Культура

У Обалі закансервуюць руіны палаца Грабніцкіх

Улады Шумілінскага раёна выдзелілі грошы на супрацьаварыйную кансервацыю рэшткаў сядзібнага дома Грабніцкіх у Обалі. За часы незалежнасці і дзяржаўнай аховы шляхецкая сядзіба ператварылася ў руіны. 

Галоўны фасад палаца Грабніцкіх у Обалі. Фота: Wikimedia Commons

Працэс фізічнага ратавання аб'екта, які дзесяцігоддзямі стаяў занядбаным, пачаўся не сёння. Работы па кансервацыі марудна ідуць ужо некалькі гадоў. На працягу 2024—2025 гадоў з бюджэту выдзелілі 12 тысяч рублёў. За гэтыя невялікія грошы выдалілі дрэвы і хмызнякі, што ўраслі ўнутр будынка і раздзіралі муры каранямі, разабралі найбольш хісткія элементы і сапсаваныя бэлькі.

На новы, больш маштабны этап кансервацыі звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына». Згодна з афіцыйнай заяўкай, Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Шумілінскага раёна выдзеліў на кансервацыю 50 тысяч рублёў з мясцовага бюджэту. 

Развалы цэглы ўнутры сядзібы. Фота: Wikimedia Commons

Гаворка ідзе выключна пра выратаванне ацалелых муроў ад канчатковага абвальвання. У ліпені будаўнікі павінны дэмантаваць найбольш хісткія фрагменты цаглянага мура і рэшткі скляпенняў, пасля чаго вывезці з тэрыторыі каля 16 тон друзу. Над сценамі паставяць драўляныя шчыты, пакрытыя прафіляваным металічным лістом, якія мусяць абараніць цагляны мур ад разбуральнага ўздзеяння ападкаў.

Паводле польскага даследчыка Рамана Афтаназы палац у Обалі быў закладзены Юзафам Грабніцкім, шамбялянам караля Станіслава Аўгуста.

Сам шляхецкі род валодаў гэтымі землямі з 1615 года, калі Ганна Грабніцкая набыла іх у Ветрынскіх. Эпоха Грабніцкіх скончылася ў 1886 годзе з продажам маёнтка фон Даненштэрну, а апошнім уладальнікам стаў Юлій фон Амбургер, які пераважна жыў у Пецярбургу, выкарыстоўваючы палац як летнюю рэзідэнцыю.

Паркавы фасад палаца з манументальным порцікам на цокальнай аркадзе. Фота: shumilino.by

Цагляны двухпавярховы будынак першапачаткова быў накрыты гонтавым дахам. Галоўны фасад дагэтуль вылучаецца масіўным порцікам на чатырох калонах, з паўкруглым акном у франтоне і балконам з прыгожай чыгуннай агароджай. З боку ракі круты рэльеф вымусіў архітэктара стварыць высокі цокальны паверх з аркадай, ад якой пачынаўся сад, што плаўна спускаўся да вады. Унутраная планіроўка была класічнай з размяшчэннем пакояў у два паралельныя шэрагі ўздоўж восі будынка, з шырокім вестыбюлем і вялікім салонам, адкуль можна было выйсці на тэрасу.

Палац Грабніцкіх пачаў ператварацца ў руіну пасля рэвалюцыі. Як адзначаюць даследчыкі архітэктуры Галіна Захаркіна і Анатоль Давідовіч са спасылкай на акт Полацкай павятовай камісіі па ахове помнікаў ад 1920 года, ужо тады будынак меў істотныя пашкоджанні. Камісія зафіксавала выламаныя дзверы і вокны, абдзёртыя дарагія шпалеры, па-барбарску разбітыя мастацкія печы і каміны ў стылі ампір.

Обальская сядзіба ў 1930‑я гады. Фота: shumilino.by

Далейшы лёс будынка быў тыповым для такіх аб'ектаў: спачатку тут размясцілася школа для сялянскай моладзі, у гады нямецкай акупацыі — шпіталь, пасля вайны — дзіцячы дом, і нарэшце — інтэрнат Обальскага керамічнага завода.

Пасля таго як заводскі інтэрнат адсялілі, будынак застаўся цалкам безабаронным. Каб уратаваць хаця б каменных ільвоў каля ўвахода, у сярэдзіне 1980‑х іх вывезлі на тэрыторыю завода. У другой палове 1990‑х гадоў пакінуты палац выгарэў: агонь знішчыў дах і драўляныя перакрыцці. Пасля гэтага да справы ўзяліся мясцовыя жыхары, якія пачалі метадычна разбіраць муры з трывалай дарэвалюцыйнай цэглы для сваіх гаспадарчых патрэб. 

Расчышчаная тэрыторыя ўнутры сядзібнага дома. Фота: shumilino.by

Падчас нядаўняй расчысткі руінаў высветлілася, што будаўнікі ў XVIII-XIX стагоддзях выкарыстоўвалі для вонкавых сцен якасную трывалую цэглу, а вось унутраныя сцены дзеля эканоміі выкладвалі з таннай недапаленай цэглы. Застаўшыся без даху, пад уздзеяннем дажджоў і снегу гэтая эканомія вылезла бокам — сцены пачалі літаральна ператварацца ў гліну. Рабочыя пастараліся адабраць і адсартаваць якасную цэглу з разабраных фрагментаў, каб выкарыстаць яе ў далейшых работах.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі з партнёрам5

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі з партнёрам

Усе навіны →
Усе навіны

40‑гадовая мінчанка Наста шукае мужчыну. Галоўнае патрабаванне — каб умеў касіць19

Гомельскі аўтапарк адмяніў нядаўна ўведзеныя рэйсы ў Навазыбкаў на Браншчыне1

У Беларусі закрылі праект па ўстаноўцы «бутэлькаматаў». Гэта была ўжо не першая спроба6

«Цяпер баюся ездзіць там з грашыма». Пад Мінскам вядзецца незвычайны гандаль4

Гістарычны фестываль «Наш Грунвальд» сёлета адмянілі1

«Даў знаёмаму тэлефон на 10 хвілін». Як на мінчука яго знаёмы аформіў пяць пазык на вялікую суму7

Пенсіянер з Гомеля паверыў махлярам, прадаў кватэру, набраў пазык і аддаў грошы3

У Калінінградзе наладзілі выпуск падробленых люксавых BMW2

Уладальнік Ford аказаўся вінаватым у аварыі з Porsche Cayenne. Колькі ён павінен выплаціць за рамонт, хоць страхоўка і была8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі з партнёрам5

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі з партнёрам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць