Свет

Амерыканскі судмедэксперт: Джэфры Эпштэйн, імаверна, быў забіты, а не пакончыў з сабой

Амерыканскі судова-медыцынскі эксперт Майкл Фрыман заявіў Бі-бі-сі, што фінансіст Джэфры Эпштэйн, абвінавачаны ў сексуальнай эксплуатацыі непаўналетніх і знойдзены мёртвым у турэмнай камеры ў 2019 годзе, быў, хутчэй за ўсё, забіты, а не скончыў жыццё самагубствам.

Джэфры Эпштэйн. Фота: Getty Images

Прафесар Фрыман сам не аглядаў цела Эпштэйна, але вывучыў судовыя дакументы аб яго смерці. На падставе ўбачанага ён сказаў у тэлеэфіры Бі-бі-сі, што Эпштэйн быў задушаны — хутчэй за ўсё, удаўкай ззаду, паведамляе Бі-бі-сі.

Пры гэтым судмедэксперт, які сем гадоў таму праводзіў ускрыццё цела Эпштэйна, даў афіцыйнае заключэнне, што характар пашкоджанняў цела адпавядае самагубству. Ён таксама прыйшоў да высновы, што на целе не было раненняў, якія звычайна атрымлівае той, хто адбіваецца ад забойцы.

66‑гадовы Джэфры Эпштэйн, які сябраваў з мноствам палітыкаў і буйных бізнесменаў з ЗША, Брытаніі і іншых краін, уключаючы Дональда Трампа, быў знойдзены мёртвым 10 жніўня 2019 года ў камеры ў нью-ёркскай турме. Там ён сядзеў у чаканні суда па абвінавачанні ў сексуальнай эксплуатацыі дзяўчат.

Тагачасны галоўны судмедэксперт Нью-Ёрка доктар Барбара Сэмпсан, якая зрабіла выснову, што смерць Эпштэйна была самагубствам, раней заяўляла: «Я цвёрда стаю на нашым заключэнні адносна прычыны і характару смерці містэра Эпштэйна. Прычына — павешанне, характар — самагубства».

Майкл Фрыман у сваёй кар'еры працаваў судмедэкспертам пры генеральных пракурорах розных штатаў ЗША і высвятляў прычыны смерці пад арыштам або ў зняволенні, у тым ліку — прычыны смерці Джорджа Флоіда ў 2020 годзе ў Мінеапалісе.

Ён атрымаў дакументы медыцынскага агляду цела Эпштэйна ад ягонага брата, Марка Эпштэйна, вывучаў іх на працягу года, а ў гэты панядзелак выступіў з дакладам аб выніках ва Універсітэцкім каледжы Лондана. Затым ён расказаў пра свае высновы ў эфіры Бі-бі-сі.

Што менавіта кажа Фрыман

Сам Марк Эпштэйн упэўнены, што яго брат быў забіты.

Прафесар Фрыман запэўнівае, што аналізаваў дакументы непрадузята і што Марк Эпштэйн нічога яму не плаціў. Яго даследаванне не рэцэнзавалася іншымі экспертамі.

Фрыман расказаў Бі-бі-сі, што, на яго думку, доказы паказваюць на тое, што на Эпштэйна напалі. Сярод гэтых доказаў — моцны крывападцёк на левым плячы і пашкоджанні, якія могуць сведчыць аб удары ў твар.

На думку прафесара Фрымана, вынікі агляду цела з вялікай верагоднасцю паказваюць на задушванне пятлёй, імправізаванай удаўкай, і затым падвешванне цела на нарах на гэтай жа пятлі.

Ён сказаў, што над следам ад пятлі на шыі Эпштэйна можна было разгледзець сляды ад пазногцяў.

«Гэта адпавядае карціне задушвання, асабліва ззаду, і спробаў ахвяры зняць пятлю з шыі», — патлумачыў судмедэксперт.

«Пашкоджанні і тое, у якім становішчы было знойдзена цела, не адпавядаюць адно аднаму. Так што застаецца толькі адно тлумачэнне: смерць была вынікам забойства», — заявіў прафесар Фрыман.

Судмедэксперт, які праводзіў ускрыццё цела Эпштэйна, паведамляў Мінюсту ЗША, што траўмы Эпштэйна больш адпавядалі самагубству праз павешанне, чым забойству шляхам задушвання. Ён таксама заявіў аб адсутнасці сведчанняў траўмаў, якія маглі з'явіцца ў момант, калі ахвяра абаранялася (такія пашкоджанні знаходзяць на ахвярах задушвання).

Акрамя таго, паводле слоў Фрымана, у выпадку са смерцю праз павешанне ў турме ён чакаў бы ад следства фатаграфіі цела, зробленай да таго, як яго выцягнулі з пятлі.

Міністэрства юстыцыі ЗША па выніках расследавання абставін смерці Эпштэйна заявіла, што ахоўнік, які выявіў Эпштэйна ў пятлі, адразу ж паклікаў калегу, і яны ўдваіх паклалі цела на падлогу і паспрабавалі зрабіць штучнае дыханне.

Акрамя таго, Мінюст заяўляў, што за месяц да смерці Эпштэйн быў ненадоўга змешчаны пад назіранне ў сувязі з асцярогамі, што ён можа ўчыніць самагубства.

На пытанне, хто мог забіць Эпштэйна, доктар Фрыман адказаў: «Паняцця не маю. На гэты конт у мяне няма меркавання. Гэта зусім не ўваходзіла ў мэты майго расследавання».

У адказ на пытанне, ці нельга лічыць, што яго погляды мяжуюць з тэорыямі змовы, эксперт заявіў: «На шчасце, я магу сказаць: не верце мне на слова, няхай кожны вывучыць наяўныя звесткі самастойна».

«Калі вы лічыце, што я распаўсюджваю тэорыі змовы, таму што гляджу на нешта падобнае на задушванне і называю гэта задушваннем, а не павешаннем, пакажыце мне, дзе я памыляюся, — працягнуў эксперт. — Я цалкам да гэтага адкрыты. Я ж навуковец, я заўсёды рады пачуць абгрунтаваныя меркаванні іншых людзей».

Джэфры Эпштэйн упершыню быў абвінавачаны ва ўцягванні непаўналетніх у прастытуцыю ў 2008 годзе, але тады ён, дзякуючы ўгодзе са следствам, атрымаў усяго 13 месяцаў турмы.

Праз 11 гадоў Эпштэйну высунулі абвінавачанне ў арганізацыі цэлай сістэмы сексуальнай эксплуатацыі непаўналетніх дзяўчат, і па гэтым абвінавачанні яму пагражалі ўжо дзесяцігоддзі турмы.

Каментары

Цяпер чытаюць

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Усе навіны →
Усе навіны

Дачакалася з войска і паехала з ім у рэйс. Пад Старымі Дарогамі загінула маладая пара з Бабруйска3

Нявестка Ліліі Ананіч стала топ-менеджарам у БелТА — вярнулася на радзіму праз чатыры месяцы пасля эміграцыі ў Кітай24

Ва Украіне 14‑гадовая школьніца нарадзіла ад 60‑гадовага мужчыны. Яна кажа, што ён добры бацька, і прасіла не караць яго28

Таксіста і былога ахоўніка «Еўраопта» з Баранавічаў абвінавачваюць па палітычным артыкуле3

УСУ ўдарылі па Крымскім мосце. Рух транспарту спынены15

Турысты накідалі ў фантан Трэві амаль на 200 тысяч еўра менш пасля таго, як падыход да яго зрабілі платным4

Кітайскі маркетплэйс Temu сам прапанаваў беларусцы супрацоўніцтва, але зліўся, калі даведаўся яе грамадзянства13

Мінабароны расказала, як над Беларуссю збіваюць заблукалыя дроны2

З Янам Памедорам Рэуцкім развіталіся ў Варшаве

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць