Спорт33

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА

Ці можна яго адхіліць?

Прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна. Фота: Jacquelyn Martin / AP

На экстраным пасяджэнні Праўлення ФІФА ў Марока прэзідэнт сусветнай футбольнай арганізацыі Джані Інфанціна прызнаў, што дапусціў «памылкі», прасоўваючы план частковай прыватызацыі міжнародных турніраў. Такім чынам ён заручыўся падтрымкай кіраўніцтва арганізацыі і захаваў сваю пасаду, піша Бі-бі-сі.

Заява аб падтрымцы Інфанціна была апублікавана праз чатыры гадзіны пасля заканчэння сустрэчы ў афрыканскім офісе ФІФА ў Рабаце.

Прапанова Інфанціна рэгіянальным канфедэрацыям пагадзіцца на продаж доляў у турнірах у абмен на хуткую выплату 40 мільёнаў даляраў выклікала хвалю абурэння, найперш з боку УЕФА. Сутыкнуўшыся з такой рэзкай рэакцыяй, швейцарац адклікаў свой план, аднак крытыкаў гэта не задаволіла, і яны працягнулі патрабаваць адстаўкі прэзідэнта ФІФА.

Унутры самой ФІФА таксама было нямала незадаволеных. Так, ва ўнутранай запісцы, якая апынулася ў распараджэнні Бі-бі-сі, генеральны сакратар арганізацыі Маціяс Графстром назваў тое, што адбылося, «сумным паваротам падзей, які можна паставіць у віну» Інфанціна. Графстром таксама прысутнічаў на пасяджэнні ў Рабаце.

Паводле вынікаў сустрэчы быў падрыхтаваны ліст, з якім азнаёмілася BBC. Яго падпісалі Інфанціна і Графстром, адрасаваўшы дакумент усім нацыянальным і рэгіянальным футбольным арганізацыям. Яны прынеслі «шчырыя прабачэнні» за дапушчаныя памылкі і «паабяцалі не дапусціць падобнага ў будучыні».

Пры гэтым аўтары ліста далі зразумець, што адной з памылак лічаць і ўцечку плана ў СМІ. Першай пра яго паведаміла газета The Times 28 ліпеня. ФІФА заявіла, што больш «не будзе цярпець» нападак на яе «прынцыпы добрасумленнасці, належнага кіравання і выканання ўстаноўленых працэдур» і будзе прымаць усе неабходныя меры для абароны свайго імя і рэпутацыі.

Ці можна адхіліць Інфанціна?

Крытыка на адрас прэзідэнта ФІФА сапраўды не сціхае. Толькі ў апошнія дні прэм’ер-міністр Канады Марк Карні, краіна якога разам са ЗША і Мексікай прымала апошні чэмпіянат свету, заявіў, што страціў давер да Джані Інфанціна.

Былы футбаліст «Барселоны», мадрыдскага «Рэала» і зборнай Партугаліі Луіш Фігу, які ў мінулым таксама прэтэндаваў на пасаду кіраўніка ФІФА, заклікаў Інфанціна неадкладна сысці ў адстаўку.

«Інфанціна зганьбіў тую пасаду, якую абяцаў праславіць. Выратаваць свой гонар яму ўжо позна, але выратаваць футбол яшчэ не позна», — заявіў Фігу.

Разам з тым Інфанціна мае намер змагацца за апошні дазволены яму прэзідэнцкі тэрмін. На гэты раз у яго могуць з’явіцца сур’ёзныя канкурэнты.

Прэтэндэнты на пасаду кіраўніка ФІФА павінны вылучыць свае кандыдатуры не пазней за 18 лістапада. Выбары адбудуцца на кангрэсе ФІФА ў Марока ў сакавіку 2027 года. Пераможца павінен атрымаць не менш як 106 галасоў з 211 нацыянальных футбольных федэрацый.

Некаторыя з гэтых федэрацый ужо заявілі, што не будуць галасаваць за Інфанціна. Такую пазіцыю ўжо заняла Федэрацыя футбола Уэльса, і чакаецца, што неўзабаве аналагічнае рашэнне прыме і Футбольная асацыяцыя Англіі.

Аднак па-за межамі Еўропы непрымірымых праціўнікаў Інфанціна значна менш. Нават у апошнія дні, калі здавалася, што ягоны лёс вісіць на валаску, яго кандыдатуру публічна падтрымалі Егіпет, Марока, Нігер, Маўрытанія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Філіпіны.

План Інфанціна адхілілі не толькі ва УЕФА, але і канфедэрацыі Азіі, а таксама Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі і краін Карыбскага басейна (КАНКАКАФ). Аднак пасля таго, як гэты план быў адкліканы, яны адрэагавалі значна больш стрымана. КАНКАКАФ раскрытыкавала кіраўніцтва ФІФА, але не стала заклікаць да яго адстаўкі. Азіяцкая футбольная канфедэрацыя ўвогуле не рабіла ніякіх заяў.

УЕФА, нягледзячы на свой уплыў, не мае рэалістычных магчымасцяў адхіліць Інфанціна. Каб дасягнуць гэтай мэты, ёй давялося б заручыцца падтрымкай афрыканскіх краін, для якіх прэзідэнцтва Інфанціна стала крыніцай даволі значных фінансавых паступленняў.

Каментары3

  • Ну
    06.08.2026
    Прынцыповасць, справядлівасць, чэснасьць? Не, калі размова пра вялікія грошы. Нічога новага. Простыя футбалісцікі бегаюць сабе па полю, ставяць нейкія мэты, мараць аб дасягненнях, трэніруюцца ў поце.. Але лялькаводы ў гальштуках у прыгожых офісах па усяму сьвету дзеляць грошы паміж сабой. Вядома, камусьці з футбалісцікаў (адзінак) гэтаксама нешта перападае. Таму яны і маўчаць. Як усё тыпова..
  • Карупцыя ў футболе квітнее і жыве
    06.08.2026
    Інфанціна проста хацеў легалізаваць і фармалізаваць тое, што насамрэч даўно адбываецца і так.
  • Аналитик
    06.08.2026
    Ещё один хитро зачёсанный, который не держится за власть.

Цяпер чытаюць

Што цяпер з італьянскімі візамі? Масавыя адмовы? Турфірмы называюць альтэрнатыву6

Што цяпер з італьянскімі візамі? Масавыя адмовы? Турфірмы называюць альтэрнатыву

Усе навіны →
Усе навіны

У Калінкавічах да Дажынак у парку паставілі фэйкавую «Кацюшу» ФОТАФАКТ8

Зборная Беларусі атрымала першую перамогу ў сёлетняй Лізе нацый. І адразу разгромную10

«Жаночая піўная» ў Мінску пратрымалася на энтузіязме і расіянках толькі паўгода. Цяпер шукаюць інвестара24

Журналістка ў Вільні паспрабавала паразмаўляць з удзельнікам акцыі супраць міграцыі ў Літву. Аказалася, што ён не гаворыць па-літоўску ВІДЭА36

«Рыхтуюцца новыя справы». Як адбываюць 15‑гадовыя тэрміны былыя маёры КДБ Акінчыцы3

Уэльс запатрабаваў у Лондана такіх жа правоў, якія мае Шатландыя

На змену «Азэмпіку» хутка можа прыйсці новы прэпарат2

Папулярныя тварожныя сыркі Feelin хутка знікнуць з крамных паліц5

Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў?19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што цяпер з італьянскімі візамі? Масавыя адмовы? Турфірмы называюць альтэрнатыву6

Што цяпер з італьянскімі візамі? Масавыя адмовы? Турфірмы называюць альтэрнатыву

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць