Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў магчымасць змякчэння санкцый супраць Беларусі і яе ролю ў мірных перамовах
Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрв’ю The Kyiv Independent выказаўся пра амерыканскія ініцыятывы наконт беларускага калію і змякчэння санкцый, а таксама ацаніў магчымую ролю Мінска ў перамовах аб завяршэнні вайны ва Украіне.

Кястуціс Будрыс назваў Беларусь «безумоўнай саўдзельніцай» расійскай агрэсіі і заявіў, што не бачыць падстаў для перагляду еўрапейскіх санкцый. Міністр нагадаў, што Расія выкарыстала тэрыторыю і паветраную прастору Беларусі для пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Таму Вільня не збіраецца аслабляць санкцыі і іншыя абмежаванні.
«Больш за тое, я не магу ўявіць, каб нехта з 27 [краін ЕС] падняў руку і сказаў: ведаеце, на маю думку, паводзіны Беларусі змяніліся ва ўсіх сферах, праз якія мы ўвялі санкцыі», — сказаў Будрыс.
Ён прагназуе, што ў лютым 2027 года, калі прыйдзе час чарговага падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі, іх захаваюць яшчэ на год без істотных змен.
Пры гэтым Будрыс падкрэсліў, што розніца ў падыходах Вашынгтона і Бруселя пакуль не ператварылася ў амерыканскі ціск. Паводле яго, ЗША не патрабавалі ад Еўрасаюза пераглядаць сваю пазіцыю.
Бакі абмяркоўвалі Беларусь, Літва выклала свой погляд, але ніякіх далейшых крокаў пасля гэтых размоў не было, патлумачыў міністр.
Беларусь — адзін з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў калійных угнаенняў. Пасля санкцый яе доля на міжнародным рынку скарацілася. Праз санкцыі закрылі маршрут праз літоўскі порт Клайпеды, які быў для беларускага калію найбольш танным і эфектыўным шляхам экспарту.
Як раней паведамлялася са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, ідэю аднаўлення гэтага маршруту прасоўвае амерыканскі пасланнік Джон Коўл. Аднак, паводле суразмоўцаў выдання The Kyiv Independent, яго ініцыятыва не азначае шырэйшай змены палітыкі Вашынгтона.
Асобна Будрыс выказаўся пра расійскую вайсковую прысутнасць у Беларусі. Ціханоўская спадзяецца, што гэтае пытанне таксама можна будзе ўзняць на мірных перамовах. Міністр жа разглядае дзеянні Масквы як падрыхтоўку пазіцый для будучага гандлю і параўноўвае Беларусь з расійскай «разменнай манетай».
«Яны [Расія] робяць гэта якраз дзеля будучых перамоў», — сказаў ён.
Самастойнай ролі Мінска ў гэтым працэсе Будрыс не бачыць: «Ці з’яўляецца Беларусь тут нейкім самастойным удзельнікам? Я гэтага не бачу».
Адначасова Літва працягвае настойваць на абмежаваннях супраць Расіі і Беларусі, нават калі не атрымлівае агульнаеўрапейскай падтрымкі. У кастрычніку яна страціла права правесці сусветны турнір па пяцібор’і пасля таго, як не дазволіла ўдзельнічаць расійскім і беларускім спартсменам.
Паводле Будрыса, гэта не першы выпадак, калі Літва застаецца адна. Адсутнасць супольнай рэакцыі ён патлумачыў недахопам палітычнай волі, дадаўшы, што некаторыя ў ЕС могуць «хавацца за працэдурамі». Міністр лічыць, што для абмежавання ўдзелу Расіі і Беларусі трэба выкарыстоўваць у тым ліку фінансаванне і візавую палітыку.
Каментары
За тое некаторыя беларускія дзеячы ў эміграцыі ахвотна падымаюць рукі, адразу абедзьве.