Меркаванні2626

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?

Медыцынскі факт, што ў Беларусі нічога не змянілася. Але што датычыць перамоваў амерыканцаў з Лукашэнкам — лепш так, чым ніяк, піша Мікола Бугай.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 1 жніўня 2025

Калі браць міжнародны аспект, Беларусь застаецца часткай расійскай мілітарнай машыны, ваенныя прыгатаванні працягваюцца поўным ходам, як і распальванне нянавісці да народаў Еўропы і Захаду.

Калі браць унутраную палітыку, то ніводная з уведзеных за апошнія пяць гадоў таталітарных практык не адмененая. Людзей працягваюць арыштоўваць, і затрыманні — толькі вяршыня таталітарнага айсберга.

Заявы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з дыпламатамі і на Валааме былі такімі ж, як заўсёды.

Але пры гэтым Лукашэнка выразна даў зразумець, што гатовы на некаторыя крокі, каб з лукашэнкаўцаў знялі санкцыі — што б дазволіла яму эканамічна ўмацаваць свой таталітарны рэжым. Лукашысты хацелі б здзелкі.

Яны, выглядае, гатовы адпусціць (з дэпартацыяй) частку раней схопленых пратэстоўцаў, каб узамен здабыць прызнанне свайго рэжыму нармальным. 

Магчыма, Лукашэнка таксама гатовы спыніць гібрыдныя атакі — каб атрымаць магчымасць зарабляць. Але суседзі выразна разумеюць, што за тыя грошы Мінск, хоць і прыпыніўшы вайну гібрыдную, будзе рыхтавацца да вайны гарачай, да нападу Расіі на іншыя еўрапейскія краіны.

Трампаўская Амерыка прагне ролі міратворцы ў самых розных кутках і сітуацыях: ад Зангезура да Камбоджы. У гэтым сэнсе калі б хтосьці такі, як Лукашэнка пагадзіўся на круглы стол у любых формах — гэта была б проста вяршыня мары. Вашынгтон быў бы на многае гатовы дзеля такога.

Але і проста вызваленне палітвязняў амерыканская дыпламатыя падала б як поспех Трампа, свой поспех.

Амерыканцам з Лукашэнкам суседзямі не быць, і, калі браць стратэгічна, іх на гэтым этапе цікавіць адно: не прайграць Украіны. А ўсё астатняе ў расійскай сферы ўплыву для іх — пытанні не сённяшняга дня.

Еўрапейскія краіны глядзяць на гэта па-іншаму. Ім важна, каб Беларусь перастала быць крыніцай праблем — і дробных, і вялікіх. Яны не хочуць мець расійскі трамплін у сэрцы Еўропы. 2022 год доўга не забудзецца.

Таму Захад не здыме ўсіх санкцый толькі за вызваленне палітвязняў, а тым больш часткі палітвязняў. Для зняцця ўсіх санкцый Мінску давядзецца зрабіць рэальныя крокі насустрач — спыніць агрэсіўныя дзеянні, узяць пад кантроль міграцыю і зменшыць расійскую вайсковую прысутнасць. Усё гэта было б і ў інтарэсах Беларусі, бо ўсё гэта змякчае таталітарны рэжым і змяншае залежнасць краіны ад Расіі.

Тыя санкцыі, якія ўводзіліся за саўдзел у вайне з Украінай, будуць знятыя, калі скончыцца вайна або калі Беларусь прадэманструе выразнае дыстанцыяванне ад расійскай ваеннай ці хаця б прапагандысцкай машыны. Апошняе, дарэчы, што лукашэнкаўцы спакойна маглі б сабе дазволіць нават у сваёй залежнай сітуацыі — каб спынілася распальванне варожасці, каб змянілі тон «Беларускія сілавікі» ўсіх масцей.

Паветраныя санкцыі, якія былі за «Раянэйр» — іх зняццё выгаднае і беларускаму грамадству, бо гэта нармалізацыя ўмоў жыцця.

Закрыццё некаторых памежных пунктаў было прывязанае да атак мігрантамі. Спыняцца атакі мігрантамі — адкрыюцца і памежныя пераходы. І іх зняццё будзе выгаднае і беларускаму грамадству, бо гэта нармалізацыя ўмоў жыцця.

Што да вызвалення палітвязняў з дэпартацыяй, то гэта будзе боль і бяда — і для грамадства, і для людзей, для якіх Беларусь — гэта ўсё ў жыцці. Але нават калі так адбудзецца, то гэта павысіць сілу дыяспары, якая будзе тую сілу праецыраваць унутр таталітарнай Беларусі. Лепш так, чым ніяк.

Каментары26

  • Рыка Крыгер, нічога немцы пра мяне не пішуць. Забыліся.
    03.08.2025
    Зьняць санкцыі ні за што - абсалютна рэальна.
  • Что й патрабавалася даказаць
    03.08.2025
    Рана ці позна кожны Бугай паўтарае ідэі Пазняка.
  • Хаха три раза
    03.08.2025
    Галасы з-пад Плінтуса, помимо такой слабой Тихановской, были и другие, сильные, люди, к которым прислушивалась часть общества и поддерживала их. Карач, Позняк, Макар, и мн. др.
    Раз у Тихановской всё так плохо, хотелось бы узнать о результатах их пятилетней деятельности.

Цяпер чытаюць

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары18

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары

Усе навіны →
Усе навіны

28‑гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі: «здрада дзяржаве» за перапіску з аднакурснікамі з УСУ17

Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»11

У Мінску пачалі судзіць трох беларусаў, якім павесілі «тэрарызм» і «здраду дзяржаве». Аднаго з іх затрымалі ў Крыме6

Беларус выкладае ў Польшчы робататэхніку і праграмаванне дзецям эмігрантаў

Беларускі музей імя Івана Луцкевіча рыхтуе выставу да 120‑годдзя «Нашай Нівы» і просіць дапамагчы з экспанатамі4

Мінчанка паспрабавала знайсці «тату на гадзіну» для сына праз сацсеткі10

Класкоўскі: Калі калій пойдзе праз Клайпеду, гэта знізіць залежнасць Беларусі ад Расіі30

Ціханоўская пабачылася ў Нью-Ёрку з «дзіцём Беларусі» Кіану Рыўзам26

РІА Навіны выдаліла тэкст пра вайну з Літвой. Бо «не адпавядае дзяржаўнай палітыцы»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары18

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць