Бутан выдзеліць 10 тысяч біткойнаў на развіццё футурыстычнага «Горада ўсвядомленасці»
Бутан інвестуе 10000 біткойнаў (каля мільярда даляраў) з рэзерву нацыянальнай крыптавалюты ў развіццё «Горада ўсвядомленасці Гелепху». Маленькае гімалайскае каралеўства спадзяецца, што гэты горад стане нацыянальным эканамічным хабам, пiша Бі-бі-сі.

Бутан — невялікая гімалайская краіна, якая не мае выхаду да мора і заціснутая паміж двума гігантамі, Індыяй і Кітаем.
Насельніцтва пераважна будысцкае і складае каля 700 тысяч чалавек. Гэта пераважна аграрная краіна, у якой мала прыродных рэсурсаў і амаль адсутнічае прамысловасць. Экспарт электраэнергіі, у асноўным гідраэлектраэнергіі, у Індыю — з'яўляецца ключавым сектарам бутанскай эканомікі.
Урад прасоўвае палітыку прыярытэту «валавога нацыянальнага шчасця» над эканамічным ростам, але, як адзначае AFP, гэта не дапамагае яму справіцца з масавым беспрацоўем, з-за якога тысячы маладых людзей вымушаныя пакідаць краіну.
Дзяржава спрабуе змяніць гэтую тэндэнцыю і прыцягнуць замежныя інвестыцыі.
Краіна прасоўвае гідраэнергетычныя праекты, атрымліваючы значныя даходы за кошт экспарту электраэнергіі ў Індыю, і адначасова выкарыстоўвае танную электраэнергію для развіцця майнінгу крыптавалют, асабліва біткойна.
Бутан пачаў актыўна набываць крыптавалюту яшчэ ў 2019 годзе. Па дадзеных Сусветнага банка, у 2021‑2022 гадах дзяржаўная кампанія Druk Holding and Investments (DHI) інвеставала 539 мільёнаў долараў — амаль пятую частку агульнага ВУП — у крыптавалютныя аперацыі.
З тых часоў краіна сфармавала значныя крыптавалютныя рэзервы, хоць іх дакладны кошт не разгалошваецца. Па дадзеных Arkham Intelligence, зараз каралеўства валодае 5 984 BTC коштам больш за 522 мільёны даляраў, займаючы сёмае месца ў свеце сярод суверэнных трымальнікаў біткойна.
У 2023 годзе ўрад абвясціў аб планах стварыць «Горад усвядомленасці Гелепху» (Gelephu Mindfulness City) — спецыяльнай эканамічнай зоны на поўдні краіны, каля мяжы з Індыяй.
Сам горад з назвай Гелепху ўжо існуе, ён быў заснаваны ў 2010 годзе, і зараз яго плануюць развіваць як урбаністычны праект з нулявым выкідам вугляродаў.
Кароль Бутана Джыгме Кхесар Намг'ял Вангчук заявіў у 2023 годзе, што Гелепху стане «горадам усвядомленасці, які аб'ядноўвае ўсвядомлены і ўстойлівы бізнес, натхнёны будысцкай духоўнай спадчынай».
«Як ваш кароль я павінен забяспечыць, каб кожны бутанец быў захавальнікам, удзельнікам і бенефіцыярам GMC, — заявіў ён ужо ў гэтым годзе, у сераду, у прамове з нагоды нацыянальнага дня краіны. — У падтрымку гэтай палітыкі я аб'яўляю сёння аб вылучэнні да 10 000 біткойнаў агульным коштам прыкладна 1 мільярд долараў. Дзеля нашага народа, нашай моладзі і нашай нацыі».
У гэтым годзе GMC пазначыў біткойн, Ethereum і BNB у якасці стратэгічных рэзерваў, у маі заключыў партнёрства з Binance Pay для забеспячэння крыптаплацяжоў у турыстычным сектары і інтэграваў нацыянальную лічбавую сістэму ідэнтыфікацыі з Ethereum.
Такім чынам Бутан стаў першай краінай, якая замацавала сістэму ідэнтыфікацыі ў маштабе ўсяго насельніцтва на публічным блокчэйне.
На мінулым тыдні GMC запусціў TER — лічбавы токен, забяспечаны золатам, на блокчэйне Solana. Бутанскі DK Bank выступае яго эксклюзіўным дыстрыб'ютарам.
Член савета дырэктараў GMC Джыгдрэл Сінгай паведаміў выданню Decrypt, што Бутан не плануе прадаваць біткойны і разлічвае на рост іх кошту.
«Падыход будзе вызначаны ў бліжэйшыя месяцы. Сярод разгляданых варыянтаў — выкарыстанне біткойн-рэзерваў каралеўства ў якасці закладу, стратэгіі кіравання казначэйствам і даходнасцю з кантраляванымі рызыкамі, а таксама наўмыснае доўгатэрміновае захоўванне, накіраванае на захаванне і абарону кошту лічбавых актываў», — растлумачыў ён.
Бутан спадзяецца аб'яднаць высокатэхналагічныя інавацыі з будысцкімі духоўнымі традыцыямі, адначасова зрабіўшы эканоміку больш тэхналагічнай і пры гэтым заставацца «ў гармоніі» з каштоўнасцямі будызму.
Прадстаўнікі «Горада ўсвядомленасці» кажуць, што ініцыятыва будзе спрыяць стварэнню працоўных месцаў, эканамічнаму развіццю і ўмацаванню «нацыянальнай устойлівасці».
Удзельнічаць у праекце змогуць грамадзяне Бутана з усіх дзонгхагаў (рэгіёнаў): новая зямельная палітыка будзе разглядаць іх як акцыянераў праекта.
«Уявіце GMC як кампанію, а землеўладальнікаў — як яе акцыянераў, — сказаў кароль. — Паколькі большая частка зямлі належыць дзяржаве, бутанцы з усіх дзонгхагаў будуць удзельнічаць у яго поспеху».
Каментары