Грамадства

«Шмат плацяжоў было ў Польшчы». Беларусы масава скардзяцца на блакаванне банкаўскіх картак

Беларусы скардзяцца на масавае блакаванне банкаўскіх картак Visa і Mastercard — за апошнія два дні некаторыя пазбавіліся адразу некалькіх картак розных банкаў. Многія заўважылі, што раней аплачвалі імі паслугі польскага мабільнага аператара Orange. У Польшчы тым часам пацвердзілі кібератаку на плацёжны сэрвіс Autopay, праз які ў тым ліку можна папаўняць рахункі мабільных тэлефонаў, піша «Люстэрка».

Фота: Lookby.Media

Адна з карыстальніц Threads распавяла, што за вечар у яе заблакавалі адразу дзве карткі — Visa Прыёрбанка і Mastercard БСБ Банка.

«У мяне за вечар мінус карткі Прыёра Visa і БСБ Mastercard. Імгненныя блакіроўкі без якога-небудзь папярэджання! У абодвух выпадках банкі спасылаюцца на паведамленне аб «кампраметацыі карткі» ад плацежных сістэм. Што наогул адбываецца?» — напісала яна.

У каментарах пачалі з'яўляцца дзясяткі падобных гісторый — карыстальнікі паведамляюць пра блакіроўкі картак БСБ Банка, Прыёрбанка, МТБанка, Альфа Банка, Тэхнабанка, Беларусбанка і іншых айчынных банкаў.

Шмат хто заўважыў агульную дэталь — яны аплачвалі беларускімі карткамі паслугі польскага мабільнага аператара Orange:

  • «У мяне Visa Альфа ўчора і сёння БСБ Mastercard, з абедзвюх аплачваўся Orange».
  • «Опанькі, мне сёння з МТБ тэлефанавалі, сказалі падысці бясплатна перавыпусціць картку, прычым толькі адну з чатырох гэтага банка. І менавіта з яе я аплачвала Orange!»
  • «Такая ж сітуацыя і ў мяне. Учора Альфа, сёння Прыёр. З абедзвюх картак аплачваў Orange».
  • «У мяне таксама сёння заблакавалі БСБ, з якой летам аплачвала Orange і Booking».
  • «БСБ, з якой аплачвала Orange. Даведалася ў аддзяленні, калі прыйшла папаўняць. Да слова, у дадатку картка не заблакаваная і апавяшчэнняў ніякіх няма».
  • «Мінус Visa і мінус Mastercard. Адна ўчора, другая сёння. Па Visa сказалі, што былі заўважаныя нейкія дзеянні з 22 кастрычніка па 11 лістапада. Ведаю, што мне на пошту прыходзіла апавяшчэнне 10 лістапада ад Autopay, што быў узлом нейкай кампаніі ў Польшчы, з офісам у Сопаце. Як усё ўзаемазвязана — незразумела… Шмат плацяжоў было ў Польшчы, на які канкрэтна думаць — незразумела».

Пры гэтым не ўсе, хто сутыкнуўся з блакіроўкамі, карысталіся польскім аператарам — некаторыя згадвалі іншыя замежныя плацяжы, інтэрнэт-крамы і падпіскі:

  • «Мне сёння двойчы МТБанк тэлефанаваў і настойваў на блакіроўцы карткі! Апошняе, што аплачвала з яе ў інтэрнэце, — падпіска Okko. У жніўні спрабавала аплаціць Orange, але аплата не праходзіла, выдавала памылку!»
  • «У мяне — Тэхнабанк, у хлопца — Прыёрбанк. Ён аплачваў iCloud і CapCut».
  • «У мяне БСБ учора, напярэдадні была ў Польшчы, Orange не аплачвала, аплачвала тавары ў «Бедронцы» і каву ў аўтаматах».

У іншай галінцы Threads беларуска пацікавілася, ці сутыкаюцца іншыя трымальнікі Visa і Mastercard з падобнымі блакіроўкамі. Там таксама з'явіліся дзясяткі паведамленняў пра праблемы з карткамі розных банкаў.

На пытанне адказаў і афіцыйны акаўнт Тэхнабанка: «На жаль, так, цяпер склалася такая сітуацыя».

Што магло стаць прычынай блакіровак

11 лістапада ў Польшчы выявілі кібератаку на плацежны сэрвіс Autopay, зарэгістраваны ў Сопаце. Кампанія пацвердзіла, што зламыснікі атрымалі несанкцыянаваны доступ да часткі яе інфраструктуры і звестак аб праведзеных плацяжах.

У выніку пад пагрозай маглі апынуцца звесткі банкаўскіх картак і іншая інфармацыя кліентаў. Пры гэтым у Autopay падкрэслілі, што пакуль не выявілі пацверджанняў капіявання або выкарыстання гэтых звестак зламыснікамі, хоць цалкам выключыць такую магчымасць не могуць.

Кампанія паведаміла пра здарэнне польскаму рэгулятару па абароне персанальных звестак, паліцыі і падраздзяленню па рэагаванні на кіберінцыдэнты ў фінансавым сектары.

Autopay абслугоўвае розныя анлайн-плацяжы, у тым ліку папаўненне рахункаў польскіх мабільных аператараў. Інфармацыя пра інцыдэнт з'явілася і на афіцыйным форуме Orange.

Пасля кібератакі некаторыя польскія банкі пачалі прэвентыўна блакаваць карткі кліентаў, якія маглі апынуцца пад пагрозай.

Напрыклад, Bank Spółdzielczy w Legionowie паведаміў, што заблакаваў частку картак Visa і Mastercard, якія выкарыстоўваліся для плацяжоў праз Autopay. Кліентам прапанавалі аформіць новыя.

Autopay рэкамендуе кліентам правяраць гісторыю аперацый па картках, неадкладна паведамляць банкам пра падазроныя спісанні і асцерагацца махляроў, якія могуць скарыстацца навінамі пра кібератаку для падману.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць37

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць

Усе навіны →
Усе навіны

Да 2035 года мусульман стане больш, чым хрысціян. А цэнтр хрысціянства перамесціцца ў Афрыку12

«А што дрэннага было ў Ялце?» Пуціна спыталі пра «новую Ялту»6

Пуцін паабяцаў Украіне «балючыя адказы» на ўдары па Крымскім мосце4

Сабаленка схадзіла на матч НБА паміж «Лэйкерс» і «Джаз». «Лэйкерс» прайгралі пасля дзевяці перамог запар2

Лявон Вольскі прэзентаваў кліп на песню «Лекар ачуняй» ВІДЭА1

Прынц Гары заявіў, што вярнуўся б у войска, каб змагацца з Расіяй2

Прэм'ер Аўстраліі падчас пасяджэння з Пуціным запатрабаваў ад яго неадкладна спыніць «сваю вайну»

Беларускі добраахвотнік дэбютуе ў прафесійным боксе

«Бабуля таксама гнала». Беларус пераехаў у Польшчу і працягнуў займацца самагонаварэннем, хоць гэта забаронена4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць37

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць