Ад рэдакцыі2121

Чалавек года «Нашай Нівы» — Мікола Статкевіч

Схуднелы, у турэмнай робе, седзячы на мяжы Беларусі і Літвы, Мікола Статкевіч не мог дазволіць, каб у яго адабралі яшчэ і радзіму.

Два гады таму ЗША прыслалі самалёт і забралі ў дыктатара Нікарагуа 222 палітвязняў. Сёлета ў выніку перамоў з амерыканцамі аўтобусы МАЗ вывезлі з Беларусі 189 палітвязняў, якіх трымаў іншы дыктатар. Ніхто з іх не ведаў, куды іх грузяць. У адным з такіх аўтобусаў з чорным мехам на галаве ехаў і 69‑гадовы палітык і былы вайсковец Мікола Статкевіч. Яго, як і іншых, Лукашэнка планаваў абмяняць на запчасткі для свайго самалёта і некалькі ін'екцый лекаў для пахудзення. Але Статкевіч вызначыў інакш.

Мікола Статкевіч быў у групе палітвязняў, якую вывозілі ў Літву 11 верасня. Іншыя вязні, якія за дзень да гэтага сядзелі са Статкевічам у адной камеры, пасля раскажуць: рашэнне любой цаной застацца ў Беларусі ён прыняў яшчэ тады. Таму калі аўтобус праязджаў пункт пропуску «Каменны Лог», Статкевіч выбіў у ім дзверы і выйшаў.

Мікалай Статкевіч у турэмнай робе сядзіць у нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Літвой. Скрыншот з анлайн-камеры Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі

Ён застаўся ў нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Літвой. Некаторыя спрабавалі ўгаварыць яго вярнуцца, але Статкевіч быў непахісны. Ён сказаў, што выйсці збіраецца толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад улады Лукашэнкі, а цяпер хоча знаходзіцца са сваім народам у любых умовах. Палітык паспеў пазваніць сваёй жонцы, пазней яго забралі людзі ў масках. Цяпер Статкевіч зноў у зняволенні.

«Статкевіч — гэта не рамантык, а прагматычны, мудры палітык. Ён разважыў, што самае моцнае ўздзеянне будзе ў тым выпадку, калі ён зробіць так, як і зрабіў пазней. Па-першае, гэта вельмі вялікі міжнародны скандал. А па-другое, і гэта важней, такім чынам у Беларусі застанецца маральны лідар», — расказваў Сяргей Спарыш, які быў з ім у камеры за дзень да гэтага.

Учынак Статкевіча ўзрушыў многіх беларусаў. Адмовіцца ад выхаду на свабоду, ведаючы, якія катавальныя ўмовы цябе чакаюць за кратамі, заставацца верным сваім прынцыпам — гэта сапраўдны гераізм. Гэты ўчынак не быў спантанным парывам — на шосты год рэпрэсій відавочна, што чакае за такі дзёрзкі дэмарш.

Не ўсе могуць зразумець гэтую ахвярнасць — у наш час чалавечае жыццё і здароўе цэняцца высока, часам, магчыма, вышэй за абстрактныя ідэалы волі і годнасці. І захаваць сябе ў гэтыя змрочныя часы сапраўды надзвычай важна. Не ўсе гатовы быць героямі, ніхто і не павінен. Але менавіта такую адданасць, мужнасць, змаганне за лепшую будучыню сваёй радзімы людзі ўслаўлялі стагоддзямі, гэтыя ідэалы натхнялі і давалі надзею.

Сваім учынкам Мікола Статкевіч паказаў і яшчэ адну важную рэч — рэжым не гатовы дараваць іншадумства, не гатовы праявіць міласэрнасць. І выбар для нязгодных з палітыкай у сучаснай Беларусі, якія вырашаюць праявіць сваю пазіцыю, толькі такі — або за мяжу, або за краты. Без аглядкі на ўзрост і былыя заслугі.

Гэта не першы тэрмін за палітыку, які адбывае Мікола Статкевіч — яго саджалі і ў 2005, і ў 2010-м. У 2020‑м Статкевіча затрымалі 31 мая, калі ён ехаў на Камароўку на пікет Святланы Ціханоўскай. Тады Статкевіч і Севярынец заклікалі ў сацыяльных сетках абараніць затрыманага напярэдадні Сяргея Ціханоўскага і далучацца да легальных пікетаў ва ўсіх абласных цэнтрах.

У снежні 2021 года Статкевіча асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пакаранне ён адбываў у Глыбоцкай калоніі. Туды ж яго і вярнулі пасля адмовы ад дэпартацыі.

Чацвёрты год запар людзьмі года «Нашай Нівы» становяцца палітзняволеныя. Сумны напамін, што рэпрэсіі трываюць і годныя і смелыя людзі вымушаныя праходзіць цяжкія выпрабаванні.

***

Хто быў чалавекам года «Нашай Нівы» ў папярэднія гады:

2024 — Андрэй Пачобут

2023 — гурт Tor Band

2022 — рэйкавыя партызаны Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў і Яўген Мінкевіч

2021 — Дар'я Лосік

2020 — Святлана Ціханоўская

2019 — Павел і Ганна Севярынцы

2018 — Марына Золатава

2017 — Павел Калаўр

2016 — Кацярына Сінюк

2015 — Святлана Алексіевіч

2014 — Франак Вячорка і іншыя папулярызатары вышыванкі

2013 — беларускамоўныя дзеці

2012 — Аляксей Бацюкоў, Зміцер Яцкевіч, Андрэй Радкоў (за вяртанне ў краіну Статута Вялікага Княства Літоўскага)

2011 — Сяргей Міхалок

2010 — Мікалай Казлоў

2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы

2008 — Віктар Ганчарэнка

2007 — «маладафронтавец»

2006 — чалавек Плошчы

Каментары21

  • Дык пішыце пра яго больш, чым вы пішаце пра лукашэнку!
    29.12.2025
    !!!
  • БЕРАСЦЬ
    29.12.2025
    Годны выбар
  • Filipp
    29.12.2025
    Так, Мікалай Статкевіч гэта крэмень!

Цяпер чытаюць

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі12

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Усе навіны →
Усе навіны

На БТ заявілі, што шпіён Уладзімір Усер пісаў з Польшчы ў камісію па вяртанні6

Расійскі дыпламат, які загінуў на Кіпры, хутчэй за ўсё, працаваў на ГРУ. Магчыма, ён хацеў перабегчы на Захад1

Расійская разведка рэзка наехала на канстанцінопальскага патрыярха23

Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй13

Іранскія ўлады навязваюць кантакты з кіраўніцтвам ЗША2

На радзіме апошняга караля Рэчы Паспалітай прадаюць будынак былой плябаніі2

Ці не зашмат «засталічаная» Беларусь? Сяргей Навумчык дыскутуе з Адамам Глобусам25

На Філіпінах жанчына чатыры гады малілася замест Буды Шрэку5

У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі12

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць