У апошнія гады ён працаваў у мэблевым бізнэсе.

У 43‑гады памёр амерыканскі акцёр Крысціян Казінс. Многія яго памятаюць па папулярнай камедыі 90‑х «Нянькі» (Twin Sitters), дзе ён разам з братам-блізнюком сыграў непаслухмяных хлопчыкаў.
Пра смерць акцёра (яго не стала ў кастрычніку) паведаміў у сацыяльных сетках яго зводны брат Джонас Розер, напісаўшы, што Казінс «вельмі цяжка хварэў на захворванне печані», паведамляе Los Angeles Times.

Казінс і яго брат-блізнюк Джозэф здымаліся таксама разам з Арнольдам Шварцэнэгерам у фільме «Дзетсадаўскі паліцэйскі» (Kindergarten Cop), па чарзе выконваючы ролю Дамініка — сына небяспечнага наркагандляра, які хаваўся разам са сваёй маці Джойс. Герой Шварцэнэгера, дэтэктыў паліцыі Лос-Анджэлеса, працуе пад прыкрыццём выхавальнікам у дзіцячым садзе, закохваецца ў сваю калегу Джойс і становіцца для Дамініка як бацька.
«Цяжка паведамляць, што мой брат, Крысціян Казінс, пайшоў з жыцця, — напісаў Розер у Instagram. — Крысціян і яго брат-блізнюк Джозэф «Джоі» Казінс — мае браты па біялагічным бацьку. Яны выраслі ў Каліфорніі, у той час як я жыў у Вашынгтоне, і я не быў з імі знаёмы, пакуль не паступіў у каледж».
«Ён быў яркай асобай, поўнай запалу і энергіі, з вялікімі гісторыямі і яшчэ большымі марамі», — напісаў Розер.
Казінс разам з братам-блізнюком дзялілі ролі на тэлебачанні і ў кіно ў 80‑х і 90‑х гадах. Апроч згаданых ужо фільмаў, ён зняўся ў «Зубасціках 3» (Critters 3), а таксама ў тэлесерыялах «Жудасны горад» (Eerie, Indiana), «Пустое гняздо» (Empty Nest) і «Прышэльцы» (Intruders).
Казінсу было 7 гадоў, калі ён здымаўся ў «Дзетсадаўскім паліцэйскім», і пасля выхаду фільма ў пракат, паводле яго слоў, яго пазнавалі і акружалі дзеля аўтографаў у гандлёвых цэнтрах, аэрапортах і ў Дыснэйлэндзе. Ён успамінаў, як у парку забаў цэлы аўтобус дзяцей выстраіўся ў чаргу і прасіў персанальныя пажаданні. Ён быў настолькі малы, што яму было цяжка правільна напісаць па літарах слова «прыгожы» (beautiful).
У 2020‑м Казінс расказаў, што сышоў з акцёрскай прафесіі і працуе ў мэблевым бізнэсе.
Мяркуючы па старонцы Казінса ў Facebook, ён жыў ва Усходнім Ірвайне і ў апошнія гады змагаўся з праблемамі са здароўем.
Каментары