За арганізацыю ў 2020 годзе бунту ў Бабруйскай калоніі асуджанаму за наркотыкі вязню 6 разоў падаўжалі тэрмін
Свой тэрмін па наркатычным артыкуле — 7 гадоў — ён ужо адседзеў, а яму дадалі больш — 9 гадоў. Пакуль ва ўсіх тэрмін змяншаецца, у яго толькі расце.

На фоне навін пра вызваленне часткі палітвязняў Мікола Дзядок расказаў пра драматычны лёс 48‑гадовага мінчаніна Улада Вакульчыка, які знаходзіцца ў замкнёным коле судоў і ШІЗА і якога цалкам можна лічыць палітвязнем, хоць яго імя не было вядома праваабаронцам.
Мікола піша, што знаёмы з ім асабіста. Яны сустрэліся ў калоніі №9 у Горках, на прамзоне.
Нягледзячы на тое, што камунікаваць з Дзядком было небяспечна («непазбежнае ШІЗА»), ён не пабаяўся і падышоў.
Яны знайшлі агульную мову: Улад выпісваў «Новы Час», падтрымліваў пратэсты «недармаедаў» у 2017-м, «арыентаваўся ў палітыцы.»
«Усе, ці амаль усе мы ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 2020‑га на вуліцах сваіх гарадоў. Паспеў паўдзельнічаць у ёй і Улад — але ў калоніі №2 горада Бабруйска,» піша Дзядок.
Гэта магло быць тое, што арыштанты адмаўляліся выконваць каманду «адбой», ці пляскалі ў ладкі са словамі «Сыходзь!», «нават склалі самаробныя ўлёткі», сцвярджае Дзядок.
Адміністрацыя нейкі час цярпела непадпарадкаванне. Але калі стала зразумела, у які бок дзьме вецер, пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Усім удзельнікам — прафулік «экстрэмізм». Найбольш актыўным — «крытая» турма або 411‑ы артыкул.
А Улада Вакульчыка адміністрацыя прызначыла арганізатарам.
З Бабруйска яго павезлі ў ПК-1 Наваполацка. Па словах Дзядка, там ён ледзь не загінуў ад прабадной язвы страўніка. Яго выратавалі дактары Наваполацкай гарадской бальніцы. Праз 25 дзён пасля аперацыі яго пасадзілі ў ШІЗА.
Пакуты працягваліся далей — у Горках яго ванітавала крывёй, распавядае Мікола. З-за таго, што не прынялі пасляаперацыйны бандаж, утварылася грыжа, і па гэты дзень Улад знаходзіцца ў чарзе на аперацыю.
Як піша Дзядок, Вакульчыку дадавалі тэрмін шэсць разоў.
3 жніўня 2021 года ў Наваполацку праходзіць суд — дадаюць 1 год і 3 месяцы за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі» і вязуць у ПК-9 (Горкі).
16 чэрвеня 2022 года суд у Горках — дадаюць 1,5 года і вязуць у ПК-20 (Мазыр).
21 верасня 2023 года суд у Мазыры — дадаюць 2 гады і вязуць у ПК-11 (Ваўкавыск).
5 чэрвеня 2024 года — суд у Ваўкавыску. Дадаюць 1 год. Вязуць у ПК-8 (Орша).
3 студзеня 2025 года — суд у Оршы. Дадаюць 1,5 года. Зноў вязуць у Горкі.
30 кастрычніка 2025 года — суд у Горках. Дадаюць 2 гады. Зноў вязуць у Мазыр.
«Зараз Улад у мазырскім ПКТ, з якога яго перыядычна кідаюць у ШІЗА. З першапачатковых сямі яго тэрмін зараз складае 16 гадоў і 3 месяцы. Шаснаццаць гадоў! Проста ўявіце сабе, як гэта, калі ва ўсіх падчас адседкі тэрмін змяншаецца, а ў цябе — расце.
Сёння Улад, адбыўшы свае 7 гадоў па артыкуле 328, працягвае знаходзіцца ў няволі выключна за ўдзел у негвалтоўных акцыях супраціву ў Бабруйскай калоніі шэсць гадоў таму. І нават калі дапусціць, што яго 7‑гадовы тэрмін быў прызначаны законна, зараз ён сядзіць у турме як палітвязень.
Яго жыццю пагражае небяспека. Нават для маладога хлопца некалькі гадоў у ШІЗА і ПКТ — гэта найцяжэйшае выпрабаванне. Уладу ж ужо 48 гадоў», — піша Дзядок.
Каментары
"Весна", пожалуйста, не затягивайте с признанием! Наш человек погибает в застенках.
Вы навошта ў загаловак выстаўляеце мусарскую лухту? Якія наркотыкі? Навошта на чалавека вешаеце ярлык "наркамана"?
Калі ўжо дублюеце назвы артыкулаў лукашысцкага "крымінальнага кодэксу", то хаця б удакладняйце, за што менавіта чалавека пасадзілі першапачаткова: ЗА ПАРУ КУСТОЎ КАНОПЛЯЎ! І за гэтыя "наркотыкі" чалавеку далі 9 гадоў!
І гэта сыйдзе з рук адміністрацыі?!
Кім бы ён не быў - вызваляйце. Годзе з яго.