Грамадства1212

«Я эмігравала, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам». Дар’я Ракава напісала кнігу пра беларусаў у эміграцыі

У Варшаве адбылася інтэрактыўная прэзентацыя шчырай кнігі «Я/Мы Эміграцыя», якую напісала 25‑гадовая беларуска, настаўніца польскай мовы Дар’я Ракава, паведамляе Радыё Свабода.

Дар’я Ракава апынулася ў Польшчы ў 2018 годзе — хацела атрымаць еўрапейскую адукацыю. Але ў 11‑м класе яшчэ не вызначылася, чым хоча займацца.

«Я хацела стаць акторкай, але тата мне сказаў, што з такой прафесіяй я буду жыць у скрынцы. Таму мы выбралі тое, пасля чаго людзі не жывуць у скрынцы, — паліталогію… У Беларусі заставацца для мяне — не варыянт. Я разумела, што з маім вострым языком і з тым, пра што я пыталася ў школе, у Беларусі мне будзе не вельмі добра. Бацькі выпхнулі мяне вучыцца ў Еўропу — прывезлі ў Люблін. Так што я эмігравала, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам», — з гумарам апавядае Дар’я.

Але ў сваёй кнізе яна ўдакладняе, што «ехаць кудысці» (як яна з Беларусі ў Польшчу ў 2018-м) і «з’язджаць аднекуль» (як большасць цяперашніх вымушаных эмігрантаў) — гэта розныя рэчы. Такі досвед у кожным разе траўматычны.

Дар’я прыехала ў Польшчу з веданнем польскай мовы на ўзроўні В2 (гэта даволі высокі ўзровень, вышэйшы за сярэдні. — РС). Але, як аказалася, яго было недастаткова для паўнавартаснай камунікацыі. А мова дае свабоду, сцвярджае Дар’я.

«У новай краіне жыхарства доўга маўчыш. Спачатку табе бракуе слоў. І часта чуеш ад самых розных людзей, куды табе трэба ехаць, які ты «не такі» і які ты недарэчны, калі ўсё ж вырашаеш адкрыць рот. Дыскрымінацыя становіцца настолькі звыклай часткай жыцця, што да таго моманту, калі мовы ўжо хапае, каб адказаць усім, працягваеш маўчаць, паверыўшы ў сваю непаўнавартаснасць. Плаціш падаткі, робіш карысную працу, як мясцовыя, маеш добры досвед і некалькі моў у галаве, але ўсё роўна ты «лішні» і жывеш з гэтым, сарамліва закрыўшы рот», — піша аўтарка кнігі «Я/Мы Эміграцыя».

«Накапілася і назбіралася»

Чаму з’явілася гэтая кніга? Калі Дар’я пачала працаваць настаўніцай польскай мовы, навучэнцы расказвалі ёй пра свае прыгоды ў чужой краіне. Яна збірала гэтыя эмігранцкія гісторыі. Паколькі была настаўніцай, усё аналізавала, раскладвала па палічках. Ды і сваіх прыгод і назіранняў у яе хапала.

Апошняй кропляй стаў для Дар’і паход у мясцовую адміністрацыю (urząd).

«Мне тады здавалася, што я даволі добра размаўляю па-польску, у мяне не павінна быць праблем. Але пан ва ўжондзе палічыў, што я не надта яго разумею, і пачаў перакладаць некаторыя словы на рускую. Мне гэта не спадабалася, і я вырашыла ўзяцца за напісанне кнігі пра цяжкасці эміграцыі. Напісала яе даволі хутка, праз некалькі месяцаў у мяне ўжо быў тэкст. Так што накапілася і назбіралася», — расказвае аўтарка.

Кнігу яна пісала па-руску, хоць дасканала валодае і беларускай мовай, — каб яна была карысная і рускамоўным, і тым, хто ведае рускую.

У новым выдавецтве RozUM Media, якое ў маі 2025 года заснаваў беларус Павал Лягчылаў, кніга выйшла ў двух варыянтах. У лютым яна выйдзе таксама па-польску.

Ад разгубленасці да ўпэўненасці

Прэзентацыю выдання правялі інтэрактыўна. Дар’я задала публіцы пытанне, што для кожнага азначае эміграцыя — адным-двума словамі. Адказы былі самыя розныя: «выпрабаванне», «шаленства 24 гадзіны на дзень», «новыя магчымасці і перспектывы», «адстой», «да і пасля», «актывізацыя страхаў», «змены і новае жыццё», «самастойнасць», «барацьба і складанасці», «перазагрузка сябе нанова», «жопа», «крызіс», «дзіва дзіўнае», «новы галаўны боль», «вымушаная мера»…

Аўтарка выслухала ўсе варыянты і падсумавала:

«Эксперымент удаўся. Можаце кніжку купляць — там пра вас будзе дакладна!»

Дар’я апісала не толькі сваю гісторыю эміграцыі, хоць і яна ў кнізе ёсць. У новым выданні больш гісторый і досведу іншых — вучняў, сяброў, суседзяў.

«Нас, такіх разгубленых, на чужыне вельмі шмат, і гэта не залежыць ні ад статусу, ні ад узросту. Я паказваю шлях ад разгубленасці першых дзён да ўпэўненасці, якая з’явілася прынамсі ў мяне, і, думаю, з’явіцца ва ўсіх.

У кнізе шмат смешных сітуацый, я вельмі багата іранізую. Мне хацелася, каб вы смяяліся — каб думалі, што ўсё не так страшна», — запэўнівае аўтарка.

У творы Дар’і 6 раздзелаў, 33 ілюстраваныя гісторыі пра новае жыццё ў эміграцыі і пра тое, як даваць рады складанасцям. Ёсць сур’ёзныя эсэ: пра польскую паліцыю, бюракратычнае пекла, дэпартацыю, законы, якія хутка змяняюцца. Ёсць кранальныя тэксты пра дом і сям’ю, мову, сяброўства на эміграцыі, пра дзяцей-білінгваў і падлеткаў.

«Я напісала нават пра свае рамантычныя спатканні на польскай мове, пра пачатак вайны, пра сумныя святы не з блізкімі, пра тых, хто вяртаецца, і пра тое, што «стары свет разваліўся, а новы яшчэ не падвезлі»», — кажа Дар’я.

Аўтарка абяцае: калі чагосьці ў першай кнізе нехта не знойдзе — будзе другая.

«Не жыць адкладзеным жыццём»

На прэзентацыі Дар’я прачытала фрагмент эсэ «Больш не хачу жыць на чамаданах», які, на яе думку, дае надзею.

«Я не з'язджала з Беларусі. Я ехала ў Польшчу. Як ні круці, гэта вялікая розніца, але бытавы крызіс эмігранткі я пражывала гэтаксама цяжка, як і тыя, хто з'ехаў, уцякаючы ад рэпрэсій і вайны…

Навошта табе твае кнігі? Ты жывеш у інтэрнаце. Можа, табе яшчэ і кіборд прывезці? — гэта мая мама.

Яна не разумее, чаму я прашу прывезці рэчы, якія буду з вялікай цяжкасцю цягаць на сабе пры кожным новым пераездзе. Я проста хачу, каб мае рэчы былі са мной. І каб было што паставіць на паліцу. Шмат гадоў, акрамя гэтых кніжак і кіборда, у мяне нічога не было.

Я ела з самых танных ікейскіх талерак і карысталася пасцельнай бялізнай з інтэрнату, а пасля падушкамі і коўдрамі арэндаванага жытла.

Праз пяць гадоў я купіла сабе ўласную коўдру, падушку, а яшчэ вялікі жоўты фатэль, дыван, двухметровае люстэрка, пісьмовы стол і шмат лямпаў.

Мае сябры былі ў шоку — не толькі таму, што я пераязджала прыкладна раз на паўгода, але яшчэ і таму, што мне маглі банальна не падоўжыць ДНЖ і прыйшлося б з’язджаць назаўсёды. Навошта гэтыя рэчы? Такое марнатраўства…

Першы раз з усім гэтым наборам мэблі я пераехала ўжо праз тры месяцы. Мне давялося шукаць бусік і плаціць за пераезд.

Затое на новым месцы, калі я расставіла мэблю, адразу апынулася дома. Ужо ў першы дзень. Абвыкацца не прыйшлося, бо са мной былі мая мэбля і мая бялізна. Любімая, утульная, мной абраная і складзеная маімі рукамі.

Я так усцешылася, што на наступны дзень купіла сабе шмат прыгожага посуду: келіхі для віна — шырокія, але на вельмі тоненькай ножцы, кубкі для кавы з падвойным шклом, прыгожыя шклянкі для напояў, дзве вазы для кветак, керамічныя талеркі ручной работы.

Калі мне наканавана будзе калі-небудзь з'ехаць, я проста раздам гэта ўсё.

Я ведала, што больш не хачу пазбаўляць сябе гэтай бытавой раскошы і жыць там, куды нават не хочацца вяртацца з працы толькі таму, што мне могуць не падоўжыць гэты дурны ДНЖ.

А калі ў мяне ніколі не будзе грамадзянства? Ці сваёй кватэры? Памру, так і не выпіўшы віна з сваіх прыгожых келіхаў? У мяне няма грошай на сваё жытло і слабыя шанцы атрымаць пашпарт, але пяцьдзясят злотых на келіх у мяне ёсць.

І яшчэ ёсць вялікае жаданне не жыць адкладзеным жыццём», — піша аўтарка кнігі «Я/Мы Эміграцыя» Дар’я Ракава.

Каментары12

  • Дзімецілтрыптамін
    31.01.2026
    25 лет ей? Жесть как зумеров жизнь не щадит.
  • Indrid Cold
    31.01.2026
    [Рэд. выдалена]
  • акупацыя 1939-1991, 1994-...
    31.01.2026
    Невероятные могуць быць здзіўленныя, бо такое адчуванне, што для многіх з іх беларуская палітыка, гісторыя і эміграцыя толькі ў 2020 пачалася. А многія цякалі з РБ значна раней, бо разумелі, што будзе пры Лукашэнку.

Цяпер чытаюць

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

Спёка. Як перажыць і як паводзіць сябе ў такое надвор'е?1

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА3

«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія10

У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі

Зяленскі: Ракеты для Patriot могуць не даваць, каб Украіна была больш саступлівая15

У Тайландзе маланка забіла 24‑гадовага футбаліста проста падчас матча ВІДЭА2

Колькасць ахвяр ДТЗ у Светлагорскім раёне павялічылася да 4-х. Памерла яшчэ адно дзіця1

Прафесія гэтага беларуса — пужаць людзей. Ён расказаў, што трэба рабіць і колькі за гэта плацяць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць