Інфапункты для беларусаў за мяжой створаць у Вільні, Варшаве і Познані. Колькі ў іх будзе супрацоўнікаў і хто стане плаціць заробкі?
Там падкажуць, куды звяртацца з пытаннямі працаўладкавання, легалізацыі, медыцыны і адукацыі.

Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы плануе да сярэдзіны снежня адкрыць бясплатныя інфармацыйныя пункты для беларусаў у Вільні, Варшаве і Познані. Там падкажуць, куды звяртацца з пытаннямі працаўладкавання, легалізацыі, медыцыны і адукацыі. «Белсат» пацікавіўся, навошта патрэбныя фізічныя пункты, калі дапамогу можна атрымаць анлайн, а таксама даведаўся, ці ёсць на гэта фінансаванне.
«Спачатку будуць валанцёры»
Афлайн-пункты разлічаныя на людзей, якім цяжка самастойна знайсці дапамогу ў інтэрнэце — сярод іх былыя палітвязні і людзі пенсійнага веку.
«У пункце ім падкажуць, якая арганізацыя можа дапамагчы з іх праблемай, і пры неабходнасці дадуць памятку з інфармацыяй», — расказала «Белсату» Вераніка Станкевіч, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК.
У кожным пункце будзе працаваць па адным чалавеку. Спачатку гэта будуць валанцёры. Цяпер каманда шукае фінансаванне, каб аплачваць іх працу. У тэставым рэжыме пункты плануюць адкрываць два-тры разы на тыдзень у будныя дні, бліжэй да вечара, каб туды можна было прыйсці пасля працы.
«Перад запускам каманда праводзіць апытанне, каб даведацца, ці патрэбныя такія пункты і ў які час людзям было б зручна прыходзіць. Дамоўленасці наконт некалькіх памяшканняў ужо ёсць, але спіс гарадоў яшчэ можа змяніцца. Напрыклад, калі апытанне пакажа, што ў Познані такі пункт не патрэбны, яго могуць адкрыць у іншым горадзе», — кажа яна.
У інфапунктах збяруць інфармацыю пра беларускія арганізацыі, якія дапамагаюць з легалізацыяй, працаўладкаваннем, адукацыяй ці гуманітарнымі пытаннямі. Кансультанты падкажуць, куды звярнуцца ў канкрэтнай сітуацыі, дадуць патрэбныя спасылкі і пры неабходнасці дапамогуць падаць заяўку онлайн. У прадстаўніцтве разлічваюць, што так людзі будуць радзей звяртацца, напрыклад, па фінансавую дапамогу ў арганізацыі, якія займаюцца легалізацыяй.
Дыяспары патрэбныя месцы, куды можна прыйсці з пытаннямі
Паводле суразмоўцы «Белсату», патрэбу ў асабістых кансультацыях заўважылі падчас працы з былымі палітвязнямі. У некаторых з іх няма камп’ютара, таму нават запоўніць анкету на атрыманне дапамогі бывае складана. Раней для гэтага сустракаліся, у тым ліку, у кавярнях.
«У нас ёсць кейсы, яшчэ калі я працавала ў «Вольных», як да чалавека едзе праз увесь горад валанцёр, каб дапамагчы, каб адкрыць камп’ютар і нешта зрабіць», — расказала яна.
Як прыклад працы ў пункце Станкевіч прыводзіць дапамогу ў замове прадуктовага набору, які атрымліваюць былыя палітвязні пасля выхаду на волю. Пра тое, наколькі запатрабаваныя пункты, каманда будзе меркаваць па колькасці зваротаў пасля тэставага запуску.
Праз шэсць гадоў эміграцыі патрэба ў асабістых кансультацыях стала большай, чым у першы год, мяркуе Станкевіч. За гэты час у краінах, дзе плануюць адкрыць інфапункты, паболела беларусаў, і, на яе думку, дыяспары патрэбныя пастаянныя месцы, куды можна прыйсці з пытаннямі.
«Беларусаў шмат, праблем шмат, і трэба, каб нехта адказваў на гэтыя пытанні», — сказала яна.
Каментары