Кватэра ў Depo стала самай дарагой у кастрычніку. Метр ацанілі ў 8300 даляраў
У сегменце прэміяльных кватэр Мінска — без зменаў. Самая дарагая нерухомасць, прададзеная на другасным рынку ў кастрычніку, зноў у жылым комплексе Depo. Гэтым разам тут набылі кватэру за 740 тысяч даляраў, піша Realt.by.

У раёне плошчы Перамогі, у гістарычным месцы, дзе ў 19‑м стагоддзі размяшчаўся конскі рынак, а пазней — трамвайнае і тралейбуснае дэпо, забудоўшчык «А-100 Дэвелопмент» узводзіць жылы комплекс Depo. Першыя дамы ў закрытым ЖК здалі ў канцы 2022 года.
Самай дарагой кватэрай месяца стала жыллё якраз у адным з першых дамоў на вуліцы Кісялёва. Тут у кастрычніку купілі кватэру агульнай плошчай каля 90 квадратных метраў. Абышлася яна пакупніку ў 740 тысяч даляраў (ці 8302 даляры за квадратны метр).
Дарэчы, цяпер на другасным рынку ў комплексе Depo прадаецца сем кватэр па кошце 1‑3 мільёны рублёў ( 344‑980 тысяч даляраў).
У лік самых прыкметных здзелак месяца, акрамя Depo, увайшла кватэра ў новым комплексе на Грыбаедава і жыллё ў «Алімпік Парку». Гэтыя кватэры купілі за 500+ тысяч даляраў.
Каментары