Навука і тэхналогіі1010

Эгаістычная храмасома ледзь не вынішчыла людзей тысячагоддзі таму. Падобна, яна вярнулася — у мармонскі штат Юта

Калі вывучаць не гісторыю міграцый, а структуру нашай ДНК, высвятляецца, што чалавецтва магло вымерці яшчэ пяцьдзясят тысяч гадоў таму з-за ўнутранай малекулярнай вайны паміж мужчынскімі і жаночымі храмасомамі, праз якую сталі нараджацца толькі мужчыны. І, мяркуючы па новых даных генетыкаў, эгаістычная Y-храмасома з'явілася зноў.

Маладыя місіянеры Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён з Кнігай Мармона. Ілюстрацыйнае фота

У канцы лютага 2026 года на старонках аўтарытэтнага часопіса Science выйшаў артыкул даследчыкаў Аляксандра Плата і Даніэля Харыса. Навукоўцы спрабавалі патлумачыць вядомы генетычны парадокс: у нашых Х-храмасомах слядоў неандэртальскай ДНК у чатыры-пяць разоў менш, чым на іншых, звычайных храмасомах (аўтасомах). Пры гэтым у саміх неандэртальцаў, наадварот, назіраецца лішак чалавечай ДНК, які дастаўся ім ад яшчэ больш ранніх кантактаў, што адбыліся каля 250 тысяч гадоў таму.

Аўтары публікацыі прапанавалі даволі простае дэмаграфічнае тлумачэнне. На іх думку, такі перакос узнік з-за таго, што скрыжаванне двух відаў ішло пераважна па адной лініі:

мужчыны-неандэртальцы ўступалі ў сувязь з жанчынамі сучаснага тыпу. Паколькі бацька перадае сыну толькі Y-храмасому, а Х-храмасому сын заўсёды атрымлівае ад маці, такі шлюбны дысбаланс нібыта і прывёў да дэфіцыту неандэртальскіх Х-храмасом у сучаснай папуляцыі.

Аднак шэраг эвалюцыйных біёлагаў лічыць такі падыход занадта спрошчаным. Каб знізіць долю неандэртальскай ДНК на Х-храмасоме ажно ў пяць разоў у параўнанні з аўтасомамі, адных толькі шлюбных пераваг ці сацыяльнай структуры недастаткова.

Тут дзейнічаў значна больш магутны механізм — жорсткі натуральны адбор, які літаральна вычышчаў неандэртальскія гены з нашага геному праз іх біялагічную несумяшчальнасць у ключавых працэсах выжывання.

Механіка эгаістычнай храмасомы

Каб зразумець сапраўдную прычыну чысціні нашай Х-храмасомы, трэба зірнуць на працэс стварэння палавых клетак (сперматагенез).

У норме Х і Y-храмасомы маюць роўныя шанцы трапіць у народжанае дзіця, забяспечваючы баланс палоў 50 на 50. Але часам у прыродзе ўзнікае з'ява, якую біёлагі называюць «храмасомным драйвам» або ўнутрыгеномным канфліктам.

Сутнасць яго ў тым, што ў выніку мутацыі з'яўляецца эгаістычная, таксічная Y-храмасома. Яна пачынае выпрацоўваць бялкі, якія фізічна знішчаюць або паралізуюць суседнія сперматазоіды, што нясуць Х-храмасому.

Паколькі клеткі-папярэднікі сперматазоідаў звязаныя паміж сабой цытаплазматычнымі масткамі, таксін лёгка распаўсюджваецца і забівае канкурэнтаў.

Мужчына з такой Y-храмасомай пачынае пладзіць выключна сыноў. Для яго асабістай генетычнай лініі гэта кароткачасовы поспех, але для папуляцыі — катастрофа, бо з кожным пакаленнем колькасць жанчын імкліва скарачаецца, што вядзе да вымірання віду.

Генетычныя даныя сведчаць, што нашы продкі сутыкнуліся з падобнай таксічнай Y-храмасомай неўзабаве пасля выхаду з Афрыкі, каля 50‑70 тысяч гадоў таму. Выратаванне прыйшло ў выглядзе новай мутацыі на Х-храмасоме, якая спрацавала як малекулярнае проціяддзе супраць Y-таксіну. Гэтая абароненая Х-храмасома пачала імкліва распаўсюджвацца, ратуючы баланс палоў. Сляды гэтага магутнага адбору дагэтуль бачныя: каля адзінаццаці працэнтаў даўжыні Х-храмасомы ў сучасных жыхароў Еўразіі нясуць адбіткі той старажытнай генетычнай зачысткі.

Малекулярны фільтр для неандэртальцаў

Менавіта гэты механізм ставіць кропку ў пытанні, чаму ў нас так мала неандэртальскіх генаў на Х-храмасоме. Калі нашы продкі сустрэліся з неандэртальцамі каля 47 тысяч гадоў таму, эвалюцыйная вайна паміж нашымі Х і Y-храмасомамі была ў самым разгары.

Рэканструкцыя выгляду мужчыны-неандэртальца

Неандэртальскія Х-храмасомы, якія траплялі ў геном гібрыдных дзяцей, проста не мелі патрэбнага малекулярнага проціяддзя супраць чалавечай эгаістычнай Y-храмасомы.

У выніку мужчыны-гібрыды, якія атрымлівалі неандэртальскую Х-храмасому, сутыкаліся з сур'ёзнымі праблемамі з фертыльнасцю альбо давалі рэзка незбалансаванае патомства. Натуральны адбор бязлітасна выкрэсліваў такія лініі з генафонду.

Неандэртальская ДНК змагла замацавацца толькі на тых участках нашай Х-храмасомы, якія не былі задзейнічаныя ў абароне ад храмасомнага драйву.

Таму сёння мы бачым не вынік рамантычных пераваг старажытных людзей, а вынік дзеяння малекулярнага фільтра, які прапусціў толькі сумяшчальныя гены.

Вяртанне эгаістычнай храмасомы?

Гэтыя малекулярныя войны маглі б лічыцца выключна справай дагістарычнага мінулага, аднак 23 лютага 2026 года на партале bioRxiv з'явіўся прэпрынт даследавання навукоўцаў з Універсітэта Юты, які пераносіць праблему ў наш час.

Каманда пад кіраўніцтвам Джэймса Болдуіна-Браўна вырашыла праверыць, ці існуюць эгаістычныя храмасомы ў сучасных людзей. Для гэтага яны выкарысталі ўнікальны рэсурс — дэмаграфічную базу даных мармонаў Юты, якая змяшчае інфармацыю пра больш чым 76 тысяч чалавек са строга задакументаванымі радаводамі.

Жаночая і мужчынская частка знакамітага хора Мармонскай Скініі ў Солт-Лэйк-Сіці, сталіцы штата Юта. Калі ў штаце сапраўды з'явілася эгаістычная Y-храмасома, то гэты гендарны баланс можа істотна парушыцца ў наступныя пакаленні

Мармоны (вернікі Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён) вядуць падрабязныя радаводы перш за ўсё праз свае рэлігійныя перакананні, звязаныя з выратаваннем продкаў і вечнасцю сям'і. Мармоны вераць, што людзі, якія памерлі, не пазнаўшы іх вучэння, павінны мець шанс на выратаванне. Жывыя члены царквы праходзяць абрад хросту за сваіх памерлых сваякоў («хрост за мёртвых»), каб тыя ў замагільным свеце маглі прыняць або адхіліць гэтую веру.

Дзякуючы гэтай рэлігійнай руплівасці, мармоны стварылі FamilySearch — найбуйнейшую ў свеце генеалагічную базу даных, якая месціцца ў спецыяльным сховішчы ўнутры Гранітнай гары (штат Юта, ЗША). Гэтыя рэсурсы, дзе ёсць у тым ліку і сканы метрычных кніг з беларускіх архіваў, адкрыты і для людзей іншых веравызнанняў, якія проста хочуць вывучыць свае карані.

Выкарыстаўшы складаныя баесаўскія алгарытмы, даследчыкі прааналізавалі статыстыку нараджэнняў і выявілі адну сям'ю, чыя дэмаграфія ламае законы верагоднасці. На працягу сямі пакаленняў па мужчынскай лініі ў гэтым клане нарадзілася 60 хлопчыкаў і толькі 29 дзяўчынак.

Прапорцыя два да аднаго на такой доўгай дыстанцыі і пры такой выбарцы робіць выпадковасць практычна немагчымай (статыстычная значнасць р=0.001).

Біялагічна гэта найбольш імаверны кандыдат на ролю сучаснай эгаістычнай Y-храмасомы, якая проста цяпер, у XXI стагоддзі, праводзіць малекулярную зачыстку Х-сперматазоідаў у яе носьбітаў.

Безумоўна, навукоўцы пакідаюць прастору для сацыяльнага скепсісу: паколькі першыя пакаленні гэтай сям'і жылі ў XVIII-XIX стагоддзях, дэфіцыт дзяўчынак можа быць часткова звязаны з патрыярхальнай нядбайнасцю, калі нараджэнне дачок проста горш фіксавалася ў дакументах.

Аднак калі далейшы цыталагічны аналіз спермы жывых нашчадкаў гэтай лініі пацвердзіць наяўнасць храмасомнага драйву, гэта стане першым даказаным выпадкам такой генетычнай анамаліі ў сучаснага чалавека. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Filipp
    13.03.2026
    Цёмныя людзі, не ведаюць, што чалавека стварыў Бог.
  • Суродзіч
    13.03.2026
    Прырода як бы намякае, што рэлігійныя фанатыкі ёй не патрэбныя.
  • Дачнік
    13.03.2026
    Эвалюцыйнай адзінкай з'яўляецца папуляцыя. Гібель папуляцыі прыводзіць да знікнення віда, толькі у тым выпадку, калі гэта апошняя папуляцыя. Таму загаловак я лічу неадэкватным рэальнасці.

    Прыкладам, галандцы, высадзіўшыся на Маўрыкій, могуць перабіць усіх нелятаючых дрондтаў. Амерыканцы могуць вынішчыць усіх марскіх коцікаў на Алясцы.

    А от аднаму мармону з яго "эгаістычнай" Y храмасомай, наўрад ці сьвеціць зрабіць большы унёсак у знішчэнне чалавецтва, чым адно выпрабаванне АН602 30 кастрычніка 1961-га года на мысе Сухі Нос Новай Зямлі.

    За "храмасомны драйв" дзякую. Цікава.

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе12

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Абрэзаў валасы, скінуў з балкона і працягваў збіваць. У Магілёве асудзілі мужчыну, які ледзь не забіў каханую на вачах у яе маці4

«Галодныя гульні». Заўзятары — пра спробы купіць білеты на хакейнае «Дынама»3

Орбан у размове з Пуціным параўнаў сябе з мышанём, што дапамагае Пуціну, льву15

Экіпаж «Артэміда-2» выявіў на Месяцы два новыя кратары. Адзін з іх назвалі ў гонар памерлай жонкі камандзіра місіі1

Беларускі бізнэсмен стаў уладальнікам найбуйнейшай сеткі крам Samsung у Польшчы1

Беларус хацеў падаць заяву на ДНЖ у Польшчы, але па памылцы адправіў свой пашпарт у падатковую інспекцыю1

Вандроўнік і бізнэсовец з Мінска за два дні знайшоў сабе праз сацсеткі нявесту — найбольш спадабалася дзяўчына з Расіі41

Арыштаваны грамадскі актывіст, шматдзетны бацька Віктар Яўмененка3

Расія атакавала пасажырскі аўтобус у цэнтры Нікапаля Днепрапятроўскай вобласці FPV-беспілотнікам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе12

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць