Свет22

Украіна створыць Нацыянальны пантэон у Кіева-Пячэрскай лаўры. Чым ён будзе адрознівацца ад афіцыёзнага пантэона ў Беларусі?

Ва Украіне афіцыйна вызначыліся з месцам і правіламі стварэння Нацыянальнага пантэона — галоўнага мемарыяла, дзе спачнуць найвыдатнейшыя гістарычныя постаці дзяржавы. Яго фарміраванне кардынальна адрозніваецца ад таго, што робяць з нацыянальнай памяццю сёння ў Беларусі.

Кіева-Пячэрская лаўра ў Кіеве стане месцам размяшчэння Нацыянальнага пантэона Украіны. Фота: Wikimedia Commons

Рашэнне аб стварэнні Нацыянальнага пантэона ва Украіне абмяркоўвалася амаль 30 гадоў. 1 ліпеня 2026 года Вярхоўная Рада канчаткова ўхваліла адпаведны закон, а неўзабаве Кабінет міністраў вызначыў і месца для будучага мемарыяла.

Як паведамляе выданне «РБК-Украіна», ён размесціцца ў цэнтры Кіева, на тэрыторыі Нацыянальнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра».

Украінскі падыход грунтуецца на празрыстай працэдуры. Закон дакладна вызначае, хто можа быць ушанаваны ў Пантэоне: гэта кіраўнікі дзяржаў эпохі Русі, Рускага каралеўства, Казацкай дзяржавы, УНР і ЗУНР, Карпацкай Украіны, а таксама прэзідэнты сучаснай Украіны.

Акрамя таго, там знойдуць спачын галоўнакамандуючыя войскамі, нобелеўскія лаўрэаты і выдатныя дзеячы культуры, навукі і мастацтва.

Пры гэтым закон прама забараняе ўключаць у Пантэон асоб, асуджаных за злачынствы супраць чалавецтва, а таксама тых, хто падпадае пад законы аб дэкамунізацыі і дэкаланізацыі.

Украінскі інстытут нацыянальнай памяці (УІНП) разам з МЗС пачаў працу па верыфікацыі гістарычных постацяў, чые парэшткі сёння знаходзяцца за мяжой. Аблічча самога комплексу ў Лаўры будзе вызначана праз адкрыты архітэктурны конкурс.

Польскі фактар

Працэс стварэння ўкраінскага Пантэона суправаджаецца міжнароднымі дыскусіямі. Як адзначае ВВС News Украіна, ініцыятыва выклікала рэзкую рэакцыю ў Польшчы. Прычынай стала гіпатэтычная магчымасць уключэння ў Пантэон кіраўнікоў УПА — Сцяпана Бандэры, Рамана Шухевіча або Дзмітрыя Клячкоўскага.

Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што з ушанаваннем Бандэры «Украіна не ўступіць у Еўрапейскі Саюз». Украінскаму боку давялося даваць дадатковыя тлумачэнні.

Дэпутат Мікола Княжыцкі падкрэсліў, што ў самім законе няма ніводнага канкрэтнага прозвішча. Рашэнні будуць прымацца дарадчым органам з удзелам гісторыкаў і зацвярджацца галасаваннямі ў Вярхоўнай Радзе, а асобы, датычныя да злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, не пройдуць юрыдычныя крытэрыі закона.

Беларускі кантраст: закрыты спіс і партыйныя дзеячы

У Беларусі стварэнне ўласнага «пантэона» пайшло іншым шляхам, без прыняцця асобных законаў і грамадскіх абмеркаванняў. Як мы пісалі раней, ролю нацыянальнага пантэона ўлады Беларусі дэлегавалі шасці манументальным барэльефам, якія ўпрыгожаць фасад новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску.

Спіс гістарычных асоб для барэльефаў зацверджаны як канчатковы і не прадугледжвае дапаўненняў. Пры гэтым з пераліку прэвентыўна выкраслілі амаль усіх вялікіх князёў літоўскіх, у тым ліку Альгерда, Вітаўта і Гедыміна, а таксама дзеячаў, якія змагаліся са зброяй у руках супраць Расіі, напрыклад, Кастуся Каліноўскага і Канстанціна Астрожскага.

З барэльефаў, прысвечаных ХХ стагоддзю, выключылі значную частку нацыянальнай творчай інтэлігенцыі: няма Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Марка Шагала. Аднак пакінулі шэраг савецкіх партыйных функцыянераў. У барэльеф «Сучасны перыяд» таксама ўключаны Аляксандр Дубко — былы канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 года.

Характэрна, што ў расійскім імперскім помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе (1862), на які, верагодна, арыентаваліся стваральнікі беларускіх барэльефаў, у свой час знайшлося месца і для Гедыміна, і для Альгерда з Вітаўтам, і нават для Канстанціна Астрожскага. Сучасны беларускі афіцыёзны спіс аказаўся значна больш жорсткім у сваіх крытэрыях адбору.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Літвін
    04.07.2026
    Зараз усе Гедымінавічы, Альгердавічы і Рурыкавічы, што гаспадарылі на Літве і Русі, стануць неўзабаве шчырымі украінцамі.
    Міфатворчасць - гэтае ад комплексу нацыянальнай непаўторнасці.
    Чым і чаму, усе стагоддзі займаліся таксама маскавіты.
  • Без Вітаўта?
    04.07.2026
    Гэта як? Ну няхай.

Цяпер чытаюць

Бабарыка зоймецца бізнэсам — ужо адкрыў кампанію ў Германіі9

Бабарыка зоймецца бізнэсам — ужо адкрыў кампанію ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Сын дэпартаванага салдата арміі Андэрса з-пад Навагрудка адсудзіў $180 тысяч за пакуты бацькі ў савецкім лагеры13

Нямецкая дыпламатка ў Мінску ў парку Янкі Купалы прачытала верш беларускага класіка10

Беларускі мужчынскі хор «Касары» зняўся ў трэцім сезоне папулярнага польскага серыяла «1670»7

Гамяльчук атрымаў нажавое раненне ў жывот, але яшчэ суткі піў з крыўдзіцелем і толькі потым пайшоў да доктара1

На трасе Магілёў — Бабруйск легкавік сутыкнуўся з грузавіком. За рулём быў 14‑гадовы падлетак

«У іх хвароба. Яны вар’яты». Трамп паздзекаваўся з уладальнікаў электрамабіляў7

27‑гадовага мінчука, якога шукалі 10 дзён, знайшлі мёртвым1

У Маскве пахавалі генерал-маёра Плахатнюка, які загінуў на дні нараджэння генерала Чайко9

«Забойца Вікіпедыі» ад Ілана Маска ўсё? Grokipedia перастала абнаўляцца7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка зоймецца бізнэсам — ужо адкрыў кампанію ў Германіі9

Бабарыка зоймецца бізнэсам — ужо адкрыў кампанію ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць