «з 20-гадовай рэпутацыяй». «Ледзі Гадзіва» знаходзіцца ў цэнтры Мінску — на вуліцы Няміга, 38. На сайце realt.by пазначана, што ўладальніца хоча атрымаць за сваю маёмасць каля 4 мільёнаў рублёў — ці прыкладна 1,27 мільёна даляраў. У кошт уваходзіць памяшканне плошчай 306 квадратаў, а таксама ўсё абсталяванне салона прыгажосці. Але да торгу Наталля гатовая.

Мяркуючы па надта эмацыйным сторыс, рашэнне развітацца з салонам «Ледзі Гадзіва» далося жанчыне не вельмі проста. Але праблемы з гэтым бізнэсам былі ўжо не першы год. Яшчэ ў 2022 годзе Наталля скардзілася, што ад яе сышло 85% кліентаў.

Прычына таму банальная — майстры, якія працавалі ў «Ледзі Гадзіва», змянілі месца працы. Кагосьці перавабілі канкурэнты, хтосьці сам вырашыў арандаваць сабе працоўнае месца дзесьці яшчэ, а хтосьці стаў і дома працаваць.

Канечне, добры майстар заўсёды забярэ з сабой кліентуру. Наталля была ў шаленстве і плявалася атрутай у бок не вельмі добрасумленных канкурэнтаў.

— Салоны, якія даюць майстру 50%, гэта ўтопія працы. Кожны, хто ўмее лічыць, разумее: арэнда, камуналка, выдаткі, падаткі. У астатку нуль у лепшым выпадку, калі не мінус. Першаму майстру, які сышоў, далі высокі працэнт у разліку на маіх кліентаў і мелі рацыю. А чаго ёй праз год не папрасіць 60% ці 70%? Будзеце плаціць? А не тое і вашых кліентаў адвядзе, людзі ж прывыкаюць.

Жанчына была вельмі пакрыўджана на майстроў, якія звольніліся (кожны з якіх абвінаваціў яе ў бяздзейнасці). Маўляў, напрацавалі ў яе кліенцкую базу, а цяпер будуць класці сабе ў кішэню 100% прыбытку — «толькі цяпер незразумела на якой касметыцы і дзіўных умовах».

Дасталася і не вельмі ўдзячным кліентам: «Народ фарбуе валасы дома, мые галаву ў ваннай і нават не задае пытанне, чым. За 350 рублёў».

А больш за ўсё яе абуралі майстры, які працуюць у прыватных кабінетах ці дома.

— Усе праверкі і падаткі толькі для нас, уласнікаў, а ў дамах і кабінеціках адбываецца сваё ціхае і мірнае, а галоўнае сытае і бяспечнае жыццё.

Уладальніцу салона абурала тое, што цырульнікам і іншым супрацоўнікам б’юці-сферы афіцыйна дазволілі быць самазанятымі. Бо раней майстрам было страшна згубіць працу ў салоне, а пасля з’яўлення магчымасці працаваць самастойна людзі зразумелі, што няма вялікага сэнсу трымацца за месца.

— Наўрад ці бюджэт атрымлівае гэтыя грошы, а існаванне вялікіх салонаў, з атмасферай, духам і гісторыяй загублена.

Таксама скардзілася Наталля на дзяржаву — сцвярджала, што яе задзяўблі праверкамі розныя дзяржаўныя органы. Казала, што ўжываюцца толькі карныя меры, якія давялі яе да сівых валасоў.

Наталля спрабавала змагацца за тое, каб абараніць свой бізнэс, заклікала іншых бізнэсоўцаў б’юці-сферы аб’яднацца. Нават прапаноўвала стварыць антыкрызісны клуб дырэктараў і наняць юрыстаў, каб не загінуць па адным. Але ж ніхто не адгукнуўся.

У тым жа 2022 годзе Наталля ўдзельнічала ў мерапрыемстве Міністэрства эканомікі, дзе якраз абмяркоўвалі праблемы забеспячэння салонаў прыгажосці кадрамі, улічваючы магчымасць фізічных асоб аказваць паслугі ў б'юці-сферы.

Здаецца, сустрэча з намеснікам міністра эканомікі Наталлю натхніла:

— Нам сказалі: з 2023 года ў Беларусі ўвядуць падатак на прафесійны даход, а таксама паабяцалі звязацца з Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і ўрэгуляваць пытанні ажыццяўлення бескантрольнай (з іх боку) дзейнасці суб’ектаў.

Але ж у выніку выратаваць свой уласны «Тытанік», які імкліва апускаўся пад ваду, Наталлі не ўдалося. Яна цяпер у адчаі і ў сваім інстаграме спрабуе знайсці пакупніка ці арандатара для «Ледзі Гадзівы». 

— 20 гадоў я была тут шчаслівай. Можа, цяпер ваш час? Усё можна абмяркоўваць, люблю ідэйных!

Наталля літаральна просіць забраць той салон, каб у яе з’явілася магчымасць паставіць кропку ў гэтай гісторыі і пачаць нешта новае.

Каментары25

  • Б.Г.
    21.03.2025
    Бегу в отдел кадров, Вы серьезно не в курсе откуда у женщин шубы,авто и салоны красоты ?!
  • Хатаскрайнікі занылі
    21.03.2025
    Ахах. Дзяржавай аказваецца ўжываюцца толькі карныя метады. Антыкрызісны клуб дырэктараў... Тут ужо артыкулам за дэскрыдытацыю РБ пахне, а можа і здрада дзяржаве
  • які ж у яе
    21.03.2025
    твар

Цяпер чытаюць

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС8

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Усе навіны →
Усе навіны

Як прайшла Радаўніца ў вёсках, закінутых пасля чарнобыльскай катастрофы ФОТЫ5

На Брэстчыне па Мухаўцы пусцяць «Канарэйку»

З’явіўся новы рэйтынг беларускіх гарадоў — вось як выглядае топ-208

У Мінску жанчына паверыла махлярам, а не ChatGPT1

У Баранавічах адразу пасля нараджэння загінула немаўля1

Андрэй Саннікаў лічыць сябе «былым прэзідэнтам-электам»33

«Не запатрабавана». З вядомага кафэ Mon Nom на Трактарным прыбралі беларускамоўнае меню1

На чэмпіянаце Еўропы беларускі барэц даў поўху тытулаванаму турку за яго нахабства. Гэта ледзь не каштавала нашаму медаля6

Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС8

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць