Затрымалі махляроў-«інкасатараў», якія забіралі грошы ў пенсіянераў
У Нясвіжы пажылая пара стала ахвярай добра прадуманай махлярскай схемы і страціла амаль 55 тысяч рублёў. Цяпер людзі, якія непасрэдна забіралі ў пенсіянераў грошы, затрыманыя і даюць паказанні, паведаміў Следчы камітэт.

Паводле даных Следчага камітэта, днём 12 снежня пенсіянеру патэлефанавалі невядомыя асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі «Белпошты». Яны паведамілі пра нібыта ліст з падатковай інспекцыі і пад гэтай падставай выманілі ў мужчыны код з SMS.
Пазней з ім звязаўся чалавек, які назваўся банкаўскім работнікам. Ён запэўніў, што пенсіянер ужо стаў ахвярай махляроў і, не ведаючы пра гэта, нібыта ўдзельнічаў у фінансаванні тэрарызму. Пасля ў размову ўключыўся яшчэ адзін махляр — «прадстаўнік Нацбанка», які пачаў пагражаць крымінальнай адказнасцю і турэмным зняволеннем.
Сітуацыю яшчэ больш абвастрыў званок ад асобы, што назвалася супрацоўнікам КДБ. Ён запалохваў высяленнем з кватэры і магчымым афармленнем крэдыту на імя пацярпелага. Каб пазбегнуць праблем, сужэнцам прапанавалі тэрмінова «задэклараваць» усе наяўныя грошы.
Увечары таго ж дня пажылыя людзі аддалі ўсе свае зберажэнні так званаму «інкасатару». Ніякіх дакументаў ім не далі, спаслаўшыся на тое, што ў Нацбанку такія даведкі не выдаюцца.
У выніку махляры атрымалі буйную суму: даляры ЗША, беларускія і расійскія рублі, а таксама еўра — усяго амаль 55 тысяч рублёў у пераліку. Ужо на наступны дзень злачынцы перасталі выходзіць на сувязь.
Пазней удалося ўстанавіць і затрымаць «інкасатараў». Імі аказаліся грамадзяне суседняй краіны, якія з мінулай восені рэгулярна прыязджалі ў Беларусь нібыта на заробкі. Следства высветліла, што яны як мінімум некалькі разоў забіралі грошы ў ахвяр інтэрнэт-махляроў.
Падчас допытаў затрыманыя прызналіся, што выконвалі ўказанні куратараў, атрымліваючы заданні праз месенджары. Для маскіроўкі яны здымалі жыллё на кароткі час і перамяшчаліся па краіне на аўтамабілі.
Следчыя лічаць, што гэтыя асобы — толькі частка больш шырокай злачыннай сеткі, якая займаецца легалізацыяй выкрадзеных грошай. Цяпер вядзецца пошук арганізатараў схемы і іншых яе ўдзельнікаў.
Прыйшла ў банк, каб перавесці 20 тысяч рублёў на замежны рахунак, але супрацоўнікі выклікалі міліцыю
«Я была як пад гіпнозам». Рэальныя гісторыі мінчукоў, якіх махляры прымусілі прадаць кватэры — адна сумная, другая амаль шчаслівая
Пенсіянерка па тэлефоне «аформіла» электронную медкарту і стала «агентам спецслужбаў»
Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі
Каментары
Менавіта
Ці менты ці сацыяльна блізкія мясцовыя