Грамадства33

Севярынец расказаў, як улетку 2020 года на Акрэсціна супрацоўнікі ізалятара перадавалі яму сала і ваду

«Ліпень 2020 на Акрэсціна. Сілавікі «пасыпаліся», стукачы — не», — напісаў у сваім фэйсбуку экс-палітвязень, які адсядзеў за кратамі з чэрвеня 2020 па снежань 2025 года.

«Напрыканцы ліпеня 2020 года ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна пачалі адбывацца неверагодныя рэчы.

У суседні са мной карцар перыядычна, на некалькі сутак, траплялі палітычныя, затрыманыя на акцыях пратэсту. Пачаў размаўляць з імі праз вентыляцыю і трубу ўмывальніка (без вады сухая, гук выдатны) — і даведаўся, што на волі б'юцца з АМАПам, што ў гарадах Беларусі тысячы людзей выходзяць на вуліцы, а на плошчы Бангалор прайшоў 60‑тысячны мітынг у падтрымку Ціханоўскай, дзе выступала мая Воля.

Дык вось, розныя супрацоўнікі ізалятара падчас абеду моўчкі пачалі перадаваць мне ў шлёмках ад суседа кавалкі сала і цукеркі, загорнутыя ў свежую старонку «Беларускай газеты» з адпаведнымі навінамі. Трэба сказаць, рызыкавалі галавой.

Добрая змена, якая цішком соўгала мне ў кармушку ваду ў паўлітровых пластыкавых бутэльках, падчас адной з вечаровых праверак гэтак жа моўчкі зацягнула ў камеру поўны пяцілітровік. Праўда, параскашаваць я не паспеў — наступная, ранішняя праверка з лаянкай ваду вынесла.

— Кто передал? Кто разрешіл?!

Ну, думаю, накрылася мая добрая змена. Пазвальняюць. Аж не. Прыходзяць назаўтра, падміргваюць. Значыць, і тыя, хто лаяўся, начальству ня здалі. Альбо начальства махнула рукой — маўляў, не да таго.

На пяцьдзясят шосты дзень пасля затрымання (!) мяне нарэшце вывелі ў душ. Прычым зрабіў гэта грамадзянін начальнік ізалятара асабіста, у суправаджэнні ўсяго аднаго канвойнага.

— Может, станок дать, побреетесь? (а ў мяне амаль двухмесяцовая барада).

Ага. Калі раптам што, хочуць зрабіць выгляд, што трымалі тут у добрых умовах. Ну, думаю, забегалі, таварышы. Ня ведаюць, як абернецца. Пачынаюць хістацца. Яшчэ трохі ціскануць — і пасыплюцца палкоўнікі з генераламі. 

Галіцца адмовіўся. Вырашыў, выйду, як Фідэль Кастра.

— Как хотіте, — любезна паціснуў плячыма начальнік. — Вам так тоже ідёт.

(Уявіце сабе такі дыялог сёння на Калядзічах ці ў Шклове, сябры палітычныя. Што?! Ня будзеш галіцца?! Галаву б адарвалі разам з той барадой.)

Нарэшце, падчас аднаго з «судоў» (а мяне працягвалі раз за разам адпраўляць на «суткі») адзін з канвойных шэптам перасцярог, што крымінальнікі ў камерах з вадой, да якіх мяне пераводзяць раз на тыдзень, стучаць на адміністрацыю.

Словам, на пачатак жніўня знутры сістэмы былі ўсе прыкметы класічнага хістання сілавікоў перад вырашальнымі падзеямі. Як напісана ў Бібліі — «і бесы веруюць, і трымцяць».

Адзінае месца сістэмы, якое трымалася непарушна — гэта аказаліся стукачы. Яны па-ранейшаму спраўна «прабівалі» і «раскручвалі», правакавалі ды дакладвалі, хаця і ўяўлялі, што адбываецца на волі. 

Ніводнага «праколу» ані ў ліпені, ані нават у жніўні сярод стукачоў я не заўважыў. Яшчэ тады згадаў Салжаніцына, які гэтую пароду дасканала ведаў і апісваў. Калі сілавікі ў вырашальны момант маглі перайсці на бок народа і спадзявацца на амністыю — стукачы ведалі, што ім літасці ня будзе.

У 2020‑ым сістэма шмат у чым утрымалася на операддзелах і сетках стукачоў. Кожны сілавік ведаў: зробіць па праўдзе — здадуць і з'ядуць стукач ды опер.

Падрабязна пра стукачоў, з якімі апынуўся ў камеры ў пачатку жніўня 2020 года — наступным разам», — напісаў Павел Севярынец.

Каментары3

  • Жоўтая бірка
    15.06.2026
    Опер, стукач ды яшчэ амон - аснова рэжыму, стоадсоткава. Улетку 2020 большасць сілавікоў ня ведалі, чыя возьме, і рабілі такія рэчы. Сам бачыў. А вось апера, стукачы і амон - гэтая банда ўсё і вырашыла. Але ж будзе суд!
  • Брось
    15.06.2026
    A мене нет
  • политзек
    16.06.2026
    Жоўтая бірка, нам и в 23 в хату вертухаи запрет передавали с воли,я сам заносил в хату прикинь после выхода в норм смену купить и чай арестантам

Цяпер чытаюць

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы28

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Польскія ВПС падымалі знішчальнікі, у польскім Любліне гучалі сірэны паветранай трывогі1

На тэрыторыі былой Валадаркі ўжо знеслі 17 пабудоў2

УСУ атакавалі склад Wildberries у Пензе, ёсць пацярпелы

Статкевіч змадэляваў падзеі, што могуць разгарнуцца ў Беларусі ўвосень18

Прамое траплянне «Іскандэра» ў дом пад Крывым Рогам: шэсць загінулых, сярод іх дзеці2

На якім баку насамрэч лепш спаць?3

«Зараз наша чарга». ЗША аднавілі ўдары па Іране

У Мінску заўважылі велізарны кібер-уседарожнік, які ўмее разварочвацца як танк7

Астэроід, які знішчыў дыназаўраў, мог выклікаць пажары па ўсёй планеце1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы28

«Што, грохнуць дзяцей Ціханоўскай, каб звярнулі ўвагу на маю праблему?» Як тупы каментар актывіста Дзяніса Дашкевіча стварыў яму праблемы ў Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць