Шакуючае відэа забойства ў расійскім тыле двух мірных жыхароў Украіны і іх сабакі прывяло да ўзаемных абвінавачванняў
Спачатку відэа выклалі расійскія Z-ваенкары, якія дапусцілі магчымасць таго, што ўкраінцы яго абвергнуць. Так і сталася.

«Жахлівыя кадры: Нацысты забіваюць мірных жыхароў, якія спрабуюць выратавацца з-пад Купянска» — пад такім загалоўкам учора ўвечары ў тэлеграм-канале «Аперацыя Z: ваенкоры Рускай Вясны» было размешчана відэа. На ім бачна, як па дарозе ідуць два чалавекі з сабакам.
Адзін з іх ідзе трохі наперадзе, ён трымае ў руцэ белы сцяг, які немагчыма не заўважыць. Побач бяжыць белы сабачка. Над імі лятае FPV-дрон, які ўрэшце падрывае і чалавека, і сабаку.
Затым пачынаюцца новыя кадры, на якіх другі чалавек стаіць на каленях і хрысціцца. У гэты момант дрон падрывае і яго.
Аўтары канала сцвярджаюць, што забойства адбылося ў Харкаўскай вобласці на выхадзе з населенага пункта Петрапаўлаўка, якая знаходзіцца на ўсход ад Купянска ў бок расійскіх пазіцый.
Паведамленне хутка разнеслася па іншых тэлеграм-каналах. Больш відэа было апублікавана ў канале «Рыбар». Праўда, як часта здараецца, інфармацыя стала патрохі змяняцца.

Так «Рыбар» адзначыў, што «Петрапаўлаўка — няправільнае месца здарэння», а аўтар тэлеграм-канала «Пазыўны Брус» напісаў, што трагедыя адбылася па дарозе з Круглякоўкі ў Бераставое ў Харкаўскай вобласці. Населеныя пункты знаходзяцца ў тыле расійскіх войскаў.
Адно з відэа з подпісам «бандэраўцы-дранаводы забілі бабулю» размясціў у сваім тэлеграм-канале Рыгор Азаронак.

Z-тэлеграм-каналы і СМІ пачалі прадказваць, што «праціўнік захоча ўсё перавярнуць дагары нагамі» і абвінаваціць у гэтым злачынстве расіян.
Сёння відэа ў сваім фэйсбуку размясціла аддзяленне камунікацыі 77‑й асобнай аэрамабільнай Наддняпранскай брыгады 7‑га корпуса Дэсантна-штурмавых войскаў УСУ.

«На апублікаваных кадрах зафіксавана ваеннае злачынства арміі Расіі: 03.11.2025 года ў населеным пункце Круглякоўка Харкаўскай вобласці войскі Расіі здзейснілі ўдар беспілотнікам па грамадзянскіх жыхарах, якія рухаліся па дарозе пад белым сцягам», —
напісалі аўтары. Яны таксама адзначылі, што побач не было ніякіх ваенных аб'ектаў ці пазіцый. Удар быў нанесены наўмысна па мірных людзях.
«Расійскія акупанты наўмысна ўдарылі па грамадзянскіх, а потым самі знялі атаку, каб выкарыстоўваць кадры ў прапагандысцкіх матэрыялах і абвінаваціць Узброеныя сілы Украіны», — напісалі аўтары.
На гэта паведамленне пазней сталі спасылацца астатнія ўкраінскія СМІ.
Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі заявіў, што Расія здзейсніла цынічную аперацыю пад чужым сцягам і назвала паведамленне расіян фэйкам.

У сваю чаргу тэлеграм-канал Генеральнага пракурора Украіны паведаміў, што Харкаўская абласная пракуратура пачала дасудовае расследаванне па факце здзяйснення ваеннага злачынства, якое прывяло да гібелі людзей.
Каментары