Менш стракатасці, больш зеляніны і сметніц. У Гомелі зацвердзілі дызайн-код
У Гомелі зацвердзілі дызайн-код — збор правіл, якія вызначаюць, як павінны выглядаць фасады будынкаў, шыльды, прыпынкавыя павільёны, двары і іншыя элементы гарадскога асяроддзя, піша Times.by.

Новыя патрабаванні распаўсюджваюцца на ўсю тэрыторыю горада, але асаблівая ўвага надаецца гістарычнаму цэнтру. Яны будуць абавязковымі для архітэктараў, праекціроўшчыкаў, будаўнікоў, кіраўнікоў жыллёвых арганізацый і ўсіх, хто ўплывае на гарадскі выгляд.
Перад зацвярджэннем дакумента ўлады вынеслі яго праект на грамадскае абмеркаванне, якое праходзіла з 20 жніўня да 15 верасня. Жыхарам прапанавалі выказаць заўвагі і прапановы, частку якіх, мяркуючы па новых візуалізацыях, улічылі.
Нягледзячы на асцярогі, што Гомель стане цалкам бэжавым, каляровую палітру фасадаў пашырылі. Забарона на агрэсіўныя кіслотныя колеры захавалася, аднак дазволеных адценняў стала больш, і яны будуць ярчэйшымі. Пры гэтым колер фасада павінен адпавядаць пашпарту будынка і спалучацца з агульнай каляровай гамай вуліцы.

Асобны раздзел прысвечаны шыльдам. У гістарычным цэнтры кампаніям і брэндам давядзецца адмовіцца ад аб’ёмных светлавых корабаў на карысць асобных аб’ёмных літар і сімвалаў белага колеру з лёгкім халодным адценнем. Галоўная архітэктарка Гомеля Ларыса Кавалёва патлумачыла, што такія шыльды ўжо выкарыстоўваюцца на праспектах Перамогі і Леніна. Яны не ствараюць візуальнага шуму і дазваляюць лепш бачыць ляпніну, калоны, карнізы ды іншыя архітэктурныя дэталі гістарычнай забудовы.
У дызайн-кодзе таксама значнае месца адведзена азеляненню. Для новых пасадак прапануюць выкарыстоўваць бярозы, клёны, сумах, ліпы і туі. У знакавых месцах працягнуць высаджваць чырвоныя клёны, якія ўжо растуць на плошчы Паўстання, а таксама незвычайную для мясцовага клімату японскую вярбу «Хакура-Нішыкі».
Для вуліц і грамадскіх прастораў будуць выкарыстоўваць ядловец, карлікавыя сарты хвоі і елкі, вечназялёны іберыс. Аснову кветнікаў складуць шматгадовыя расліны, але цалкам адмаўляцца ад звыклых петуній не плануюць.
Верагодна, у горадзе стане больш сметніц. Паводле новых правіл, іх будуць ставіць каля кожнага гандлёвага аб’екта і прыпынкаў грамадскага транспарту. Знешні выгляд сметніц таксама зацверджаны: яны не павінны ператварацца ў прыкметны акцэнт гарадской прасторы.

Прыпыначныя павільёны будуць выглядаць больш стрымана, хоць радыкальных зменаў у іх афармленні не прадугледжваецца. Не менш за 70% вертыкальных паверхняў павільёнаў павінны быць светлапразрыстымі. Унутры абавязкова размесцяць вертыкальны лайтбокс з раскладам і схемамі маршрутаў.
У гарадскім дэкоры перавагу будуць аддаваць каменю, чыгуннаму ліццю, сталі з парашковай афарбоўкай, лістоўніцы або тэрмадраўніне, а таксама архітэктурнаму бетону. Пры выбары матэрыялаў улічваліся, у тым ліку, магчымасці мясцовых прадпрыемстваў.

Дызайн-код не азначае, што ўсе фасады і шыльды мусяць змяніцца адразу. Пасля зацвярджэння дакумента прадугледжаны пераходны перыяд, на працягу якога прадпрымальнікі і ўладальнікі будынкаў змогуць прывесці свае аб’екты ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі.
У Смалявічах будуюць незвычайны шматфункцыянальны комплекс Smala. Мае выглядаць як у Нідэрландах
У Слуцку жанчыну аштрафавалі за пакінутыя каля сметніцы добрае адзенне і лінолеум. Людзі не вытрымалі, даведаўшыся пра гэта
Як эксперымент у Слуцку паказаў камунальнікам, што прычына смецця не ў людзях, а ў іх працы
У Мінску высадзяць больш за 40 тысяч хрызантэм
Апублікаваны новы генеральны план Гомеля. Што ў ім?
Каментары