Грамадства

«Павяліся на бясплатную экскурсію і пакінулі там $500». Беларуска расказала пра адпачынак у В'етнаме

Мінчанка Таня з мужам і дзіцём правялі двухтыднёвы адпачынак у курортным Нячангу. Пра тое, чаму тыднёвы тур у В'етнам — гэта нявыгадна, як не пакінуць кучу грошай на «бясплатнай» экскурсіі і колькі каштуюць доглядныя працэдуры ў Азіі, яна расказала журналісту выдання Myfin.

Чаму два тыдні адпачынку каштуюць амаль столькі ж, колькі адзін

Ляцець мінчукі вырашылі адразу на 14 дзён, меншы тэрмін нават не разглядалі, бо праз дарагія авіябілеты кароткі тур выходзіць нявыгадным.

«Па цане пуцёўкі на тыдзень і на два адрозніваюцца не моцна. Тур браніравалі ў ліпені праз агенцтва — усяго за тыдзень да вылету ў самы разгар сезону. Калі б паклапаціліся пра адпачынак загадзя, напэўна знайшлі б квіткі таннейшыя і гатэль лепшы. Нам жа не пашанцавала: літаральна з-пад носа за тую ж суму, што і трохзоркавы, выхапілі пяцізоркавы гатэль».

У выніку $4 500 заплацілі за прамыя авіяквіткі на дваіх дарослых і дзіця (ляцець 11 гадзін без перасадак), $800 аддалі за гатэль «тры зоркі» ў Нячангу.

У кошт гатэля ўваходзілі толькі сняданкі. Але гэта не засмуціла, бо мясцовая ежа недарагая, разнастайная і смачная, а адсутнасць прывязкі да гатэля дае поўную свабоду для экскурсій і шпацыраў.

Аднак гід адразу папярэдзіў, што з вулічнай ежай лепш не рызыкаваць, а выбраць адно праверанае месца і есці толькі там. Такая ўстанова знайшлася проста каля гатэля.

«У меню экзотыка — ад страуса да кракадзіла. Паспрабавалі жабіныя лапкі (на смак як курыца) і кракадзілавае мяса (вельмі нагадвае свініну). А аднойчы заказалі лобстара і вельмі намучыліся. Афіцыянт разбіраць яго не дапамагаў і ўпарта рабіў выгляд, што не разумее нас. Замест шчыпцоў для панцыра прынёс звычайныя цэлафанавыя пальчаткі для бургераў. Муж у працэсе нават парэзаўся. Больш за паўгадзіны змагаліся з гэтым зверам».

Калі ў кавярні чыста і ёсць мыла — заставацца можна

Што б турысты ў кавярні ні замаўлялі, чэк на траіх не перавышаў 430 тысяч в'етнамскіх донгаў — гэта нашы 50 BYN. І гэта пры тым, што яны сабе ні ў чым не адмаўлялі, а на стале заўсёды былі свежая рыба і крэветкі.

«Той самы лобстар аказаўся самай дарагой стравай і абышоўся ў 80 BYN [далей цэны прыводзяцца адразу ў беларускіх рублях — заўв. аўтара]. Дарэчы, знаёмыя расказвалі, што на пляжы мясцовыя бабулі прадавалі лобстараў у два разы танней, але яны пахлі цінай.

Ва ўстановы «для сваіх», дзе сядзелі толькі в'етнамцы, мы зайсці так і не наважыліся. З выгляду там бруднавата, хоць цэны яшчэ ніжэйшыя. У пошуках «нашага» месца мы абышлі некалькі кавярняў і зрабілі выснову: калі больш-менш чыста і ў туалеце ёсць мыла — заставацца можна».

Праз спякоту турысты часам прапускалі абед і проста бралі смузі з авакада, манга або маракуі. Паўлітровы келіх абыходзіўся ў 2-2,5 BYN. Усёй в'етнамскай садавіны за два тыдні адпачынку так і не пераспрабавалі, хоць вельмі стараліся.

«Вельмі спадабаўся мангусцін, але яго, як джэкфрут і дурыян, строга забаронена праносіць у гатэль. У мангусціна ядраная фіялетавая лупіна, якая намертва фарбуе пасцельную бялізну і ручнікі. Знакаміты дурыян паспрабавалі і тут жа выкінулі, нікому не зайшоў. Камусьці ён нагадвае вытанчаны дэсерт, а мне падаўся яешняй з тухлай цыбуляй. А вось джэкфрут класны, па смаку як жуйка «бабл-гам».

«У В'етнаме лёгка наткнуцца на падробку лекаў»

У самым пачатку паездкі здарылася непрыемная гісторыя. Турфірма, якая сустракала, прапанавала турыстам бясплатную экскурсію па Нячангу. У выніку на ёй яны пакінулі кучу грошай.

«Нам паказалі вежу «Лотас», завезлі ў будысцкі храм, дзе мы пераадолелі 190 прыступак наверх, а далей павезлі па суровым камерцыйным маршруце. У першай лаўцы дэгуставалі чай і каву. Там жа бойка прапанавалі артышокі і знакаміты грыб кардыцэпс. Мясцовы медыцынскі кансультант апрацоўваў турыстаў так віртуозна, што пайсці без куплі мы не змаглі. Тым больш загадзя прачыталі пра гэтыя цудадзейныя лекі і хацелі прывезці падарунак бацькам. Здаўся нават мой муж, якога ў звычайным жыцці не правядзеш».

У лаўцы сям'я пакінула $500 за чай, каву, выцяжкі з артышока, грыбы лінчжы і кардыцэпс. Ужо потым высветлілі, што ў іншым месцы маглі купіць усё гэта разы ў тры танней.

«Пазней самі сябе супакоілі: па-першае, за ўсю паездку гэтыя грыбы больш нідзе не сустрэліся, а па-другое, у В'етнаме лёгка наткнуцца на падробку лекаў, а тут нібыта пункт ад гіда. Але агулам не трэба спяшацца купляць сувеніры на экскурсіях у гатэльных гідаў, бо цэны ў іх гандлёвых пунктах часта моцна завышаныя. Асабліва гэта тычыцца чаёў, кавы, сухафруктаў, усялякіх бальзамаў і алкаголю — лепш усё гэта купіць у супермаркеце».

«На вуліцы — абсалютна тое ж самае, але ў разы танней»

Пасля бясплатнай экскурсіі мінчукі ўжо былі насцярожаныя, тройчы думалі перад кожнай купляй і не пагаджаліся на прапановы гіда. І нават калі ён настойліва запэўніваў, што купляць нешта на вуліцы нельга — маўляў, наўкола суцэльны падман, — не паслухалі.

«На месцы высветлілася, што на вуліцы прадаюць абсалютна тое ж самае, але танней. За квіткі ў парк забаў VinWonders у вулічных гандляроў мы аддалі па 128 BYN за чалавека, а гід прасіў больш. Парк знаходзіцца на востраве Хон Чэ, дабіраліся туды па канатнай дарозе.

У парку ёсць два экстрэмальныя атракцыёны, куды ломяцца абсалютна ўсе. Мы прыйшлі да 9:00, але квіткоў на іх ужо не было. Аказваецца, на гэтым востраве ёсць гатэль, і аматары экстрыму селяцца там спецыяльна, каб паспець усюды пакатацца без дзікіх чэргаў. Мы ж стаяць на 35‑градуснай спякоце не захацелі.

У парку мы правялі ўвесь дзень, але абысці ўсё так і не паспелі. Тэрыторыя велізарная: атракцыёны, акіянарыум, аквапарк і цудоўны заапарк. Звяры дагледжаныя, прыгожыя, сытыя, ніводнага замучанага. У адной з птушак у вальеры стаяла раскошная ваза з кавунамі, дынямі і зернем. І ніякага спецыфічнага паху, паўсюль пахла кветкамі. Адзіны, каго стала шкада, гэта тыгр. У яго была зусім маленькая тэрыторыя, бедны проста не меў дзе разгуляцца».

Яшчэ з забаў мінчукі бралі прагулку на катамаране на ўвесь дзень. Яна абышлася ў $100 з дарослага і $70 за дзіця. У гэты кошт было ўключана абсалютна ўсё: катанне на сапах, рыбалка, водныя горкі і купанне з маскамі ў адкрытым моры. Таксама на борце кармілі смачнай ежай і налівалі прахалодныя напоі.

Абгарэлі ў «бяспечны» час і ўцяклі ад марскіх вожыкаў

Перад паездкай мінчукі вычыталі, што ў В'етнаме налічваецца 130 відаў змей. Але ўсе турыстычныя тэрыторыі старанна апрацоўваюцца, так што ў Нячангу яны нікога не сустрэлі. Хіба што толькі пасля захаду сонца па вуліцах часам бегалі велізарныя тараканы.

Пляжы ў Нячангу чыстыя. Можна браць платныя шэзлонгі, а можна проста ляжаць на ручніках пад пальмамі — вось табе і бясплатны парасон.

«Дзіўна было, што на пляжы зусім няма ратавальнікаў. І яшчэ адзін важны момант: з 9:00 да 12:00 знаходзіцца на сонцы строга забаронена, яно ў гэты час самае пякучае. Мы пра гэта не ведалі, палічылі ранішнія гадзіны бяспечнымі і ў першы ж дзень абгарэлі. А па вечарах купацца нельга ўжо праз небяспечных марскіх вожыкаў, якія прыплываюць да берага з надыходам цемры».

Перад паездкай Таня шмат чытала, што ў В'етнаме трэба таргавацца на кожным кроку і цану адразу збіваюць у тры разы.

«Аказалася, гэта перабольшанне. У звычайных крамах могуць скінуць трохі. А на рынку прадаўцы проста хапаюць за руку і просяць, каб ты сам назваў сваю цану. Неяк мы куплялі садавіну і назіралі, як пажылая турыстка азартна заніжала цану. Бедны прадавец на пальцах тлумачыў, што ўвогуле нічога не заробіць, калі пагодзіцца, а яна ніяк. Выглядала гэта з боку вельмі непрыгожа».

Для сувязі беларусы купілі eSIM праз дадатак Jetpac. За 2 ГБ аддалі $8. Праўда, мабільны інтэрнэт спатрэбіўся толькі ў аэрапорце — напісаць бацькам, што прызямліліся, і ў горадзе для выкліку таксі. У астатні час хапала бясплатнага Wi-Fi, які выдатна працаваў і ў гатэлі, і ў кавярні.

«Таксі выклікалі праз Grab — гэта замежны аналаг нашага «Яндэкс Go». Праз гэта дадатак можна яшчэ і замаўляць ежу. Рэгістрацыя простая, цэны вельмі прыемныя. За 10‑хвілінную паездку мы плацілі ўсяго каля 5 BYN».

«Прафесійная чыстка зубоў у клініцы — 5 рублёў»

На рынках прадавалася шмат таннага адзення пад «Лакост» і «Карл Лагерфельд». Тані нічога не прыпала да душы, а яе муж купіў сабе кепку. У першы ж дзень яна выпадкова намокла, і на ёй тут жа праступіла ржа.

«Затое ў В'етнаме выгадна купляць вырабы з натуральнай скуры кракадзіла. Дадому мы прывезлі выдатны скураны кашалёк і рэмень. Яшчэ патрацілі грошы на прафесійную чыстку зубоў у мясцовай клініцы. Па нашых мерках цана сімвалічная — па 5 BYN з чалавека, рабілі масаж усяго цела — гадзіна каштавала 20 BYN. Дачцэ заплялі прыгожыя касічкі, гэта таксама каштавала 20 BYN».

Сэрвіс, адзначае Таня, у іх «тройцы» быў спецыфічным. Посуд быў з трэшчынамі, за ўсе 14 дзён ні разу не памянялі пасцельную бялізну. Але смецце выносілі спраўна і пасцель акуратна засцілалі. Сняданкі ў гатэлі таксама аказаліся сціплымі: пара відаў локшыны, амлет, гародніна і зусім трохі мяса. Гэта гасцей шчыра здзіўляла: ежа ў краіне танная, навошта так моцна на ёй ашчаджаць?

«Можна было, вядома, паабурацца і нумарам, і ежай, але мы вырашылі не псаваць сабе нервы і сфакусаваліся на шпацырах, моры і смачнай ежы ў кавярні. Ці палячу ў В'етнам яшчэ? Думаю, так. Тым больш калі знойдзем танныя квіткі. У Нячангу мы пазнаёміліся з масквічкамі, якія ляцелі сюды прамым рэйсам. Яны самастойна знайшлі квіткі на дваіх туды-назад усяго за $1 000. Так што, калі ўмееш шукаць і плануеш адпачынак загадзя, знойдзеш выдатныя варыянты і ашчадзіш кучу грошай».

Каментары

Цяпер чытаюць

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё18

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманага ў Грузіі беларуса выслалі ў Арменію, дзе яго таксама затрымалі2

Чаму ў Японіі няма сметніц, але на вуліцах усё роўна чыста13

Па студэнцкіх інтэрнатах у Мінску правялі раптоўны рэйд з аўчаркай7

Хакеры атакавалі інфармацыйную сістэму МУС Літвы, у якой захоўваліся звесткі пра іншаземцаў2

Сабаленка памералася брыльянтавымі пярсцёнкамі з жонкай Крышціяну Раналду12

На рэндарах — адно, у рэальнасці — іншае. Жыхары мінскага «Паўночнага берага» збянтэжаныя выглядам свайго двара15

Васіль Хамутоўскі цяпер працуе трэнерам у клубе «Дынама-БДУФК»

Bloomberg: Трамп прапанаваў Зяленскаму правесці сустрэчу з Пуціным у Маскве21

Пасля поціску рукі Зяленскаму Трамп зрабіў дзіўны знак. Сацсеткі зашумелі ВІДЭА17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё18

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць