Ва Уроцлаве беларусам залілі замкі мантажнай пенай і напісалі на дзвярах «Прэч». З кватэры іх вызвалялі ратавальнікі
Раніцай 21 кастрычніка беларуска Вікторыя і яе хлопец Раман не змаглі выйсці са сваёй кватэры ва Уроцлаве. Невядомыя залілі мантажнай пенай замкі ўваходных дзвярэй, выпацкалі іх чырвонай фарбай і пакінулі надпіс, які пара ўспрыняла як патрабаванне з'язджаць з краіны. Каб выбрацца з кватэры, беларусам давялося выклікаць пажарных. Вікторыя расказала MOST, што ў апошнія тыдні ў пары абвастрыліся канфлікты з суседзямі.

Вікторыя і Раман пераехалі ў Польшчу з Беларусі ў 2021 годзе. Яны атрымалі міжнародную абарону і жывуць ва Уроцлаве. Апошнія амаль тры гады здымаюць кватэру ў старым доме недалёка ад цэнтра горада.
Раніцай 21 кастрычніка, калі пара збіралася выйсці з дому, высветлілася, што ўваходныя дзверы заблакаваныя.
— У нас замест звычайнага вочка ў дзвярах стаіць прамавугольнае шкельца. Мы ўбачылі, што яно ўсё нечым заклеенае. Аказалася, гэта мантажная пена і чырвоная фарба. Мы ўвогуле не маглі адчыніць дзверы. Замкі практычна не пракручваліся, — расказвае Вікторыя.
Невядомыя залілі пену ў абодва замкі — верхні і ніжні. На дзвярах таксама пакінулі надпіс па-польску — Won do siebie, які беларусы ўспрынялі як заклік з'язджаць з краіны.
Пара патэлефанавала гаспадару кватэры, а затым звярнулася па дапамогу ў экстранныя службы. На месца прыехалі пажарныя, якія дапамаглі беларусам выбрацца.
— Мы папрасілі іх спачатку ўсё сфатаграфаваць, каб засталіся доказы для паліцыі. Яны зрабілі фатаграфіі, а потым нас вызвалілі. Калі ўбачылі, што адбылося, сказалі, што за такое прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Пасля гэтага Раман адправіўся ў паліцэйскі камісарыят пісаць заяву. Сама дзяўчына засталася дома: праз пашкоджаныя замкі дзверы больш нельга было зачыніць звонку.
— Хтосьці павінен пастаянна знаходзіцца дома, таму што звонку дзверы не зачыняюцца. Знутры яшчэ неяк можна зачыніць, хоць і з цяжкасцю.
У апошнія тыдні агрэсіі стала больш
Вікторыя расказала, што яны з хлопцам — адзіныя замежнікі ў доме. Паводле яе слоў, раней у пары здараліся бытавыя канфлікты з некаторымі суседзямі, але ў апошнія два-тры тыдні сітуацыя абвастрылася.
Адна з прычын рознагалоссяў — незачыненыя дзверы ў пад'езд і падвальныя памяшканні.
Вікторыя і яе партнёр займаюцца продажам тавараў, частку якіх захоўваюць у падвале дома. Там жа знаходзіцца дарагі электравеласіпед. Пара непакоіцца за захаванасць маёмасці, паколькі, паводле слоў жанчыны, дзверы ў пад'езд і падвал часта застаюцца адчыненымі.
— Мы ўжо трэці год спрабуем вырашыць гэтую праблему. Дзверы адчыненыя — заходзь хто хочаш. Я сама бачыла, як у пад'ездзе спалі бяздомныя, як хтосьці спраўляў там патрэбу. Мы некалькі разоў пісалі ў адміністрацыю, прасілі, каб жыхары зачынялі дзверы.
Паводле слоў Вікторыі, адміністрацыя размяшчала аб'явы з просьбай захоўваць парадак, аднак праблема заставалася.
На гэтай глебе ў пары ўзнікалі канфлікты з жыхарамі чатырох кватэр.
— Мы жывём тут амаль тры гады. Раней такой актыўнай агрэсіі не было. Узнікалі нейкія сваркі, але нічога сур'ёзнага. А вось апошнія два-тры тыдні ўсё нібыта абвастрылася.

Дзяўчына сцвярджае, што суседзі неаднаразова абражалі яе і Рамана, у тым ліку крычалі ім па-польску «выбірайся». Праз адзін з такіх канфліктаў пара ўжо выклікала паліцыю.
Пра свае падазрэнні Раман паведаміў паліцыі. Аднак хто менавіта заліў замкі пенай, пакуль невядома.
Паводле слоў дзяўчыны, ужо пасля здарэння да іх прыйшоў адзін з суседзяў з гаечным ключом. Ён абвінавачваў пару ў пашкоджанні сваёй маёмасці ў падвале. Вікторыя ўспрыняла яго паводзіны як пагрозу, хоць кажа, што не разумее, чаму ён да іх прыйшоў.
— Я і так у стрэсе і не разумею, чаму ён прыйшоў да нас.
«Мы цяпер не ведаем, што рабіць»
Вікторыя расказала, што пасля звароту Рамана ў камісарыят кватэру наведалі супрацоўнікі паліцыі. Яны агледзелі пашкоджаныя дзверы, сфатаграфавалі іх і сабралі ўзоры мантажнай пены і фарбы.
Пасля здарэння беларусы задумаліся пра пераезд, паколькі больш не адчуваюць сябе ў бяспецы. Аднак хутка змяніць жыллё ім няпроста.
Пара ўдзельнічае ў інтэграцыйнай праграме для людзей, якія атрымалі міжнародную абарону. Паводле слоў Вікторыі, падчас удзелу ў праграме ім непажадана мяняць месца жыхарства.
— Мы не ведаем, што цяпер рабіць. Тут стала сапраўды небяспечна. Хочам пагаварыць з гаспадаром кватэры, таму што заставацца ў такіх умовах страшна.
Каментары