Культура2323

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА

Новая мадэль Gemini ад Google здольная вяртаць даўно страчаныя помнікі архітэктуры і гістарычныя цэнтры гарадоў Беларусі ў іх першапачатковым выглядзе і робіць гэта фантастычна нават на аснове вельмі дрэнных фота і старадаўніх малюнкаў. 

Гэта не фота з паралельнага сусвету, дзе Мінск не быў знішчаны ў Другую сусветную вайну, гэта праца нейрасеткі Gemini, якая здольная зрабіць сучасную гіперрэалістычную выяву нават з вельмі благога гістарычнага фота. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Тэлеграм-канал «Спадчына» апублікаваў галерэю выяў, якія былі створаныя новай мадэллю Nano Banana (Gemini 2.5 Flash Image) ад Google на аснове гістарычных фотаздымкаў і малюнкаў. Вынік сапраўды ўражвае сваёй эфектнасцю. 

Першым аўтар выбраў зроблены з гатэля «Еўропа» здымак плошчы Свабоды ў Мінску. Фатаграфія была ў вельмі благой якасці — зярністая і невыразная, таму спадзявацца на большае, чым звычайную каларызацыю, якую робяць іншыя нейрасеткі, не даводзілася.

Аднак нейрасетка не проста каларызавала фота, яна сярод мешаніны чорна-белых пікселаў змагла зразумець, дзе на аддаленых будынках фота ліштвы, дзе балконы, а дзе — мінарэт і купал Саборнай мячэці ў Татарскім канцы, ледзь бачныя на фота. 

Арыгінальнае фота мае нізкую якасць: шмат шуму і невялікае разрозненне. Але для Gemini гэта не праблема 

Апрацаванае фота выглядае так, быццам нехта з акна гатэлю сфатаграфаваў плошчу на свой смартфон літаральна ўчора.

Галоўны плюс мадэлі — яна даступна бясплатна абсалютна ўсім, хто мае акаўнт у Google: дастаткова проста перайсці ў AI Studio, выбраць Try Nano Banana, закінуць гістарычны фотаздымак і напісаць на любой мове, што вы хочаце атрымаць у выніку — напрыклад, проста «палепшы гэтае фота» — вельмі часта нічога больш не трэба. Колькасць запытаў за дзень абмежаваная, але вельмі вялікая.

Цёмныя Крамы ў Мінску на фотаздымку 1941 года. Усе будынкі на фота знішчаны пасля вайны. Цяпер тут лесвіца да праваслаўнага Свята-Духавага сабора
Фота Цёмных Крамаў, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Nano Banana можа пабачыць тое, што не бачыць нашае вока, як прыцененая разьба на цёмным дрэве. Нейрасетка можа распазнаць і аднавіць выявы па выразках з нізкаякасных міжваенных газет ці прыбраць вельмі моцную пікселяцыю фота, якая выглядае так, быццам нехта сфатаграфаваў экран тэлевізара.

Вежа езуіцкага калегіума ў Мінску. Фота апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

«Мы нарэшце можам пабачыць гістарычныя гарады і мястэчкі Беларусі такімі, якімі б яны мусілі быць сёння — ва ўсім харастве барока і з суровымі мурамі старажытных камяніц.

Гэта вельмі добры і вельмі зразумелы, навочны спосаб паказаць беларусам, што яны насамрэч страцілі, і даць зразумець, што калі гэта можа аднавіць нейрасетка, то здолеем аднавіць і мы ў натуры», — піша «Спадчына».

Nano Banana дазваляе не толькі палепшыць фота, але і адрамантаваць помнікі на фота: заладзіць дзіры ў тынкоўцы, вярнуць вокны ў закладзеныя праёмы, абразы — у алтары. Можна загадаць ёй дадаць антуражу — лавы для парафіян, алтар з царкоўным начыннем, свечкі і карункавыя абрусы, уласна саміх людзей — на што хопіць вашай фантазіі.

Койданаўская вуліца (цяпер Рэвалюцыйная) ў Мінску на фотаздымку пачатку XX стагоддзя
Фота Койданаўскай вуліцы, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Таксама можа накласці на сучаснае фота чарцёж недабудаванай часткі ці элемента — і Gemini у стане намаляваць яе так, быццам яна заўсёды там была.

Нейрасетка здольная адмаляваць in situ

помнік, якога ніколі не было, або цэлую мясцовасць па малюнках XVIII-XIX стагоддзя, вельмі далёкіх па дакладнасці ад любога фота — гэта значна пашырае іканаграфію помнікаў.

Мы нарэшце можам паглядзець, напрыклад, на знішчанае Берасце, якім яго маглі бачыць да будаўніцтва крэпасці. Не кажучы пра тое, што тая ж нейрасетка можа стылізаваць выяву для дзіцячай кнігі ці пад канкрэтны дызайн блога. Спадчына становіцца больш бачнай і даступнай.

Фота касцёла ў Таракані Драгічынскага раёна выглядае так, быццам зроблена ў наш час, але, на жаль, гэта праца нейрасеткі, касцёла сёння не існуе. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У нейрасеткі ёсць моцны навуковы патэнцыял, бо яна ўмее бачыць і выяўляць тое, што можа не заўважыць чалавечае вока, яна можа дапамагчы даследчыкам праверыць свае гіпотэзы, рэстаўратарам — падабраць найлепшы варыянт аднаўлення страчанага яшчэ на стадыі эскіза. Поле выкарыстання надзвычай шырокае.

Але ў Nano Banana ёсць і дрэнныя бакі. Яна працуе рандомна, па прынцыпе прыліваў і адліваў з невядомым графікам: у адзін час яна можа выдаць ідэальны вынік з першай спробы, у іншы — можна гадзінамі дамагацца ад яе хоць нешта. У бясплатнай версіі  Gemini хутка забывае запыты, блытаецца ў паказаннях і не заўсёды разумее, што ад яе хочуць.

Калі вам не спадабаецца вынік, аўтар раіць ставіць дызлайкі, націскаць на кнопку Return ці проста спрабаваць тое ж самае ў іншым чаце.

«Проста спрабуйце і дзяліцеся вынікам — у нас засталося так шмат фота і так мала помнікаў, можа, Gemini верне нам спачатку памяць, а пасля і тое, што мы страцілі, але яшчэ можам вярнуць!»

Забелены ракакошны дэкор Сафійскага сабора ў Полацку
Дэкор Сафійскага сабора ў Полацку, каларызаваны ў стылістыцы барока нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Тэатральная плошча ў Магілёве з былым касцёлам езуітаў у пачатку XX стагоддзя. Усе будынкі на фота знішчаны
Фота Тэатральнай плошчы ў Магілёве, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Богаяўленскі манастыр у Магілёве ў пачатку XX стагоддзя. Усе будынкі на фота знішчаны пасля вайны
Фота Богаяўленскага манастыра ў Магілёве, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Звярніце ўвагу, што нейрасетка разумее сцэну як трохмерную і змяняе крыніцу святла на больш выразную, не губляючы дэталяў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Кальвінскі збор XVI стагоддзя ў Асташыне. Фота пачатку XX стагоддзя. Разбураны мясцовымі ўладамі ў 1950‑я гг.
Фота Асташынскага збора, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Гродна ў час нямецкай акупацыі
Фота Гродна 1940-х, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Інтэр'еры Жыліцкага палаца ў пачатку XX стагоддзя. Фота Яна Булгака
Інтэр'еры Жыліцкага палаца, апрацаваныя нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Інтэр'ер палацава-паркавага комплексу Радзівілаў у Манькавічах. Фота ў вельмі нізкім разрозненні
Фота інтэр'ера палацава-паркавы комплексу Радзівілаў у Манькавічах, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Мастак Фердынанд Рушчыц у сваёй сядзібе ў Багданаве. Фота зроблена яго сябрам Янам Булгакам у 1911 годзе
Тое ж фота, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Нейрасетка не імкнецца здзіўляць, яна проста робіць сваю працу добра. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Фрагмент арыгінальнага фота
Фрагмент фота, апрацаванага нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Фрагмент фота інтэр'ера шляхецкай сядзібы
Фрагмент фота інтэр'ера шляхецкай сядзібы, апрацаваны нейрасеткай Gemini. Звярніце ўвагу на разьбу на спінцы канапы на абодвух фота. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Цыстэрцыянскі кляштар у Кімбараўцы (Мазыр) на фота 1916 года
Фота Цыстэрцыянскага кляштара ў Кімбараўцы (Мазыр), апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Палац на тэрыторыі Любчанскага замка ў пачатку XX стагоддзя
Фота палаца на тэрыторыі Любчанскага замка, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Першапачатковы праект Опернага тэатра ў Мінску, прапанаваны Іосіфам Лангбардам у 1934 годзе
Gemini паказвае, як бы гэты праект выглядаў, калі б ён быў рэалізаваны. Выглядае неверагодна праўдападобна. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына» 
Піксельны фотаздымак старога Траецкага прадмесця
Выпраўлены фотаздымак Траецкага прадмесця. Некаторыя дэталі не зусім дакладныя, але дзіўна ўвогуле, што нейрасетка змагла хоць нешта зрабіць з гэтым фота. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Барочны інтэр'ер знішчанага саветамі касцёла ў Стоўбцах
Інтэр'ер знішчанага саветамі касцёла ў Стоўбцах, якому Gemini вярнула барочны каларыт, абразы і лавы для вернікаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Рэдкае каляровае фота разрабаванага касцёла езуітаў у Магілёве
Нейрасетка Gemini не толькі змагла правесці рамонт касцёла і часткова аднавіць каларыт, але і змяніла ракурс на больш сіметрычны. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Касцёл у Каралішчавічах у пачатку XX стагоддзя. Будынак захаваўся да нашага часу, але ў знявечаным стане. Фота нізкай якасці
Палепшанае Gemini фота дакладна аднаўляе ўсе дэталі гістарычнага аб'ёму, робіць помнік сакавітым і аб'ёмным. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Фота касцёла і пажарнай часці ў гістарычным цэнтры Гомеля, знішчаных за савецкім часам, апрацаваныя нейрасеткай Gemini. Фота: lets_cook_for_fun_1 

Наступныя прыклады зробленыя ў нейрасетках, але, магчыма, не толькі ў Gemini, што дае шырэйшае  разуменне магчымасцей нейрасетак сёння.

Касцёл Святой Соф'і пры кляштары дамініканаў у знішчаным Берасці. Абмерны чарцёж 1830 года
Выява касцёла Святой Соф'і пры кляштары дамініканаў у Берасці, створаная нейрасеткай. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Берасце на гравюры Эрыка Дальберга 1657 года.
Краявід Бярэсця, створаны нейрасеткай па гравюры Эрыка Дальберга ў 1657 годзе. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Бернардзінскія касцёлы і манастыры ў Брэст-Літоўску: мужчынскі і жаночы. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Высокае-Літоўскае. Па матывах літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Кляштар картэзіянцаў у Бярозе-Картузскай. Па матывах літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Мерачоўшчына і Косаўскі замак на літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Звярніце ўвагу, што на малюнку лета
Мерачоўшчына і Косаўскі замак на аснове літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Звярніце ўвагу, што нейрасетка ператварыла малюнак у зімовы. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Навагрудак. Па літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Янаў. Па літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Фара Вітаўта 1860‑я гады
Фота Фары Вітаўта 1860-х, апрацаванае нейрасеткай. Фота: grodno_one_minute_of_history
Фота Фары Вітаўта 1923 года, апрацаванае нейрасеткай. Фота: grodno_one_minute_of_history
Фота Фары Вітаўта 1930-х, апрацаванае нейрасеткай. Фота: grodno_one_minute_of_history 

Каментары23

  • Valadzimir
    14.09.2025
    Супер, згодны, толькі гэта ніякая НЕ "Беларусь", - гэта у абсалютнай большасьці здымкаў і малюнкаў - самая што ні на ёсьць Літва.
  • Найперш не галасі!
    14.09.2025
    Гэтыя "фатаграфіі" паказваюць даволі утульна абжытыя чалавекам мясціны.
    Яшчэ раз прымушае задумацца пра знос і перабудову нашых вясковых і гарадскіх мясцінаў.
  • Ы
    14.09.2025
    Супер! Неверагодная дапамога тым, хто робіць гістарычны кантэнт ці кнігі па гісторыі. Яшчэ б дачакацца танных сэрвісаў, якія б рэалістычна ажыўлялі такія здымкі.

Цяпер чытаюць

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА3

«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія10

У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі

Зяленскі: Ракеты для Patriot могуць не даваць, каб Украіна была больш саступлівая15

У Тайландзе маланка забіла 24‑гадовага футбаліста проста падчас матча ВІДЭА2

Колькасць ахвяр ДТЗ у Светлагорскім раёне павялічылася да 4-х. Памерла яшчэ адно дзіця1

Прафесія гэтага беларуса — пужаць людзей. Ён расказаў, што трэба рабіць і колькі за гэта плацяць2

Што навукоўцы могуць высветліць дзякуючы падзенню ступені ракеты SpaceX на Месяц3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць