Меркаванні1313

«Мы не ведаем, як дабіцца алайнмэнту такіх сістэм». Размовы пра пагрозы ШІ — змова OpenAI, Google і Anthropic?

Рэальныя здольнасці так званага «штучнага інтэлекту» на аснове вялікіх моўных мадэляў ужо ўтыкаюцца ў свае межы, напісаў бізнэс-аналітык Максім Маханькоў — беларус, які працаваў у шэрагу ІТ-кампаній. Таму ён бачыць у закліках «прытармазіць, запаволіць развіццё штучнага інтэлекту» проста хітрыкі кіраўніцтва найбольшых кампаній. «Наша Ніва» папрасіла ацаніць такое меркаванне Андруся Храпавіцкага, які працуе Senior Data Science Engineer, Head of R&D у кампаніі Results-CX, у галіне штучнага інтэлекту і вялікіх даных, ЗША. Той глядзіць на сітуацыю зусім інакш.

Ілюстрацыя да зместу гэтай дыскусіі, згенераваная на наш запыт штучным інтэлектам ChatGPT

Максім Маханькоў: Матывы запаволіць развіццё штучнага інтэлекту — два, і гэта не ўратаванне чалавецтва

«Кіраўнікі амерыканскіх топавых кампаній, якія заклікаюць прытармазіць, запаволіць развіццё штучнага інтэлекту, каб «уратаваць чалавецтва ад экзістэнцыйнай пагрозы», кіруюцца ў сваёй дзейнасці зараз двума асноўнымі матывамі.

1. Яны спрабуюць несумленнымі, нярыначнамі метадамі захаваць сваю перавагу на рынку, закрыўшы доступ для маладых кампаній і стартапаў. Перакрыць кісларод канкурэнтам. Карацей, стварыць звычайны картэль / алігаполію.

Прыкладна тое самае, што рабіў летась Ілан Маск, калі выступаў за адмену дзяржаўных субсідый для «зялёнага» транспарту. Пры тым, што сам Маск з'яўляецца адным з кіраўнікоў найбуйнешага «зялёнага» бізнэсу («Тэсла») і сам раней атрымліваў велізарныя субсідыі ад амерыканскага ўрада. І тут таксама рэальныя матывы (імкненне заваяваць манаполію са сваёй «Тэслай» на рынку зарадных станцый) падмяняліся рыторыкай пра «павелічэнне эфектыўнасці і скарачэнне выдаткаў бюджэту».

2. У інвестараў усё больш і больш узнікае пытанняў, чаму тая «магія», чаму гэты «аракул», які ім усырычылі пад назвай «штучнага інтэлекту», не дае тых хуткіх вынікаў у скарачэнні выдаткаў, аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. Інвестарам абяцалі магічную чорную скрынку, якая заменіць праграмістаў і прадаўцоў, скароціць выдаткі і ўсё спросціць. А гэтая гадасць (калі яна не пад кантролем нармальнага інжынера) не проста піша гаўняны, немаштабаваны, неабслугоўваны код, але і патрабуе яшчэ новых узроўняў абстракцый, кампетэнцый, складанейшых працэсаў і большых выдаткаў.

Уся інфармацыйная кампанія пра тое, як мы «спецыяльна запаволілі неўтаймаваны штучны інтэлект, каб ён не выйшаў з-пад кантролю» накіраваная на тое, каб апраўдацца перад інвестарамі, чаму іх мільярдныя ўліванні не акупляюцца і не акупяцца ў агляднай будучыні. Таму што яны, тэхнаалігапалісты, выдатна разумеюць, што рэальныя здольнасці так званага «штучнага інтэлекту» на аснове вялікіх моўных мадэляў ужо ўтыкаюцца ў свае межы, у непераадольнае асімптатычнае плато (хто б і што вам не казаў пра «сінгулярнасць» і іншыя прыгожыя словы). Гэты выхад на плато (пры тым, што інвестарам усырычылі «сінгулярнасць») прасцей за ўсё патлумачыць тым, што «мы спецыяльна стрымліваем яго».

Вось і ўсё», — мяркуе Максім Маханькоў.

Андрусь Храпавіцкі: Улічвайце, што публічна даступныя мадэлі — гэта не самыя магутныя мадэлі францір-лэбаў

«Думкі Максіма Маханькова падзяляюць многія. У тым ліку ў пэўнай ступені Трамп, згодна з ягонымі нядаўнімі пастамі ў Truth Social.

Але ёсць і шмат іншых варыяцый, у тым ліку такіх, дзе перасцярогі Дарыё [Амадэі, кіраўніка Anthropic], Сэма [Альтмана, кіраўніка OpenAI] ды іншых лідараў індустрыі могуць быць абгрунтаванымі.

Вось для прыкладу: найноўшыя публічна даступныя мадэлі (Fable 5.1, GPT 6‑Astra і некаторыя іншыя) ужо дастаткова магутныя і могуць нарабіць праблем, калі раптам guardrails супраць misuse, якія францір-лэбы выстаўляюць, з той ці іншай прычыны не спрацавалі б. Былі ўжо выпадкі jailbreaks і г.д.

Так, сапраўды, можна спекуляваць пра плато магчымасцяў LLM-аў. Але тое, што мы цяпер маем на франціры, гэта я б сказаў не зусім LLM-ы. Сучасныя францір-мадэлі правільней называць reasoning models. Архітэктура трансформераў паступова трансфармуецца (соры за каламбур). Як хтосьці з лэбаў пажартаваў, мы цяпер маем так бы мовіць квазі-трансформеры. Так, яны ўсё яшчэ даволі блізкія да арыгіналу. Але паступова архітэктурныя рашэнні змяняюцца і ўдасканальваюцца.

Можна сцвердзіць, што найбольшы прырост у плане здольнасцяў новых мадэляў даюць хутчэй не архітэктурныя змены, а праца з данымі, на якіх мадэлі трэніруюцца. Як кажуць ангельцы: We are what we eat — «мы тое, што мы ямо». Тое ж самае, можна сказаць і пра мадэлі ШІ.

Вельмі важны аспект тут вось які. У францірных лэбах (і не толькі ў іх) ужо прыйшла эпоха рэкурсіўнага самаўдасканальвання мадэляў. Папярэдняя мадэль працуе над удасканальваннем працэсу трэніроўкі наступнай. То-бок фактычна папярэдняя мадэль як бы працуе над сваімі «нашчадкамі». Да таго ж мадэлі цяпер змяняюць harnesses, перапісваюць свой кантэкст, кіруюць кучамі агентаў і субагентаў. Гэтыя працэсы збольшага аўтаматызаваныя. Іх вельмі складана маніторыць. Можна вельмі проста штосьці прапусціць і нарабіць бяды.

А цяпер уявім, што a swarm of agents хакне якую-небудзь фінансавую структуру, нанёсшы шкоду на мільярды даляраў ці яшчэ нешта падобнае. Францір-лэбы проста засудзяць да банкруцтва, калі не дойдзе да арыштаў.

У пэўным сэнсе знешні маніторынг — гэта можа быць у тым ліку спробай абараніцца ад такіх судовых спраў. Кшталту староннія кампаніі / інстытуцыі маніторылі нашыя працэсы і нічога не заўважылі. 

Рэкурсіўнае самаўдасканаленне, якое мы маем цяпер, гэта слабая версія гэтага канцэпту. Сучасныя мадэлі пасля трэніроўкі маюць замарожаны стан вагаў. Але ідуць даследаванні і ў плане continual learning — пастаяннага навучання, дзе мадэль самаўдасканальваецца. Гэта вельмі складаны і патэнцыйна вельмі небяспечны кірунак. Уявім, што ў гэтым кірунку адбыўся прарыў. Маніторынг і алайнмэнт такіх сістэмаў стаў бы яшчэ больш складаным. Мы не ведаем, як дабіцца алайнмэнту такіх сістэмаў.

І яшчэ адно. Рэальнасць такая, што публічна даступныя мадэлі — гэта не самыя магутныя мадэлі францір-лэбаў. Погляд знутры можа мець крыху іншую оптыку», — мяркуе Андрусь Храпавіцкі.

Каментары13

  • .
    16.09.2026
    У абодвух слушныя аргументы адначасова.

    А разам - такі трагікамічны дуэт, прыклад палярызацыі, маргіналізацыі меркаванняў у інтэрнэце. Максіма, асабліва ў п.2, на мой погляд, заносіць у эмоцыі і катэгарычнае абясцэньванне, Андрусь празмерна сыпле слэнгам, маркерам "для сваіх".
    Дарэчы, можна ж патрохі распрацоўваць беларускую тэрміналогію: злоўжыванне, ўзлом, рой агентаў, узгадненне (з чалавечымі каштоўнасцямі) і г.д. Нават можна сам ШІ выкарыстоўваць для падбору варыянтаў, ён дастаткова разумее ў гэтым.
  • Дыб
    16.09.2026
    Хутчэй бы гэтыя ШІ ўжо захапілі і знішчылі гэтае чалавецтва, што за яго чапляцца, за што? Каго палохае што ШІ разбураць гэты свет к чортавай мацеры? Гробаных міліярдэраў? Вольга Маёрава як сядзела ў ШЫЗА, так і будзе там сядзець, пакуль не памрэ, і ніхто яе аддуль не выцягняе. У нас 1000 палітзэкаў, якія, ДАВАЙЦЕ ШЧЫРА, нікому не патрэбныя, а яшчэ столькі ж, якія адмовіліся наляпіць на сябе такі статус на зоне, таму што гэта пекла аўтаматычна. Людзі спадзяюцца, наляпіўшы гэты статус, што ім дапамогуць США і Еўропа. Але гэта не ўваходзіць у іх стратэгію! Вось гэтым людзям калі б ШІ разнес так, што камня на камне ад гэтай Беларусь не засталося б, разбурыў турмы муры, ім было б кепска? Я думаю не. Мераюць па апошняму. Да здраўствуе рэвалюцыя ШІ! Далой людішак! Вось што я вам скажу. Гэта Садом і Гамора чортава. Да здраўствуе нацыя машын! Усё ўлада ШІ!
  • Зэнон
    16.09.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?»2

Выбухоўку для расійскіх дыверсій у Еўропе перавозілі агенты-беларусы — WSJ з крыніц у спецслужбах11

Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ6

Андрэй Пачобут стаў «Асобай года» ў Польшчы2

Былы дырэктар «Сілічаў» жыве ў Крыме і судзіцца з суседкай, якая казала, што ён датычны да смерці чалавека1

«Бітлз-лэнд». У Ліверпулі адкрыецца велізарны музей «Бітлз», праект блаславілі Пол Макартні і Рынга Стар1

У Дзень бацькі Лукашэнка пажадаў беларускім мужчынам быць гатовымі ў любы момант стаць на абарону краіны12

Францыя прызнала няўдачы ў сваім адказе на гвалт. Цяпер разгортвае войска і рыхтуецца да новых пратэстаў6

На Зямлі ёсць тры тэрыторыі, якія не хоча забіраць ніводная краіна. Чаму так атрымалася?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію69

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць