«А дзе будзеце мыцца?» У Мінску знайшлі незвычайную кватэру за 450 рублёў у месяц
Кватэру ў Мінску прапануюць недалёка ад метро «Міхалова». Але ў ёй няма ні вадаправода, ні каналізацыі.

У Мінску знайшлі кватэру, якую прапануюць зняць за 150 даляраў у месяц. Знаходзіцца яна недалёка ад метро «Міхалова», дазволена засяляцца з жывёламі, ёсць мэбля і газавае ацяпленне. Праўда, з нюансам: у кватэры няма ні вадаправода, ні каналізацыі, піша Onliner.by.
Аднапакаёвая кватэра плошчай 30 квадратных метраў знаходзіцца недалёка ад станцыі метро «Міхалова», побач з гандлёвым цэнтрам Outleto. Унутры ёсць мэбля і газавае ацяпленне, дазволена пражыванне з жывёламі. Камунальныя плацяжы складуць каля 90 рублёў у месяц, а перад засяленнем прыйдзецца пакінуць заклад 100 даляраў.
З бытавымі выгодамі ўсё складаней. Па ваду прыйдзецца хадзіць да калонкі на вуліцы, там жа знаходзіцца прыбіральня. Як будучыя жыльцы будуць прымаць душ і праць адзенне, уладальнік прапануе прыдумаць самастойна.
Зрэшты, доўга прывыкаць да такіх умоў, верагодна, не прыйдзецца. Кватэру папярэдне прапануюць зняць усяго на месяц, бо дом ідзе пад знос. Што будзе далей, аўтар аб'явы пакуль не ведае.
Незвычайную прапанову заўважылі карыстальнікі Threads. У каментарыях абмяркоўваюць, хто ўвогуле пагодзіцца плаціць за такія ўмовы, і асабліва здзіўляюцца патрабаванню ўнесці заклад.
— Гэта ён заплаціць, каб нехта жыў там? — цікавіцца адзін з карыстальнікаў.
— Ён хоча даведацца, дзе патэнцыйныя жыхары будуць мыцца і працца, бо ў самога ідэй няма, — мяркуе іншы.
Пры гэтым кватэра па-ранейшаму фігуруе ў аб'яве як варыянт арэнды за 150 даляраў у месяц.
Каментары