Свет

Таямнічая і ўплывовая Меланія. Новы падыход жонкі прэзідэнта Трампа да ролі першай лэдзі

Робаты ўжо трывала занялі месца ў жыцці чалавека, і абавязак амерыканцаў — рыхтаваць сваіх дзяцей да суіснавання са штучным інтэлектам. З такой думкай звярнулася ў чацвер да ўдзельнікаў працоўнай групы па ШІ і адукацыі першая лэдзі Амерыкі, Меланія Трамп, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

«Наша будучыня — гэта ўжо больш не навуковая фантастыка, — працягнула Меланія Трамп. — На гэтай, прымітыўнай стадыі, наш абавязак — ставіцца да ШІ як да нашых дзяцей: падтрымліваць, але пры гэтым уважліва сачыць і накіроўваць».

Гэтае пасяджэнне працоўнай групы ў Белым доме стала адным з усяго некалькіх публічных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічала першая лэдзі. З моманту вяртання мужа ў Белы дом Меланія Трамп дэманструе, што яна адначасова і таямнічая, і ўплывовая.

Былая мадэль Меланія Кнаус, цяпер жонка прэзідэнта ЗША Меланія Трамп, нарадзілася ў Славеніі 55 гадоў таму. Раней яе часта называлі загадкавай. Яна радзей за сваіх папярэдніц — жонак прэзідэнтаў — з’яўлялася на публіцы, выступала з прамовамі і ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах.

Падчас перадвыбарчай кампаніі мужа ў 2024 годзе яна не раз надоўга знікала з поля зроку, і газеты выдавалі адзін артыкул за другім ад загалоўкамі накшталт «Дзе Меланія?».

Яе і цяпер не часта бачаць у Белым доме: яна, кажуць, большую частку часу праводзіць у Нью-Ёрку і Фларыдзе.

У той жа час з моманту вяртання Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ў гэтым студзені місіс Трамп, на думку некаторых каментатараў, стала па-іншаму — больш актыўна і адказна — падыходзіць да абавязкаў першай лэдзі. Гэтыя абавязкі ўвогуле размытыя і змяняюцца з кожным новым прэзідэнтам і яго жонкай.

Дзеці, ШІ і «порнапомста»

Цяпер Меланія шмат увагі надае тэме дзяцей, працягваючы працу, якую яна вяла ў рамках ініцыятывы «Будзь лепшым» часоў першага тэрміну Дональда Трампа. Гэта была праграма барацьбы з булінгам у інтэрнэце і наркаманіяй.

Акрамя гэтага, яна займаецца тэмай штучнага інтэлекту, а таксама адыграла важную ролю ў прыняцці закона пад назвай Take It Down Act, згодна з якім уведзена крымінальная адказнасць за публікацыю ў інтэрнэце рэальных або згенераваных ШІ інтымных выяў без згоды адлюстраванай асобы.

Гэты закон падтрымалі кангрэсмены ад абедзвюх партый, а гэта — рэдкасць у сённяшняй сітуацыі падзелу ў амерыканскай палітыцы.

Фота: Alex Wong / Getty Images

Гэты закон Меланія Трамп упершыню ў гісторыі сярод першых лэдзі ЗША публічна падпісала разам з мужам. Прафесарка Эйнау Рабіновіч-Фокс, спецыялістка па гісторыі першых лэдзі ЗША, адзначае, што жонкі прэзідэнтаў нярэдка займаліся тэмай дзяцей і моладзі, але місіс Трамп выбрала некалькі іншы падыход.

«Першыя лэдзі часта засяроджваліся на тэмах, якія лічацца больш жаночымі — напрыклад, на дзіцячай адукацыі», — сказала прафесарка Рабіновіч-Фокс Бі-бі-сі.

«У выпадку з Меланіяй, напэўна, незвычайны яе падыход. Яна падыходзіць не з мацярынскага, жаночага боку — хутчэй, з дзелавога боку», — працягнула прафесарка.

У законе Take It Down Act, напрыклад, як адзначае яна, акцэнт зроблены на санкцыях у дачыненні да платформаў, дзе размяшчаюць «порна ў помсту»: цяпер яны абавязаны цягам 48 гадзін выдаляць такі кантэнт, інакш будуць пакараныя.

Мерапрыемства ў гэты чацвер у Белым доме было прысвечана адукацыі — але пры гэтым Меланію акружалі не дзеці, а члены ўрада, чыноўнікі адміністрацыі і прадстаўнікі вялікага бізнэсу — напрыклад, кампаній IBM і Google.

На думку дырэктаркі Праграмы першых лэдзі ў Амерыканскім універсітэце, былой кіраўніцы апарата першай лэдзі Лоры Буш Аніты Макбрайд, на падобных мерапрыемствах бачна перамена ў стаўленні да Меланіі Трамп у параўнанні з першым тэрмінам.

«Знешнія гульцы, якія, магчыма, раней не хацелі з ёй працаваць, цяпер гатовыя з ёй працаваць. На першым тэрміне з ёй сустракаліся неахвотна. Ёй было цяжка збіраць круглыя сталы. У яе не было моцнай структуры вакол яе», — лічыць Макбрайд.

На думку Аніты Макбрайд, засяроджваючыся на тэхналагічных, камерцыйных і заканадаўчых аспектах адукацыі і абароны дзяцей, Меланія Трамп «надае адчуванне тэрміновасці» праблемам новых тэхналогій.

«Цяпер яна выкарыстоўвае сваё становішча эфектыўна, з карысцю і змястоўна. Яна становіцца гульцом, які насамрэч можа дапамагчы з прыняццем законаў», — лічыць Макбрайд.

Ліст Пуціну

У ліпені Дональд Трамп між іншым сказаў журналістам, што абмяркоўвае свае размовы з Пуціным з жонкай, і яна — згодна з яго словамі — скептычна ставіцца да спроб дамаўляцца з Пуціным аб міры. У жніўні Меланія Трамп праз мужа перадала прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну ліст, у якім заклікала яго абараніць дзяцей у зоне баявых дзеянняў.

Гэта спроба першай лэдзі ўзяць удзел у знешняй палітыцы — і зрабіць пры гэтым акцэнт на лёсе дзяцей — не засталася незаўважанай. Пазней ёй напісалі жонкі прэзідэнтаў Украіны і Турцыі, Алена Зяленская і Эміне Эрдаган.

Былыя першыя лэдзі таксама ўдзельнічалі ў фарміраванні знешняй палітыкі ЗША. Нэнсі Рэйган, напрыклад, перапісвалася з Раісай Гарбачовай, а Пэт Ніксан і Разалін Картэр ездзілі па свеце з гуманітарнымі місіямі і займаліся «чаўночнай дыпламатыяй».

На думку Аніты Макбрайд, тое, што місіс Трамп напісала Пуціну, паказвае, што, хоць яна і радзей з’яўляецца на публіцы, чым яе папярэдніцы, яна ўсё ж такі хоча ўдзельнічаць у справах, якія яе цікавяць.

«Яна нарадзілася ў краіне, якая была пад савецкім уплывам, — мяркуе Аніта Макбрайд [гэта не зусім так, Югаславія пры Іосіпе Броз Ціта не была поўным сатэлітам СССР — Бі-бі-сі], — і адчувае нейкія рэчы, якіх іншыя, магчыма, не адчуваюць. Ёй не трэба ўдзельнічаць ва ўсіх пытаннях, але яна хоча ўдзельнічаць у тых, што ёй больш цікавыя і на якія яна можа паўплываць.

На думку Макбрайд, у астатнія тры гады ў Белым доме Меланія Трамп гэтак жа будзе надзвычай выбарачна падыходзіць да таго, у чым удзельнічаць у якасці першай лэдзі.

«Яна робіць гэта на сваіх умовах. Яна — за якасць, а не колькасць, — лічыць Макбрайд. — Яна не збіраецца азірацца на тое, як іншыя паводзілі сябе на яе месцы ў мінулым».

Каментары

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдкага чорнага ваўка забілі паляўнічыя ў Лідскім раёне4

У Вільні праходзіць пратэст перавозчыкаў у сувязі з блакаваннем фур беларускімі ўладамі15

Стала вядома, з кім яшчэ сустракаўся Дзмітрый Лукашэнка ў Інданезіі7

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку5

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць