Грамадства44

«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы». Беларусы расказалі, на чым і як ашчаджаюць

Ад якіх выдаткаў можна лёгка адмовіцца, на чым рэальна ашчадзіць, а за што грошы выкладваюцца без агаворак, і не важна, пра якую суму ідзе гаворка? Выданне Myfin спытала пра гэта ў сваіх чытачоў, якія падзяліліся сваім вопытам размеркавання фінансаў.

Фота: Myfin.by

«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы»

Уладзімір, 58 гадоў, супрацоўнік прыватнага прадпрыемства

«Узровень даходаў у мяне невысокi, таму жыву па сродках. Маючы аўтамабіль, у межах горада стараюся перамяшчацца на грамадскім транспарце. Не раблю запасаў ежы, купляю ўсё толькі самае свежае.

У мяне нават халадзільніка няма, каб ежу складаваць. Вырашыў для сябе, што няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы. Плюс такога падыходу ў тым, што я, як мінімум, эканомлю на электраэнергіі. Узімку, дарэчы, мяне выручае «савецкі халадзільнік» — ніша пад акном, якая ёсць у большасці хрушчовак.

У рацыёне я пастаянна выкарыстоўваю мяса птушкі і рыбу, заўсёды бяру вельмі шмат гародніны. На сняданак у мяне традыцыйная яешня на цыбульнай «падушцы», на абед і вячэру магу прыгатаваць гарнір з мясам і салатам. Цукар практычна не ўжываю, магу дазволіць сабе трохі добрага алкаголю.

Гатую сам — навучыўся і вельмі гэтым задаволены. Дарэчы, пры выбары прадуктаў выкарыстоўваю формулу, якой са мной калісьці падзяліўся адзін вельмі добры чалавек. Яна гаворыць, што спачатку трэба вызначыць у выбранай нішы самы танны і самы дарагі тавар, а потым купляць той, які будзе каштаваць трохі даражэй, чым самы танны.

На адзенне зараз я практычна не выдаткоўваю, у мяне ўсё ёсць. Хіба што абутак час ад часу даводзіцца купляць. Вось нядаўна набыў скураныя туфлі ў «Мегатопе» на акцыі ўсяго за 69 рублёў, мяне гэта цана цалкам задавальняе.

Адзінае, за што гатовы плаціць без агаворак і поўны кошт, дык гэта за якасную турыстычную экіпіроўку. Плюс я захапляюся велатурызмам і не ашчаджаю на запчастках для ровара, адно сядло да якога каштуе 100 еўра.

Паколькі я не аматар балбатаць па тэлефоне, то ў аператара Life, напрыклад, карыстаюся базавым тарыфам, які мне абыходзіцца 8 рублёў на месяц. Асноўны нумар у мяне ўвогуле прывязаны да МТС з тарыфам «Блізкі» па 68 капеек на месяц. Па гэтым нумары я не тэлефаную, а толькі прымаю ўваходныя.

Што тычыцца хатняга інтэрнэту, то я выкарыстоўваю byfly і кожны год пры перазаключэнні дамовы атрымліваю на год зніжку ў памеры 25% — думаю, што гэтым лайфхакам карыстаюцца многія.

Яшчэ адзін спосаб эканоміі — выкарыстанне банкаўскіх картак з манібэкам. У мяне іх некалькі, і кожная прызначаная для тых ці іншых пакупак. Сумарна за месяц такім чынам я вяртаю сабе блізу 10‑15 рублёў.

Увогуле з узростам я стаў дастаткова скнарлівым. Можна нават сказаць, што скнарай. Я і ў маладосці не лічыў сябе марнатраўцам, але тады было значна больш спакус і падманных мэтаў. Цяпер прыйшло разуменне таго, што існуюць сапраўдныя каштоўнасці — здароўе і душэўная раўнавага.

Таму ідэя дэманстратыўнага спажывання тавараў і паслуг з выстаўленнем сваіх набыткаў напаказ мне агідная. А яшчэ я перастаў марнаваць грошы на тое, каб заваяваць прыхільнасць супрацьлеглага полу».

«Практычна не купляем садавіну і гародніну, а замест мора адпачываем на лецішчы»

Валянціна, 63 гады, пенсіянерка

«Не скажу, што мы з мужам калісьці моцна ашчаджалі, заўсёды жылі ў адносным дастатку. Але з гадамі ўсё ж выпрацаваліся звычкі, якія дазваляюць больш рацыянальна распараджацца грашыма. Напрыклад, мы практычна не купляем садавіну і гародніну, бо ўсё неабходнае вырошчваем на лецішчы. Натуральна, узімку ў ход ідуць хатнія нарыхтоўкі, а не купленыя сокі і саленні. Нават хрэн хатні і аджыку я гатую сама.

З часоў маладосці ў нас захавалася звычка выбіраць у крамах танныя, але дастаткова якасныя прадукты: навошта пераплачваць за тыя ж хлеб і малако?

Дарэчы, цяпер, калі ў мяне дастаткова шмат вольнага часу, хлеб я пяку сама і нават навучылася рабіць сыры ў хатніх умовах. Вядома, на ўсім гэтым эканомія капеечная выходзіць, але яна ўсё роўна ёсць.

Хутчэй ужо па звычцы, а не дзеля эканоміі, я ашчаджаю кожную анучку і пускаю ў справу любое рыззё. Напрыклад, са старых рэчаў шыю пледы і пакрывалы ў тэхніцы пэчворк, а зношаныя джынсы выкарыстоўваю для вырабу аб'ёмных авосек, іх цяпер шоперамі называюць.

У чым я сабе не адмаўляю, так гэта ў касметыцы для догляду — нават у маім узросце хочацца выглядаць прывабна. Таму на крэмах, бальзамах і пенцы для мыцця я не ашчаджаю.

А вось ад падарожжаў мы з мужам адмовіліся даволі лёгка. З улікам таго, што на дваіх у нас пенсія выходзіць 1600 рублёў на месяц, раз на год з'ездзіць на мора мы можам сабе дазволіць. Але ў нас ужо трое ўнукаў, а ў сына купленая кватэра ў крэдыт. Так што стараемся дзецям дапамагаць па меры магчымасцяў, а замест мора адпачываем на лецішчы».

«Ашчаджаю практычна на ўсім, каб выглядаць добра»

Крысціна, маладая спецыялістка, 24 гады

«У студэнцкія гады я асабліва не задумвалася над тым, куды і на што трачу грошы. Жыла з бацькамі, якія куплялі прадукты, а таксама давалі мне некаторыя сумы на абутак, адзенне, касметыку, забавы. Калі былі якія-небудзь падпрацоўкі (я па прафесіі настаўніца англійскай мовы), то атрыманыя грошы траціла на сябе.

Зараз я ўжо другі год на адпрацоўцы, жыву ў невялікім райцэнтры на здымнай кватэры разам з яшчэ адной дзяўчынай. Палова кошту арэнды мне кампенсуецца, у выніку на жыллё разам з камуналкай выдаткоўваю ад сілы 80‑120 рублёў на месяц. Аднак заробак пакуль невялікі — выходзіць прыблізна 1300‑1400 рублёў на рукі.

На чым я зараз ашчаджаю? Ды практычна на ўсім, каб выглядаць добра і стыльна. Таму што адна брэндавая рэч накшталт касцюма ад Mango можа каштаваць палову майго заробку. Па абноўкі звычайна езджу ў Мінск, часам нешта купляю ў сябе ў родным Гомелі.

Нармальны манікюр у майстра раз на тыдзень — гэта 30‑40 рублёў, ды і да касметолага хаця б раз на месяц стараюся хадзіць. А гэта яшчэ мінімум 80 рублёў. Плюс касметыка, якасная парфума (я аддаю перавагу брэнду Valentino) абыходзяцца нятанна.

Бацькі, дарэчы, мне дагэтуль матэрыяльна дапамагаюць. Але агулам я жыву па прынцыпе назапашвання сродкаў, якія потым трацяцца на якія-небудзь сур'ёзныя куплі.

Мабыць, ежа — гэта самая нязначная частка маіх расходаў. Для сябе я гатую пад настрой, аддаю перавагу выкарыстанню недарагіх паўфабрыкатаў. Гародніну і садавіну звычайна перадаюць бацькі разам з хатняй кансервацыяй, крупамі, мясам. Ну і ў школьнай сталовай купляю пастаянна абеды — выходзіць сытна і адносна нядорага.

Я ўвогуле не марную грошы на грамадскі транспарт, бо ад кватэры да месца працы магу дайсці за 10 хвілін пешшу. Гэта ў сярэднім дазваляе ашчаджаць 50‑60 рублёў на месяц. А вось ад філіжанкі кавы ў кавярні не магу пакуль адмовіцца, гэта адна з нешматлікіх радасцяў у жыцці. Магчыма, з часам я куплю сабе добрую кавамашыну, але пакуль пару разоў на тыдзень дазваляю сабе такую раскошу за 5‑7 рублёў».

«Не гатовы плаціць за ежу ў кавярнях і рэстаранах»

Яўген, 53 гады, менеджар

«Нядаўна я вырашыў паставіць на сабе эксперымент — спрабую пражыць месяц на мінімальны заробак, які пасля выплаты падаткаў складае 739 рублёў, а ўсё, што зверху — адкладаць. Што магу сказаць? У жніўні эксперымент скончыўся крахам, а за два тыдні верасня я спакойна ўклаўся ў 300 рублёў і пры гэтым ні ў чым сабе не адмаўляў.

Адразу пачну з таго, за што я гатовы пераплачваць грошы. За ежу. Ем я няшмат, але люблю, каб усё было смачна. Таму нягледзячы на тое, што сам па адукацыі кухар, аддаю перавагу куплі гатовых страў, загадзя ведаючы, што я за іх аддам больш.

Пры гэтым я ашчаджаю час на іх прыгатаванні — самы, на мой погляд, каштоўны чалавечы рэсурс. Аднак я не гатовы плаціць за ежу ў кавярнях і рэстаранах — не бачу сэнсу пераплачваць за атмасферу і забавы, калі можна проста паесці дома.

На чым я адносна нядаўна стаў ашчаджаць? На аўтамабілі. Ездзіць асабліва ім зараз няма куды, таму выдаткі на паліва зведзеныя да мінімуму. Яшчэ практычна не купляю сабе новыя рэчы, бо з адзення і абутку ўсё ёсць. У гэтым годзе, напрыклад, купіў сабе толькі адну майку на рынку за 20 рублёў».

Каментары4

  • «савецкі халадзільнік» і жыд-кае марозіва
    29.09.2026
    А яшчэ я перастаў траціць грошы на тое, каб заваяваць прыхільнасць супрацьлеглага полу».

    Максим Дизайнер, ты?
  • насенне
    29.09.2026
    Фігня. Хлеб самапечаны не атрымліваецца танней калі улічыць электрычнасць на духоўку. Па газавай не лічыў. Пра страчаны час, які=грошы, увогуле маўчу.
  • belarus
    30.09.2026
    Austria, орнул. Нет реальных скидок.....А как вы об этом узнали,если только пишите комменты? Евроопт и Соседи спостоянно делают скидки 50% на свою продукцию

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі47

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT9

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах11

Развітанне з Янам Памедорам Рэуцкім пройдзе ў Варшаве

Памёр вядомы хірург, былы галоўны анколаг Мінска

Улад Калячонак дэбютаваў за «Нью-Джэрсі» і адразу закінуў шайбу5

Трамп прапанаваў замену кіраўніку NVidia Хуангу2

Маштабны збой закрануў Outlook, Teams, Copilot і іншыя сэрвісы Microsoft5

Памятаеце, «Арэшнік» упаў на гаражы пад Кіевам? Украінцы расказалі, якая сістэма дазволіла адхіліць ракету ад ваеннай цэлі21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі47

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць