Грамадства2020

Лосік расказаў пра жорсткае забойства ў камеры ізалятара ў Барысаве

Зняволеныя выбівалі з чалавека прызнанне віны і перастараліся.

Экс-палітзняволены блогер Ігар Лосік у сваім тэлеграм-канале расказаў жахлівую гісторыю.

«Прэс-хаты Беларусі. Уявіце, што вас затрымліваюць і завозяць у ізалятар часовага ўтрымання. Няхай гэта будзе Барысаўскі сумна вядомы. Была там першая камера, куды трапіць было вельмі небяспечна. Хаця ўмовы ў камеры цудоўныя: тэлефон, любая ежа, тэлевізар, гарэлка, нават наркотыкі. Але трапляеце вы туды толькі з-за непрызнання віны. І ў гэтай камеры вас хутка пераканаюць, што так няправільна. Што лепш напісаць шчырае прызнанне, а яшчэ лепш узяць на сябе штосьці яшчэ з «вісякоў». І нават дадуць загадзя падрыхтаваны тэкст і бланк паперы. За адмову — жорсткія пабоі да таго моманту, пакуль вы ўсё не падпішаце. А прадольныя будуць стаяць і глядзець у адкрытую кармушку, як вас збіваюць да паўсмерці.

Я сам не вельмі верыў, пакуль не сустрэўся з людзьмі, якія ўсё гэта прайшлі на ўласным досведзе. У Жодзіне да мяне трапіў малады хлопец, Ягор Богдан, яго затрымалі каля Дзяржынска з марыхуанай і кінулі ў дзяржынскую прэс-хату.

Яго збілі так, што ён напісаў усё, што ад яго патрабавалі, слова ў слова. Білі так, што Жодзінскае СІЗА яго спачатку нават не прыняло з-за пабояў, але мала таго, што білі, дык яшчэ і прымусілі патэлефанаваць маці і патрабавалі, каб яна пералічыла 500 рублёў на рахунак аднаго з «прэсхатчыкаў». Пасля таго як збілі да паўсмерці проста пад адкрытай кармушкай, за якой стаяў прадольны і назіраў за ўсім і не рэагаваў на дзікія крыкі, яго закінулі на «пальму» і напаілі гарэлкай. Але паперы ён падпісаў, а калі яму нанялі адваката, той толькі параіў, што з гэтым нічога зрабіць немагчыма, што скаргі кудысьці пісаць бессэнсоўна, толькі з’явяцца новыя праблемы. Біў яго нібыта азербайджанец нізкага росту.

Потым яшчэ перыядычна да мяне даносіліся падобныя гісторыі, у якіх фігураваў гэты азербайджанец, які ў асноўным знаходзіўся ў Барысаўскім ІЧУ, але часам гастраляваў і па іншых.

І вось у гэтым годзе, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, у СІЗА КДБ адкрываецца дзверы і да нас проста закідваюць аднаго мужыка. Увесь сіні, у кучы татуіровак са свастыкамі, перабітымі, завуць Вячаслаў Швец, 48 гадоў, з якіх 31 год адседжаных. Заехаў у «амерыканку» за забойства. За забойства ў камеры ІЧУ. Выпадак даволі рэдкі, тым больш у такое спецыфічнае СІЗА. У калідоры чуем, як яшчэ больш жорстка ў суседнюю камеру закідваюць яго падзельніка. Таго самага «азербайджанца» па прозвішчы Аліеў. Потым аказваецца, што гэты Аліеў у Баранавічах вучыўся са мной у адной школе, і я памятаю яго і яго брата.

Сядзелі яны ў камеры нумар 1 у Барысаве ў поўным камфорце і нібыта на працы: любая ежа, выпіўка, нават часам вадзілі жанчын для ўцех, за кожную выбітую сілай яўку атрымлівалі яшчэ 80 рублёў. Так, «крышавалі» (паводле іх слоў) гэта ўсё ГУБАЗіК разам з кіраўніцтвам ІЧУ. Калі было трэба, запісы з камер выдаляліся.

Працавалі так ужо шмат гадоў, і вось за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня ім закінулі 59‑гадовага мужчыну, яны, будучы вельмі напітымі «Моцным арэшкам», уначы настолькі перастараліся з выбіваннем паказанняў, што да смерці забілі гэтага мужчыну. Білі нагамі, рукамі і бутэлькай з вадой па галаве. У выніку ён памёр. У ІЧУ прыехаў сам Кубракоў, і замяць справу не ўдалося.

Наколькі я ведаю, кагосьці з начальства ІВС звольнілі, а кагосьці арыштавалі. Хаця яны вельмі стараліся гэта ўсё замяць і нават указвалі Аліеву і Швецу, якія даваць паказанні. Але нешта пайшло не так, у выніку «прэсхатчыкі» апынуліся ў КДБ, а за нітку пачалі цягнуць і выявілася, што такіх схем па краіне не адна і не дзве.

Швец і Аліеў спачатку нават ноччу прышпіляліся да нары кайданкамі за дзве рукі, а то раптам што. Вельмі хутка аднаго раскалолі, той зразумеў, што сэнсу адпірацца няма, усё трапіла на камеру, і запіс на гэты раз не ўдалося схаваць. Другі супраціўляўся даўжэй, але таксама здаўся. У выніку назбіралі паказанняў столькі, што, калі ісці паводле закона, то вельмі шмат крымінальных спраў трэба пераглядаць, таму што прызнанні па іх былі выбітыя сілай гэтымі двума. Яны назвалі шмат прозвішчаў: хтосьці яшчэ сядзіць, хтосьці вызваліўся, і следчыя па ўсёй краіне ездзілі і бралі паказанні ў зняволеных, якіх збівала гэтая пара».

Каментары20

  • Сэррексуц
    05.12.2025
    Ну, Лосик, и стали они жить-поживать, срок отбывать, и умерли в один день.
  • Gorliwy Litwin
    05.12.2025
    Гэта ўсё цана Міру, Дабрабыту і Шчырасьці. Этнас (як гіганцкі шматклетачны арганізм) згодны яе плаціць. Усё-ткі мянты і чэкісты свае, шчырыя родныя, а парадак такі трэба каб быў.
  • Лосік, трэба справы, я не гамонка!
    05.12.2025
    Расказаць-та ён расказаў, маладзец, але каму ад гэтага халодна ці горача? Дзе праваабаронцы з іх Гаагамі і нейкімі юрысдыкцыямі? Прыміі адно аднаму павіпісвалі чарговыя па выніках году, а як па выніках працы адсправаздачыцца - дык "вынаваты Лукашэнка, ідзіце пытацца да яго"!

Цяпер чытаюць

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуская каманда «Доктар Хаус» так сабе жартавала з Беларусі і беларусаў у расійскім шоу19

Беларусы ў 2025‑м яшчэ актыўней куплялі новыя машыны. Ці ўдалося пабіць абсалютны рэкорд і якія маркі ў топе?5

Ціханоўская падарыла Наўроцкаму некалькі кніг на беларускай мове. Якія?11

НАБУ апублікавала праслухоўванне з Юліяй Цімашэнка АЎДЫЯ20

«Апошняя рэстайлінгавая версія цюбінгу». У Рэчыцы каталіся з горкі… у труне

Уіткаф і Кушнер збіраюцца прыехаць у Маскву і сустрэцца з Пуціным2

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро15

19 студзеня будзе сіні панядзелак. Што гэта такое?8

Манах Юравіцкага манастыра памёр у 37 гадоў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць