Спорт44

Ганна Гуськова незадаволеная, як яе судзілі на Алімпіядзе. Казека: Усё нармальна

Беларуская фрыстайлістка, алімпійская чэмпіёнка 2018 года і срэбраная прызёрка 2022‑га ў лыжнай акрабатыцы Ганна Гуськова, якая ў Мілане і Карціна д'Ампеца заняла толькі 8‑е месца, у каментары па гарачых слядах выказала прэтэнзіі да суддзяў.

Ганна Гуськова. Фота: AP Photo/Gabriele Facciotti

«Сёння ўсе самі бачылі. Я зрабіла ўсё на 100 працэнтаў: скачкі чыстыя і выканала добра, а далей ужо справа за суддзямі», — цытуе Гуськову тэлеграм-канал беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

У Гуськовай пацікавіліся, ці адчула яна, што яе «прытрымлівалі» суддзі яшчэ на стадыі кваліфікацыі:

«Пагаджуся, таму мне так складана нешта каментаваць. Калі б упала дзесьці, то магла б вінаваціць сябе і сцвярджаць, што я не зрабіла ўсё на 100 працэнтаў».

Таксама яна адзначыла, што гэты алімпійскі сезон атрымаўся складаным і нашых фрыстайлістак можна толькі падтрымаць:

«Магу сказаць, што нам ужо помнікі пры жыцці можна ставіць. За такі кароткі тэрмін — толькі ў снежні пачалі гарналыжную падрыхтоўку — здолелі з дзяўчатамі Андрыянавай і Дзяругай адабрацца на Алімпіяду і паказаць усё, на што здольныя. А як усе бачылі, мы добра выступілі. Таму і няма каментарыяў наконт адзнак. Для мяне гэта вельмі дзіўна.

З плюсаў — вельмі задаволеная, што сваю праграму добра выканала. У фінале чацвёрты скачок прыйшлося выканаць адразу, упершыню ў сезоне, каб павысіць складанасць. Усё зрабіла дзеля медаля, але, на жаль, дадаць ужо няма чаго, вы самі ўсё бачылі. Нават вядучы на стадыёне пракаментаваў: «Бравісіма!». Аднак гэта не адмяняе таго факта, што я не ў шасцёрцы найлепшых».

Старшыня Беларускага лыжнага саюза Аляксандр Грэбнеў суддзямі таксама незадаволены:

«Сёння мы ўбачылі прыклад не самага сумленнага судзейства ў адносінах да нашых спартсменаў. Мы бачылі падобныя скачкі ў прадстаўнікоў іншых краін, і адзнакі вельмі моцна розніліся. Ды і скачкі ў іх былі не самай высокай якасці. Паўтаруся, што, на жаль, судзейскі фактар у фрыстайле вельмі суб'ектыўны. Так, сярод суддзяў геаграфічная разнастайнасць ёсць, але не буду канкрэтызаваць. Каму трэба — паглядзіць у інтэрнэце. Там усе сцягі і асобы вядомыя. Я ж як кіраўнік магу толькі абурыцца і зрабіць пэўныя высновы па сістэме судзейства».

Спартыўны чыноўнік абяцае пры гэтым «так проста сістэму судзейства не пакінуць».

У той жа час славуты трэнер Мікалай Казека, якога пасля 2020 года адхілілі ад працы, мае адносна выступлення Гуськовай і судзейства на Алімпіядзе іншую думку:

«Ганна выступіла годна. Была дапушчаная грубая памылка ў размеркаванні скачкоў. Менавіта гэта і не дазволіла Ганне трапіць у шасцёрку [удзельніц другога фіналу] і змагацца за медалі.

Яе другі скачок [у першым фінале] павінен быў ісці першым. Тады б яна была ў барацьбе за медалі. Другі скачок у яе быў больш складаны, за яго яна атрымала больш за 100 балаў, а за [больш лёгкі] першы — усяго 86,44.

На жаль, яна прывезла ў Італію тую самую праграму, з якой яна стала алімпійскай чэмпіёнкай у 2018 годзе і срэбранай прызёркай Алімпіяды ў 2022-м. Яна не ўскладнілася. Хоць усе магчымасці ў яе былі. Мы ў Мінску валодаем найлепшай у свеце базай па падрыхтоўцы фрыстайлістаў […]

Тэхнічна Гуськова знаходзілася на сваім узроўні. Вядома, не прасунулася наперад, але ўсё ж такі ўзровень быў нядрэнны. Я ўпэўнены, што другі скачок [першага фіналу ў выпадку выканання яго першым] прывёў бы яе да барацьбы за медалі. Быў тактычны промах».

Што да судзейства, то тут Казека катэгарычны:

«У мяне прэтэнзій няма. Мне здаецца, што ў гэтым плане ўсё было нармальна».

Пры гэтым ён адзначыў таксама, што ў Ганны Гуськовай цяпер вельмі сур'ёзна хворая маці, і гэта на яе магло таксама ціснуць.

Што ж тычыцца дзвюх іншых беларускіх удзельніц гэтай Алімпіяды, Ганны Дзяругі і Анастасіі Андрыянавай, то тут Мікалай Казека кажа так:

«Па-першае, нагадаю, што яны нават не адабраліся на Алімпіяду. Іх уключылі ў апошні момант. Па-другое, яны яшчэ не гатовыя да больш складаных скачкоў. Нават тыя не вельмі складаныя скачкі [з каэфіцыентам максімум 3,150], якія яны рабілі, былі выкананыя не вельмі якасна. [22-гадовая] Дзяруга і [21-гадовая] Андрыянава ўжо ў такім узросце, што павінны паказваць вынікі, але іх няма».

Ад адказу на пытанне, ці адбываецца так праз ягонае адхіленне ад працы са зборнай, Казека з усмешкай устрымаўся.

Нагадаем, што золата ў гэтай дысцыпліне выйграла кітаянка Сю Мінтаа (112,9), у аўстралійкі Дэніэл Скот — срэбра (102,17), у кітаянкі Ксі Шаа — бронза (101,9).

Трэніруе аўстралійку, якая заваявала срэбра, дарэчы, беларус Дзмітрый Дашчынскі — бронзавы прызёр Алімпіяды ў Нагана 1998 года і срэбраны — Турына 2006-га. Таму ў гэтай узнагародзе ёсць таксама ўплыў славутай беларускай школы лыжнай акрабатыкі.

Пачынаючы з 1998 года беларускія фрыстайлісты прывозілі медалі з усіх Алімпіядаў, у тым ліку у 2010, 2014 і 2018 гадах залатыя. Гэтая Алімпіяда стала першай без узнагарод за амаль 30 гадоў.

Каментары4

  • страна для спорта
    19.02.2026
    Ну что лукашисты, довольны? Единственное что плюс минус работало и приносило результат, и то умудрились добить
  • 3% у міня
    19.02.2026
    А как эці, ну как іх, забыл, а Тозік с Козікам, что скажут ?
  • Žvir
    19.02.2026
    Nikolki nie sumniajusia, što našym tam pryhatavali samy "cioply" pryjom, dzie tolki mahčyma.

    Hetaha tre bylo čakac, i ciapier nie zdziūliacca, dobra, što ūvohule patrapili na toje mierapryjemstva. Nie tamu dobra, što sport, i tra-la-la (u ciapierašnich varunkach heta pir u čas čumy, jaki nielha bylo pravodzic, bo amaralna), a tamu, što niejak dy ūsprymajuc.

Цяпер чытаюць

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы19

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску заўважылі велізарны кібер-уседарожнік, які ўмее разварочвацца як танк7

Астэроід, які знішчыў дыназаўраў, мог выклікаць пажары па ўсёй планеце1

Пякарня Brioche закрывае сваю ўстанову ў Новай Баравой1

У Маскве беларус на спорткары заляцеў на лесвіцу, якая вядзе ў падземны пераход метро1

Патрыярх Кірыл выдаў кнігу пра «метафізіку вайны», у якой пераможцаў вызначае Бог16

У Кіеве мужчына зарэзаў доктарку падчас праходжання вайскова-лекарскай камісіі3

У Мінкульце расказалі, якія палацы і сядзібы будуць аднаўляць найбліжэйшым часам2

Украіна страціла знішчальнік F-16, пілот катапультаваўся1

У Францыі ў кватэры жанчыны знайшлі парэшткі пяці немаўлят2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы19

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць