У Кеніі навукоўцы ўпершыню за больш як пяць гадоў зафіксавалі на фотапасткі горных бонга — рэдкіх антылоп, якіх называюць «прывідам лесу» з-за іх утойлівага ладу жыцця і здольнасці заставацца незаўважанымі ў густых лясах, паведамляе Iflscience.com.

Раней лічылася, што гэтыя жывёлы зніклі з рэгіёна Маасаі-Мау і захаваліся толькі ў гарах Абердэр. Прычынай рэзкага скарачэння іх колькасці сталі браканьерства і знішчэнне натуральнага асяроддзя пражывання. Сёння горны бонга знаходзіцца на мяжы знікнення.
Каб ацаніць стан папуляцыі, навукоўцы і прыродаахоўнікі паставілі сетку фотапастак у розных лясных раёнах, у тым ліку прыкладна за 200 кіламетраў ад Абердэрскіх гор. Атрыманая знаходка стала сапраўднай сенсацыяй: камеры зафіксавалі некалькіх бонга ў аддаленым фрагменце лесу Маасаі-Мау.
Па словах спецыялістаў, адзін з гэтых самцоў, магчыма, ужо трапляў на вочы даследчыкам яшчэ ў 2018 годзе, але толькі цяпер удалося атрымаць дакументальнае пацвярджэнне яго прысутнасці.
Прыродаахоўнікі адзначаюць, што гэта адкрыццё дае новую надзею на выратаванне віду. Паводле апошніх ацэнак, у дзікай прыродзе засталося менш за 40 горных бонга. Таму цяпер распрацоўваюцца дадатковыя меры аховы лясоў, дзе былі заўважаныя гэтыя жывёлы.
Часткай праграмы па захаванні віду таксама стала развядзенне бонга ў заапарках з наступным выпусканнем у дзікую прыроду. Спецыялісты спадзяюцца, што гэта дапаможа павялічыць колькасць жывёл і захаваць іх генетычную разнастайнасць.
На думку даследчыкаў, вяртанне «прывіда лесу» ў Маасаі-Мау сведчыць пра тое, што нават вельмі рэдкія віды могуць захоўвацца ў прыродзе значна даўжэй, чым меркавалася. Яны падкрэсліваюць, што знікненне гэтай незвычайнай антылопы стала б вялікай стратай для ўсёй сусветнай прыроднай спадчыны.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары