У Маскве да 160‑годдзя з дня нараджэння знакамітага ўраджэнца Гродна Льва Бакста сабралі ягоныя карціны, тэатральныя касцюмы, эскізы для парыжскіх дамоў моды і тысячы архіўных дакументаў. Адначасова з арыгінальнымі артэфактамі пачатку XX стагоддзя куратары паказалі віртуальнае дэфіле, дзе пашытыя паводле малюнкаў мастака сукенкі дэманструе штучны інтэлект.

Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква, Расія) 9 лістапада прадставіла выставачны праект, які заняў адразу два паверхі Інжынернага корпуса і працягнецца да 18 красавіка 2027 года. Як адзначае выданне Buro 24/7, экспазіцыя аб’яднала прадметы з больш чым дзесяці расійскіх збораў, сярод якіх Рускі музей, ДМІІ імя Пушкіна, Гістарычны і Бахрушынскі музеі. Куратарамі выступілі загадчыца аддзела графікі XVIII — пачатку XX стагоддзя Ірына Шуманава і загадчыца аддзела рукапісаў Траццякоўкі Алена Тэркель.
Гродзенскія карані і зяць Паўла Траццякова

Будучы рэфарматар еўрапейскага тэатра і моды нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне пад імем Лейб-Хаім Ізраілевіч Розенберг у артадаксальнай яўрэйскай сям’і. Ягоны бацька быў знаўцам Талмуда, аднак фінансавы дабрабыт сям’і забяспечваў дзед па кудзелі — паспяховы пастаўшчык сукна для расійскай арміі Пінхус Розенберг.
Паводле ўспамінаў пляменніцы мастака Марыі Клячко, дзявочае прозвішча маці было Бакстэр, ад чаго ў 1889 годзе і ўтварыўся псеўданім Бакст. Каб вывезці сям’ю адзінай дачкі за мяжу аселасці ў Санкт-Пецярбург і вызваліць зяця ад вайсковай павіннасці, дзед афіцыйна ўсынавіў мужа сваёй дачкі. Пры гэтым бабуля мастака, Рыўка Маргенштэрн, ехаць у сталіцу адмовілася, бо пабаялася чыгункі, і засталася дажываць век у Гродне.
У Пецярбургу Леў Розенберг паступіў вольнаслухачом у Акадэмію мастацтваў, але пакінуў яе ў 1887 годзе пасля скандалу вакол ягонай занадта экспрэсіўнай конкурснай карціны «Аплакванне Хрыста».
Калі ў 1886 годзе бацькі развяліся і стварылі новыя сем’і, Леў, ягоны малодшы брат Ісай і сёстры Сафія ды Разалія знялі асобную кватэру. Галоўным здабытчыкам стаў старэйшы брат, які, паводле ўспамінаў пляменніцы, тады «не грэбаваў ніякай малявальнай работай».

Для самой Траццякоўскай галерэі постаць Бакста мае прамое сямейнае значэнне. У 1903 годзе ў Варшаве мастак прыняў лютэранства, каб ажаніцца з Любоўю Грыцэнка — дачкой заснавальніка галерэі Паўла Траццякова і ўдавой мастака Мікалая Грыцэнкі.
Шлюб аказаўся нядоўгім: у 1907 годзе пара рассталася пасля нараджэння сына Андрэя, а ў 1910‑м афіцыйна развялася праз хадайніцтва на імператарскае імя пасля адмовы Сінода.
Тым не менш Бакст да канца жыцця фінансава падтрымліваў былую жонку, сына і падчарыцу Марыну, а ў канцы 1922 года змог выцягнуць іх з Савецкай Расіі ў Еўропу.
Менавіта сын Андрэй у 1965 годзе перадаў з Парыжа ў аддзел рукапісаў Траццякоўкі гіганцкі архіў бацькі — 2620 адзінак захоўвання, якія сталі дакументальнай асновай цяперашняй выставы.

У першай зале экспазіцыі, прысвечанай пецярбургскаму перыяду і аб’яднанню «Свет мастацтва» — дзе з Бакстам сярод іншых супрацоўнічалі выхадцы з Беларусі і Літвы Фердынанд Рушчыц, Станіслаў Жукоўскі і Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс, — выстаўлены партрэты Аляксандра Бенуа, Канстанціна Сомава і Сяргея Дзягілева.
Дарэчы, Рушчыц яшчэ 12 студзеня 1897 года ў сваім дзённіку вылучаў гродзенца на агульным фоне сталічнай школы:
«На выставе акварэлістаў. Сумна. Заўсёды тое самае. Выбітных мастакоў няма. Тыя самыя матывы, і нават ва ўсіх тыя самыя прапорцыі. Выключэннем ёсць толькі Бакст».
Побач экспануецца малавядомы парадны партрэт Мікалая II у поўны рост у мундзіры лейб-гвардыі са збору Гістарычнага музея. У 1895 годзе Бакст, які тады выкладаў маляванне дзецям вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча, напісаў гэты партрэт у Парыжы паводле фатаграфіі, бо імператар яму асабіста не пазіраваў.

Асобны раздзел прысвечаны падарожжу Бакста і Валянціна Сярова ў Грэцыю і на Крыт у 1907 годзе. Тут «антычныя» эскізы мастака паказаны ў дыялогу з варыянтамі «Выкрадання Еўропы» Сярова і манументальным палатном самога Бакста «Старажытны жах» (Terror Antiquus) 1908 года з калекцыі Рускага музея, дзе на фоне гібелі цывілізацыі ўзвышаецца архаічная статуя Афрадыты.

Парыжскі трыумф
Пасля таго як у 1909 годзе Бакст дэманстратыўна вярнуўся з хрысціянства ў іўдаізм, расійскія ўлады пазбавілі яго права жыхарства ў Санкт-Пецярбургу — афіцыйнае прадпісанне пакінуць сталіцу ён атрымаў падчас візіту ў 1912 годзе, і сітуацыю не змяніла нават абранне акадэмікам жывапісу ў 1914-м. Мастак канчаткова перабраўся ў Парыж, дзе стаў галоўным сцэнографам «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева.


Пастаноўкі балетаў «Клеапатра» 1909 года, «Шахеразада» і «Жар-птушка» 1910-га, «Здань ружы» 1911-га, «Паўдзённы адпачынак фаўна» і «Дафніс і Хлоя» 1912 года зрабілі ўраджэнца Гродна сусветнай знакамітасцю. На выставе ў Маскве, акрамя эскізаў і афіш, паказаны арыгінальныя сцэнічныя касцюмы тых гадоў і пуанты прымы дзягілеўскай трупы Тамары Карсавінай, зробленыя паводле малюнка Бакста.
Мастак адмовіўся ад традыцыйных пастэльных тонаў і гарсэтаў, якія сціскалі рухі танцоўшчыкаў, увёўшы на сцэну насычаныя ўсходнія колеры і адкрытае цела.


Тэатральная экзотыка імгненна перакінулася ў высокую моду. Ужо ўлетку 1910 года знакаміты парыжскі куцюр’е Поль Пуарэ прапанаваў Баксту 12 тысяч франкаў за 12 эскізаў сукенак. У 1913 годзе мастак падпісаў трохгадовы кантракт з домам моды Жанны Пакен (Maison Paquin), паводле якога дзве траціны мадэляў дома ствараліся выключна паводле ягоных малюнкаў і пад ягоным асабістым наглядам. Адначасова фірма Каміль Ражэ (Camille Roger) заключыла з ім гадавы дагавор на дызайн капелюшоў, а дом «Хельстэрн і сыны» (Hellstern & Sons) — на выраб абутку ад антычных сандаляў да высокіх паўботаў.
У лісце да жонкі ад 1 сакавіка 1913 года Бакст паведамляў фінансавыя дэталі: ён атрымліваў роўна 10% з кожнай прададзенай сукенкі, капелюша і пары абутку.

Сярод ягоных прыватных кліентак былі італьянская маркіза Луіза Казаці, для якой у верасні 1913 года ён аформіў баль на плошчы Сан-Марка ў Венецыі з 200 чарнаскурымі слугамі ў чырвоных аксамітных камзолах, і мільянерка Іда Рубінштэйн, якая першай надзела прыдуманы ім сіні парык. У Пецярбургу ў пачатку 1914 года паводле ягоных распрацовак прайшоў знакаміты «баль каляровых парыкоў» у графіні Лізаветы Шувалавай, для якога з Ніцы выпісалі вагон жывых кветак.
Аднак за вонкавым бляскам хаваліся цяжкія асабістыя крызісы. У 1918 годзе Бакст са скандалам разарваў адносіны з Дзягілевым: антрэпрэнёр больш за год трымаў мастака на замове для балета «Чароўная крама», не заплаціўшы за папярэднюю працу, а потым цішком аддаў пастаноўку Андрэ Дэрэну і арганізаваў у прэсе кампанію па крытыцы стылю былога сябра як «састарэлага».
У тым жа 1918 годзе з галоднага Петраграда прыйшла вестка пра смерць ад знясілення роднай сястры Бакста, пісьменніцы Разаліі Манфрэд — маці вядомага ў будучыні савецкага гісторыка Альберта Манфрэда.


У мастака здарыўся цяжкі нервовы зрыў, ускладнены гіпертаніяй і праблемамі са зрокам. Бездапаможным станам Бакста ў Парыжы скарысталася ягоная прыслуга Лінда і яе муж: яны перахоплівалі па даверанасці заакіянскія ганарары мастака — у прыватнасці, 34 500 франкаў за прададзеныя ў ЗША карціны ў канцы 1919 года, — трымалі яго ў ізаляцыі ў паўцёмнай майстэрні, вымусілі падарыць ім дзве карціны і патрабавалі ўпісаць сябе ў тастамент.
Выратавала Бакста толькі ўмяшанне ягонай амерыканскай сяброўкі і агента Аліс Гарэт: яна пераслала грошы ў Лазану другой сястры мастака, Сафіі Клячко, якая ўвесну 1920 года здолела прарвацца з дзецьмі ў Парыж і выхадзіць брата, якога знайшла зарослым вялікай барадой і ў чорных акулярах.

Індзейскія арнаменты на амерыканскім шоўку
Апошнія раздзелы выставы ў Траццякоўцы прысвечаны амерыканскаму перыяду жыцця майстра. У ЗША, куды Бакст двойчы прыязджаў на працяглы час у 1922—1924 гадах, ён утрымліваў сваімі заробкамі 14 чалавек радні. Мастак жыў у Балтымары ў маёнтку «Эвергрын», які належаў дыпламату Джону Гарэту і ягонай жонцы Аліс. Там Бакст перарабіў былую гімнастычную залу 1885 года пабудовы ў прыватны мадэрнісцкі тэатр, распісаўшы яго па трафарэтах матывамі з кнігі Чарльза Холма «Сялянскае мастацтва ў Расіі». Гэты тэатр у Балтымары застаецца адзіным захаваным да нашых дзён прыватным тэатральным інтэр’ерам работы Бакста.

За акіянам гродзенец знайшоў новую крыніцу даходу: ён чытаў лекцыі пра моду і класіцызм у жывапісе. За адзін выступ у нью-ёркскім гатэлі «Плаза» 30 студзеня 1923 года яму заплацілі 2000 даляраў — больш, чым за карціну алеем,
хаця ў 1924 годзе ў Лос-Анджэлесе мясцовая арганізатарка спадарыня Кальбер уцякла ў Сан-Францыска з усёй касай, пакінуўшы лектара без капейкі ў цёмнай зале.
Акрамя таго, у 1923 годзе Бакст пачаў супрацоўнічаць з «шаўковым каралём» Амерыкі Артурам Селігам, які для новага бізнесу змяніў прозвішча на Зеліг і адкрыў краму праз кампанію Robinson Silk Co.


Натхніўшыся тканінамі старажытных цывілізацый Перу і мастацтвам паўночнаамерыканскіх індзейцаў, мастак распрацаваў серыю прынтаў для масавай фабрычнай вытворчасці набіванага шоўку. Паводле слоў самога Бакста, поспех быў такім, што ў ЗША нават пачалі вырабляць кантрафактную прадукцыю «пад Бакста».
На выставе ў Інжынерным корпусе ўзоры гэтых тканін 1920‑х гадоў дапоўнены сучаснай мультымедыйнай інсталяцыяй. З дапамогай нейрасетак куратары стварылі віртуальны модны паказ: па лічбавым подыуме крочаць згенераваныя штучным інтэлектам мадэлі ў адзенні, адноўленым паводле арыгінальных эскізаў мастака, што дазваляе ўбачыць дынаміку крою і тканіны ў руху.
Сам Леў Бакст памёр 27 снежня 1924 года ва ўзросце 58 гадоў ад ацёку лёгкіх у клініцы пад Парыжам, а апошні запіс у ягоным штодзённіку ад 28 чэрвеня 1924 года гучаў каротка: «Адпраўка ў Амерыку малюнкаў».

На радзіме мастака, у Беларусі, ягоная спадчына прадстаўлена сямю арыгінальнымі работамі — у тым ліку «Эскізам касцюма Жар-птушкі» і альбомам да балета «Спячая прыгажуня» 1922 года, — якія ў 2013—2014 гадах былі набытыя для карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, а таксама некалькімі творамі тыражнай графікі ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары