Мінчук пайшоў уладкоўвацца на працу, а там яму прымроіўся пажар
У Мінску 27‑гадовага мужчыну, які прыйшоў уладкоўвацца на працу ў прыватную кампанію, затрымалі пасля таго, як ён пачаў руйнаваць усё навокал, уяўляючы, што адбываецца пажар і яму пагражае забойства, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Як паведамілі ў пракуратуры Фрунзенскага раёна, мужчына раней неаднаразова меў праблемы з законам. Напярэдадні візіту ў кампанію на вуліцы Каменнагорскай ён ужыў псіхатропнае рэчыва альфа-PVP.
На месцы яму раптам здалося, што пачаўся пажар. Мужчына разматаў пажарны рукаў і ўзяўся «ратаваць» людзей, ламаючы ўсё, што траплялася пад руку. Адначасова ён спрабаваў уратавацца ад незнаёмцаў, якія, як яму ўяўлялася, хацелі яго забіць. Супрацоўнікі кампаніі выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу.
Мужчыну затрымалі, а пазней супраць яго распачалі чарговую крымінальную справу. Ён цалкам прызнаў сваю віну. Паводле інфармацыі следства, шкода, нанесеная кампаніі, склала амаль 970 рублёў.
Абвінавачанне выстаўленае паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за хуліганства, якое суправаджаецца грубым парушэннем грамадскага парадку, відавочнай непавагай да грамадства і пашкоджаннем чужой маёмасці.
Намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Андрэй Сярбун паведаміў, што абвінавачаны вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі ў верасні 2025 года. Ён нідзе афіцыйна не працаваў і раней тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку двойчы — за злачынствы, звязаныя з незаконным абарачэннем забароненых псіхаактыўных рэчываў. Яго судзімасць застаецца непагашанай.
Мужчына мае трох малалетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні праз лад жыцця бацькі. Ягоная жонка памерла.
Каментары