Грамадства44

Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося

Год таму «Наша Ніва» расказала гісторыю Данііла Гаркавага — беларуса, які з дзяцінства змагаецца з анкалагічнай хваробай. У 2025 годзе ў яго здарыўся чарговы рэцыдыў, і яму патрэбна была складаная аперацыя за мяжой. Грошы на лекаванне сабралі за пару дзён. Але гісторыя мела і іншы працяг.

Данііл Гаркавы. Фота з архіву героя

Мы зноў звязаліся з Даніілам, каб даведацца, як ён жыве цяпер.

«Я спыніўся, заняўся здароўем — і гэта спрацавала»

«Наша Ніва»: Данііл, год таму вы казалі, што галоўнае — спыніцца і заняцца здароўем. Удалося?

Данііл Гаркавы: Удалося. Настолькі, наколькі гэта магчыма, я вырашыў сваю праблему. Вялікі дзякуй і вам за той матэрыял, і «Байсолу» за тое, што ўвогуле адбыўся гэты збор. Патрэбную суму сабралі вельмі хутка — літаральна за два дні. Я паехаў у Германію, дзе мне зрабілі неабходную аперацыю.

Пасля я ўжо ў Літве праходзіў далейшае лячэнне, у тым ліку прамянёвую тэрапію. Усё гэта заняло шмат часу: толькі ў снежні 2025 года канчаткова зажыла скура і загаіліся ўсе траўмы, якія былі атрыманыя.

Але ў цэлым я ўспрымаю гэта як гісторыю з добрым канцом. Гэтае пытанне ўдалося закрыць — даволі хутка, з добрым вынікам і пазітыўным прагнозам. І я вельмі задаволены, што не застаўся на аперацыю ў Літве, а паехаў у Германію. Для мяне гэта сапраўды вялікае дасягненне — і вялікая падзяка ўсім людзям, якія дапамаглі сабраць гэтыя грошы.

«НН»: Што цяпер кажуць лекары? Якія прагнозы?

ДГ: У маім выпадку гэта не той тып анкалогіі, у якім можна гаварыць пра рэмісію. Гэта пухліна, якая схільная рэцыдываваць. У любой анкалогіі забівае чалавека не сама пухліна, а парушэнне працы органаў, на якія яна ўплывае. Сама па сабе пухліна — не смяротная.

У маім выпадку пухліна можа вяртацца, але яна расце павольна. Калі кантраляваць сітуацыю — гэта можна адсочваць. Іншая справа, што пры шматразовых рэцыдывах можа проста не застацца тканак, якія можна выдаліць.

Мне зрабілі вельмі радыкальную аперацыю — выдалілі вялікую частку тканін. У спалучэнні з прамянёвай тэрапіяй прагноз нямецкага анколага даволі добры, ён глядзіць на сітуацыю пазітыўна. І ў мяне таксама ёсць адчуванне, што гэта не канец жыцця. Ну, shit happens.

«НН»: Вы вельмі спакойна пра гэта кажаце. Ці былі моманты, калі здавалася, што не справіцеся?

ДГ: Думкі, вядома, былі розныя. Калі ты сутыкаешся з гэтым не ўпершыню, то рэакцыя ўжо не такая вострая, як у тых, хто чуе дыягназ упершыню. І гэта, дарэчы, тычыцца не толькі самога чалавека, але і яго блізкіх. Бо дыягназ атрымліваеш ты, ты перажываеш роспач, спрабуеш гэта неяк асэнсаваць, перажыць. Але разам з табой гэта праходзяць і людзі побач. І часам яшчэ пытанне, каму цяжэй і хто каго павінен падтрымліваць.

Я рэагую даволі спакойна, але гэта не значыць, што ўсё лёгка. Калі ў студзені мінулага года прыйшоў адказ, што гэта рэцыдыў, мяне на два дні проста выбіла з раўнавагі. І дзякуй людзям, якія былі побач: яны мяне падхапілі і фактычна два дні проста пратрымалі ў гэтым вельмі разгубленым эмацыйным стане. Потым я ўжо сабраўся, зразумеў, як дзейнічаць далей.

Я ведаю, што многія людзі шчыра баяцца анкалогіі — з ёй звязана вельмі шмат міфаў і страхаў. І тут важна не ўпасці ў крайнасці: з аднаго боку — не спужацца настолькі, каб апынуцца ў поўным бяздзеянні, з другога — не абясцэніць праблему, бо яна сапраўды можа быць вельмі сур’ёзнай.

Я стаўлюся да гэтага спакойна — гэта мой спосаб з гэтым жыць. Пакуль ён працуе, няхай працуе.

Бінты, перавязкі і жыццё вакол лячэння

«НН»: Якім было вашае жыццё пасля аперацыі?

ДГ: Па-першае, патрэбны быў час, каб зажыла скура, па-другое — трэба было прайсці прамянёвую тэрапію. На жаль, з-за таго, што плошча выдалення тканак была вельмі вялікая, рана не паспела зацягнуцца да пачатку тэрапіі, а прамянёвая тэрапія, у сваю чаргу, вельмі запавольвае гаенне.

Таму амаль паўгода я быў вымушаны кожны дзень рабіць перавязкі і, па сутнасці, перабудоўваць усё жыццё вакол лячэння і рэабілітацыі.

Цяпер я засяроджваюся на так званай мабільнай рэабілітацыі — маю на ўвазе рух і паступовае вяртанне целу яго ранейшай функцыянальнасці. Але нейкіх сур’ёзных абмежаванняў гэта не дадае: мне не трэба прымаць лекі, няма неабходнасці істотна абмяжоўваць сябе ў актыўнасцях ці ў паўсядзённым жыцці.

У мяне ёсць іншыя балячкі, як і ў любога чалавека, і, калі шчыра, менавіта яны цяпер больш уплываюць на мой лад жыцця, чым анкалогія.

«НН»: Ці паўплывала гэта на ваш псіхалагічны, унутраны стан?

ДГ: Я думаю, што ў мяне ўсё ж не самы горшы выпадак. Праўда, мая тэрапеўтка кажа, што гэтая гісторыя вельмі паўплывала на маю псіхіку. Я мог бы з ёй паспрачацца, але я ёй давяраю: калі яна гэта кажа, значыць, нешта заўважыла. Хаця і гэта таксама можна карэктаваць, і я не адчуваю, што гэта фатальна ўплывае на маё жыццё.

Мы жывём у такі час: і эміграцыя, і ўсё, што адбываецца ўнутры Беларусі — столькі розных выклікаў, што часам нават не разумееш, што перажываць цяжэй.

Калі сутыкаешся з анкалогіяй, з’яўляецца шмат пытанняў: як на гэта рэагаваць, ці варта пра гэта расказваць, ці прасіць дапамогі. Узнікае цэлы пласт разважанняў пра тое, як з гэтым жыць і што з гэтым рабіць.

Я чалавек, які шмат рэфлексуе пра сябе і сваё жыццё. Гэта патрабуе пэўных высілкаў, але і дапамагае перагледзець прыярытэты. Напрыклад, раней я працаваў у офісе Святланы Ціханоўскай, і адзіным прыярытэтам была праца. Цяпер я змяніў гэты фокус: вучуся падзяляць жыццё так, каб не толькі працаваць, але і знаходзіць рэсурс для сябе.

Святлана Ціханоўская і Данііл Гаркавы. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Гэта стратэгічна важна — каб жыць даўжэй і лепш. Анкалогія ў гэтым сэнсе таксама паказвае, хто ты ёсць: шмат у чым усё залежыць ад таго, як ты да гэтага паставішся. Ці стане гэта для цябе чарговай задачай, з якой ты нешта вынясеш, чамусьці новаму навучышся пра сябе і сваё асяроддзе.

«НН»: Вы згадалі працу ў Офісе Святланы Ціханоўскай. Вы сышлі адтуль перад пачаткам лячэння. Ці вярталася думка зноў уключыцца ў палітычную або грамадскую працу?

ДГ: Я ў пэўнай ступені і не выключаўся. Цяпер я працую з Паўлам Ліберам і ягонай камандай. Там шмат непублічных людзей, таму мы звычайна гаворым пра гэта даволі асцярожна. Але ў цэлым я застаюся ў працэсе: мы разам працуем над лічбавай платформай. Таму

я не адчуваю, што выпаў з грамадска-палітычнага жыцця. Магчыма, я ўжо не ў самым эпіцэнтры, як гэта было падчас працы ў Офісе, але дакладна не па-за ім.

З Паўлам мы знаёмыя даўно, я разумеў, чым яны займаюцца, і цікавасць далучыцца да гэтай каманды ў мяне з’явілася яшчэ раней. Проста ў нейкі момант усё склалася.

«НН»: Так, і вас разам з Паўлам уключылі ў экстрэмісцкае фармаванне «Тры сланы» (Данііл — публічны прадстаўнік гэтай платформы. — «НН»). Як вы, дарэчы, паставіліся да гэтага?

ДГ: Дзікунства. Але нічога прынцыпова новага для мяне тут няма. Я разумею, што яны проста робяць сваю «працу» — знайшлі сабе ворагаў і дзейнічаюць у гэтай логіцы.

Я не бачу сэнсу траціць на гэта шмат энергіі. Ці магу я на гэта паўплываць? Не. Ці раблю я нешта дрэннае? Тым больш не.

Тут хутчэй важна навучыцца гэта перажываць — і, напэўна, з пэўнай доляй гумару. Чорны гумар у гэтым сэнсе вельмі дапамагае.

«НН»: А над чым канкрэтна вы цяпер працуеце?

ДГ: Мы працуем над платформай, якая на самой справе распрацоўваецца ўжо даволі даўно. Гэта працяг папярэдніх ініцыятыў: калісьці была платформа «Новая Беларусь», якая пазней ператварылася ў прыкладанне «Свае». Увогуле гаворка пра развіццё цэлай інфраструктуры: ёсць «Свае», краўдфандынгавая платформа Gronka, праект «Будуй сваё». І «Тры сланы» — гэта адна з частак лічбавай Беларусі, умоўна кажучы, краіны будучыні.

Гэта пакуль пілотны прота-праект, на базе якога ў далейшым можна будзе разгортваць і дадаваць іншыя рашэнні. Калі канкрэтна, «Тры сланы» — гэта агрэгатар грамадска-палітычных арганізацый і ініцыятыў. Ад іх саміх быў запыт на такую прастору — для каардынацыі, камунікацыі, абмену інфармацыяй. І, па сутнасці, гэта і ёсць адказ на гэты запыт.

Мы ціха вывелі платформу ў публічную прастору ў пачатку года. Цяпер плануем выкарыстоўваць яе як тэхнічную аснову для выбараў у Каардынацыйную раду. Ідэя ў тым, каб гэта стала першым пунктам уваходу: калі чалавек хоча зразумець, што адбываецца ў грамадска-палітычным асяроддзі, каб ён мог проста і хутка знайсці ўсю патрэбную інфармацыю. А для арганізацый гэта магчымасць расказаць пра сябе.

«Гэта была афігенная, неймаверная гісторыя»

«НН»: Калі вам патрэбна была аперацыя, беларусы літаральна за два дні сабралі неабходную суму на яе. Як вы цяпер гэта ўспрымаеце?

ДГ: Слухайце, гэта ўвогуле афігенная, неймаверная гісторыя. Я добра памятаю, што спачатку ў мяне быў вельмі моцны ўнутраны сабатаж, каб увогуле запускаць гэты збор.

Я чакаў адказу ад адной міжнароднай арганізацыі, якая інстытуцыйна падтрымлівае актывістаў. Думаў, што яны змогуць дапамагчы, і мне не давядзецца звяртацца да людзей. Але яны не змаглі, і я разумеў, што збор рабіць усё ж давядзецца — проста доўга не мог сябе на гэта наладзіць.

У гэтай гісторыі для мяне засталося вельмі шмат дробных, але важных эпізодаў — пра тое, як у цяжкі момант цябе падтрымлівае тваё кола. Напрыклад, адна мая сяброўка літаральна кожныя некалькі дзён прыходзіла і «ела мне плеш»: «Данік, ты запоўніў заяўку на дапамогу ці не?». Такім чынам яна мяне падтрымлівала, бо бачыла, што я магу тармазіць.

Я вельмі ўдзячны «Нашай Ніве» і «Байсол» за тое, што яны ўключыліся, зрабілі гэты збор і пра гэта распавялі.

І калі ўсё гэта здарылася за два дні — гэта, канешне, было «ваў». Там столькі гісторый…

Напрыклад, мой сябар, ветэран украінскай вайны, потым расказваў, што літаральна «тэрарызаваў» «Байсол», каб яны зрабілі аўкцыён з яго баявых узнагарод і каб грошы пайшлі на мой збор. Але ён проста не паспеў — людзі ўжо ўсё сабралі.

У тыя два дні ўся мая стужка была пра мяне — рэпосцілі ўсе. Нават людзі, з якімі мы былі не надта блізка знаёмыя.

І яшчэ была вельмі моцная гісторыя. Увогуле мая анкалогія пачалася з таго, што ў школе мяне ўдарыў аднакласнік. І цяпер, праз столькі гадоў ён недзе знайшоў маю «целегу» і напісаў: «Прывет, гэта я. Я не ведаў, што так здарылася». І папрасіў прабачэння.

Для мяне гэта быў вельмі моцны, мужны ўчынак. Я ж нідзе не называў ні яго імя, ні прозвішча — ён мог проста нічога не рабіць. Але ён знайшоў мяне і напісаў.

І ў нейкі момант ты разумееш, што гэтая гісторыя не толькі пра грошы. Не толькі пра тое, што беларусы талакой сабралі патрэбную суму. Гэта пра людзей.

Бо нематэрыяльна дапамагаць вельмі складана — часта проста не разумееш, як гэта зрабіць. І тое, што людзі ўсё ж знаходзілі спосабы — пісалі, падтрымлівалі, рабілі такія ўчынкі — гэта, канешне, суперкласная гісторыя.

Даніла Гаркавы. Фота: daniil.garkavy / Facebook

«Мне патрэбны сабака»

«НН»: А чым вы цяпер жывяце, акрамя працы? Што вас цікавіць?

ДГ: Я, у прынцыпе, проста жыву жыццё. Ёсць праца з Паўлам, ёсць мой камерцыйны праект. Мне вельмі цікавая ІТ-сфера, я хачу ў ёй развівацца.

З такіх простых, чалавечых рэчаў — думаю пра тое, каб завесці сабаку. Вельмі люблю сабак.

Пра камерцыйны праект я пакуль не гатовы гаварыць — з меркаванняў бяспекі. Нават калі ты не ў Беларусі, не варта цешыць сябе ілюзіямі, што мы ўсе тут цалкам у бяспецы.

«НН»: Ці будуеце вы планы на будучыню? 

ДГ: Мой план даволі просты: навучыцца балансаваць паміж рознымі часткамі жыцця. Ёсць гуманітарна-палітычная дзейнасць — я ўвогуле больш успрымаю сябе як грамадскага актывіста — і ёсць камерцыйны бок. І я хачу навучыцца спалучаць гэта так, каб у жыцці было месца для ўсяго.

Жыць жыццё, заўважаць добрыя моманты, больш канцэнтравацца на пазітыве. Адчуваць, што адбываецца вакол — людзей, падзеі, саму жыццёвую тканіну.

Ну і так, сабака — гэта асобная гісторыя. У нейкім сэнсе гэта маё маленькае памяшанне. Мне проста патрэбны сабака.

«Хачу, каб падтрымка і магчымасці сталі нормай»

«НН»: Што б вы сказалі людзям, якія даведаліся пра свой анкалагічны дыягназ?

ДГ: Гэта сапраўды вельмі складанае пытанне. І, напэўна, тут няма нейкіх універсальных парадаў.

Першае — важна навучыцца разумець сябе, каб быць больш устойлівым. І калі ўжо гаворка пра анкалогію, то — не пужацца. Ёсць такое адчуванне, што анкалогія — гэта адразу смерць. Гэта можа быць так, але гэта не гарантывана. Медыцынскія пратаколы пастаянна змяняюцца, шмат што сёння лечыцца. Таму вельмі важна не ставіць на сабе крыж.

Другое — анкалогія не заўсёды настолькі дарагая, як мы прывыклі думаць. Ёсць розныя варыянты, і часам яны больш даступныя, чым здаецца.

Трэцяе — калі вы знаходзіцеся па-за межамі Беларусі, шукайце магчымасці, размаўляйце з людзьмі, не саромейцеся казаць пра сваю сітуацыю. Чым больш людзей будуць ведаць, тым большая верагоднасць, што знойдзецца нейкае эфектыўнае рашэнне.

І важна ставіцца да ўсяго крытычна: я, напрыклад, давяраю толькі доказнай медыцыне.

Трэба глядзець, што з’яўляецца новага, разглядаць магчымасці кансультацый і лячэння ў іншых краінах. Гэта часта прасцей, чым здаецца. Зараз у большасці клінік ёсць сайты, і нават без ведання мовы можна камунікаваць — з дапамогай штучнага інтэлекту, перакладчыкаў. Я, напрыклад, так і рабіў са сваёй нямецкай клінікай.

І, напэўна, самае галоўнае — знаходзіць спосабы падтрымліваць сябе і не губляцца. І не баяцца жыць пасля гэтага.

«НН»: Вы сказалі шукаць магчымасці па-за межамі Беларусі. А як унутры краіны? 

ДГ: У Беларусі медыцына, на жаль, часта працуе не дзякуючы, а насуперак. Яна ў цэлым неблагая, але ёсць складанасці з тым, як будуецца камунікацыя, як людзі паводзяць сябе, як яны эмацыйна ўключаюцца ў працэс.

У Германіі, напрыклад, мне давалі спецыяльны матэрыял, каб не было балюча адклейваць пластыры. І я на гэта глядзеў проста з шырока раскрытымі вачамі.

Вельмі хочацца верыць, што і ў Беларусі такія рэчы стануць нормай. І ўвогуле — што ў нашым грамадстве нормай стануць і падтрымка, і магчымасці.

Каментары4

  • Пачакай у іншым месцы
    02.05.2026
    Чакаем, иди-ка ты подожди куда подальше в другое место
  • Загуглю замест вас, ок
    02.05.2026
    Чакаем, ну дык загугліце, у чым справа? Гэта была падстава, ніякі офіс насамрэч у гэтым не прымаў удзелу
  • Лепш зачатджыпіці сумленне
    02.05.2026
    Загуглю замест вас, ок, навошта вы хлусіце? Вядомыя ж імя і прозвішчы падстаўленых людзей, за маўчанне якіх была сплочана “кампенсацыя”. Яны з часам усё назавуць, бо скалечаныя лёчы і смерці грашамі не заткнеш.

Цяпер чытаюць

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет8

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну61

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі6

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет8

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць