Кіно66

Развітанне з эрай герояў. Чым парадуе «Місія невыканальная: фінальная расплата»

Том Круз вяртаецца ў беларускія кінатэатры — сёння прэм’ера новай «Місіі невыканальная». Калі вы даўно не былі ў кіно, цяпер самы час набыць квіток, і вось чаму.

Фота: кадр з трэйлера

У гэтым зменлівым свеце мала такіх стабільных рэчаў, як «Місія невыканальная». Ужо амаль 30 гадоў, як Том Круз рэгулярна выпускае чарговыя фільмы сваёй шпіёнскай франшызы, што вырасла з аднайменнага серыяла 60-х.

Новая «Місія невыканальная: фінальная расплата» — ужо восьмая па ліку стужка ў серыі. І калі вы нейкім цудам прапусцілі мінулыя сем, трымайце кароткі лікбез.

Сэрца «Місіі невыканальнай» — Том Круз і яго герой Ітан Хант, якога Круз грае ўжо 29 гадоў. У 90-я Ханта абвінавацілі ў забойстве, але яму далі магчымасць пазбегнуць турмы. Для гэтага Ітану давялося далучыцца да атрада шпіёнаў пад назвай «Місія невыканальная». З таго часу Хант і яго сябры ратуюць свет у выпадках, дзе іншыя склалі б рукі — таму яго місіі і «невыканальныя».

У сёмай стужцы Хант сутыкаецца з настолькі небывалым ворагам, што барацьба з ім расцягнулася на два фільмы, апошні з якіх — цяперашняя прэм’ера. Гэты вораг — Існасць, моцны штучны інтэлект, здольны ператварыць чалавецтва ў сваіх нявольнікаў.

Але будзем шчырымі: такія фільмы, як «Місія невыканальная», вабяць зусім не сюжэтам. Гэта якасны галівудскі блакбастар, зроблены па канонах тых часоў, калі кінасвет яшчэ верыў у герояў, калі на экранах былі класічныя Джэймс Бонд і Індыяна Джонс, а кампанію ім складаў Джон «Моцны арэшак» Маклейн — Брус Уіліс, прасцей кажучы.

Такія фільмы заўжды былі для гледачоў акном у іншую рэальнасць, спосабам збегчы ад праблем і перажыць моцныя эмоцыі. Шмат у чым гэта спрацоўвае дзякуючы трукам і баявым сцэнам, і тут у Круза выдатная рэпутацыя. 

Пакуль у іншых фільмах трукі здымаюць на фоне зялёнага экрана і дамалёўваюць што трэба на камп’ютары або клічуць каскадзёраў, Круз выконвае трукі самастойна і нават у восьмым фільме знаходзіць чым здзівіць — а яму, на хвілінку, ужо 63 гады. Напрыклад, небяспечнымі падводнымі сцэнамі ў арктычных водах, а таксама трукамі на маленькім самалёце з хуткасцю пад 200 кіламетраў на гадзіну.

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Гэтую «Місію невыканальную» прадстаўлялі гледачам як магчымае развітанне з Ітанам Хантам, хаця пакуль і невядома, ці так гэта на самой справе. Атрымалася, тым не менш, дастаткова пафасна, каб завяршыць гісторыю на гэтай ноце. У фільме не аднойчы прайшліся па асноўных этапах жыцця Ханта, і, можа, упершыню за ўсю франшызу паспрабавалі растлумачыць яго філасофію — тую, па якой Хант і яго каманда «жывуць і паміраюць у цені».

Цікава, што ў фільм вярнулі Уільяма Данлоў — таго самага аператыўніка з першай «Місіі», у каго Ітан скраў з-пад носа каштоўны дакумент у сэрцы амерыканскіх спецслужбаў. У цяперашняй «Місіі» ёсць яшчэ адзін незвычайны герой, і гэта вельмі ўдалы прыклад інклюзіўнасці ў кіно.

Калі каманда Ханта прыязджае на Поўнач, яны знаёмяцца з Тапісай — душэўнай прадстаўніцай карэннага паўночнага народа інуітаў. Гэта немаладая жанчына без супергеройскіх талентаў і мадэльнай знешнасці, якая шмат гадоў жыве далёка ад цывілізацыі і нават размаўляе не на англійскай, а на сваёй роднай мове інуктытут. Але ж у Круза і рэжысёра Крыстафера Макуоры атрымалася зрабіць такую жанчыну часткай каманды, якая ратуе свет і без якой місія аказалася б пад пагрозай. Каб змагацца са злымі хлопцамі, не абавязкова адпавядаць шаблоннаму выгляду героя.

Фота: кадр з трэйлера

Дык навошта ж ісці на новую «Місію невыканальную»? Перш за ўсё, гэта — блакбастар такога ўзроўню, якія рэдка з’яўляюцца ў кінатэатрах, тым больш у беларускіх. Такіх баявых сцэн, якія Круз выдаваў раней, у новым фільме ўжо няма, але вам дакладна хопіць вострых уражанняў ад іншых трукаў. Хаця прызнаем — гэта будуць не самыя хуткія тры гадзіны вашага жыцця, і камусьці фільм можа падацца трохі зацягнутым.

Але «Місія» — гэта больш чым проста шпіёнская стужка. Гэта фільм, падобных якім больш не робяць, і Том Круз — ледзь не апошні з магікан эры сапраўдных герояў. Як і шматлікія іншыя героі, яго Ітан Хант траўмаваны жыццём, але не дае гэтай траўме ператварыць яго ў ныціка або прымусіць помсціць. 

Ён ратуе свет, проста таму што дабро — гэта правільна, і таму што, як бы ўсё ні было складана, часам у жыцці насамрэч трэба выбіраць паміж чорным і белым. І таму мы можам дараваць Крузу-Ханту, што часам яго поспех выглядае казачным і ён выжывае, здаецца, цудам. Такія ўжо часы, што герой, які проста змагаецца за дабро і не мае пры гэтым сваіх мэтаў, выглядае ў нечым істотай з легендаў, і не дзіва, што і рэальнасць фільма трохі адрозніваецца ад нашай. 

Так што не варта праз 30 гадоў ад нараджэння «Місіі невыканальнай» чакаць у ёй сапраўднага рэалізму, гэта гісторыя не пра тое. Пакуль кінаафішы забітыя экранізацыямі відэагульняў і коміксаў, ды яшчэ і хорарамі, Круз верыць, што кіно яшчэ можа натхняць і што ідэалізм у гэтым свеце важны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • На россии
    31.05.2025
    Самый эпичный момент по всех сериях '' Миссии"- это взрыв мацковского кремля
  • Глядач
    31.05.2025
    Сцэны з голым Томам Крузам - гэта нешта. Ты стары дзед, а не прыгожы хлопчык з Top Gun. Навошта ты робіш голы экшн?
  • Хрыч
    31.05.2025
    Ну первые три части Миссии были вполне ничего,а дальше все скатилось в унылое г...

Цяпер чытаюць

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы14

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус вядзе канал пра будаўніцтва і рамонт. У яго ўжо больш за мільён падпісчыкаў4

У Мінску на пешаходным пераходзе збілі жанчыну і 12‑гадовую дачку 8

Затрымалі 19‑гадовага пінчука за «рэабілітацыю нацызму»12

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?8

У Венесуэле вызвалены яшчэ каля 80 палітычных зняволеных. Гэтага патрабавалі ЗША1

«Гэта не «надзень швэдар». Гэта холад, ад якога нікуды не схавацца». Як украінцы выжываюць без святла і цяпла ў халодных кватэрах7

Цана на золата ўпершыню перавысіла адзнаку $5 тысяч, працягваючы гістарычны рост

«Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія32

Сабакі таксама пакутуюць на дэменцыю. Як запаволіць працэс?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы14

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць