Культура1111

Бацька малекулярнага мадэлявання. У ЗША памёр беларускі навуковец Станіслаў Галакціёнаў

Выдатнага беларускага навукоўца Станіслава Галакціёнава не стала яшчэ 8 красавіка. Ён памёр у 74 гады ў Алабаме.

Стась Галакціёнаў займаўся малекулярнай біялогіяй, працаваў з першымі ЭВМ, для якіх рыхтаваў праграмы па біялогіі, звязаныя з вызначэннем структур малекул, а тады гэтая тэма была зусім новай і надзвычай актуальнай. Ён стаў адным з заснавальнікаў той дысцыпліны, якая цяпер называецца малекулярным мадэляваннем. Галакціёнаў пачынаў працу у Інстытуце біялогіі НАН Беларусі, дзе вакол яго, тады кандыдата навук, спантанна сабралася група маладых навукоўцаў, якія даволі хутка атрымалі прызнанне ў навуковай супольнасці. Жыццё ж тым часам было складанае — заробак малодшага навуковага супрацоўніка складаў трошкі больш, чым заробак прыбіральшчыцы. Пры гэтым атмасфера працы ў групе Галакціёнава заставалася лёгкай і прыемнай. Як кажуць сябры,

працаваць з ім нават у такіх няпростых умовах было адно задавальненне.

Ягонае меркаванне было аўтарытэтным нават для масцітых маскоўскіх прафесараў ужо тады, калі Галакціёнаў быў простым кандыдатам навук — нетрывіяльны падыход да навукі забяспечыў яму вядомасць. У 70-х ён абараняе доктарскую і паглыбляецца ў працу. Выходзіць некалькі ягоных кніг.

У 90-х Стась Галакціёнаў па сямейных абставінах з’ехаў у Злучаныя Штаты,

дзе працягваў працаваць у Сэнт-Луісе, і ў хуткім часе стаў навуковай славутасцю і ў Амерыцы. Разам з ім працавалі і ягоныя паплечнікі з той самай групы Галакціёнава, якія таксама эмігравалі. Калі амерыканскі прафесар, класік малекулярнай біялогіі, Гаральд Шэрага, даведаўся пра вынікі навуковых прац Галакціёнава па структуры лінейных пептыдаў, то вельмі перажываў, што праз жалезную заслону не змог даведацца пра іх раней.

Прызнанне Галакціёнава стала міжнародным
 — яго працы па біялогіі перакладаліся на еўрапейскія мовы. Сам вучоны таксама вывучаў мовы, нават перакладаў з японскай. Пры гэтым у яго ніколі не было цягі да кар’еры, якая рэгулярна перашкаджае вучоннаму. Ён ведаў сабе кошт, таму засяроджваўся на навуцы, а не на кар’еры. Таксама Галакціёнаў займаўся вывучэннем гісторыі біялогіі ў Беларусі, нават прысвяціў першым беларускім біёлагам адну з кніг. Актыўную працу Галакціёнаў працягваў да 2001 года, калі ў яго здарыўся інсульт.

Сябры могуць расказваць пра Галакціёнава гадзінамі.

Гэта быў вельмі лёгкі чалавек, з шыкоўным пачуццем гумару, а таксама з бясспрэчнай элегантнасцю.

Апошняя якасць перадалася яму ад маці, пэўную ролю адыгралі і ягоныя шляхетныя карані. Элегантна ён выглядаў нават з дзікаватай чырвонай валізкай з піўнымі бутэлькамі, калі проста ішоў па вуліцы. Нават цяжкахворым ён не дазваляў хваробе ўзяць над ім верх і імкнуўся жыць паўнавартасным жыццём. У Алабаме ён час ад часу выпускаў друкаваную газетку для кола сяброў, яна называлася «Дахадзяга Weekly і Daily Воплі», дзе з гумарам расказваў пра апошнія падзеі свайго жыцця.

У Мінску на кухні ў яго вісеў «партрэт пеўня», якога Галакціёнаў намаляваў маслам. Сябры кажуць, што певень выглядаў як жывы.

Крэміраванне славутага навукоўца адбылося 20 красавіка. Ягоны прах пахавалі ля дрэва ў маленькім мемарыяле батанічнага сада горада Мобіля — менавіта такое пахаванне, па меркаванні блізкіх людзей, больш за ўсё пасуе духу Стася Галакціёнава.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў13

Светабноўлена, дапоўнена13

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Усе навіны →
Усе навіны

Фармацэўтка расказала, чым нельга запіваць лекі

Трамп хоча зрабіць Коўла прадстаўніком па справах закладнікаў4

«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы». Беларусы расказалі, на чым і як ашчаджаюць4

The Atlantic: Трамп падтрымаў ідэю змякчэння санкцый супраць Расіі ў абмен на вызваленне палітвязняў7

Уладальнік кувалды «Вагнера» з Рэчыцы атрымаў працу спецыяліста па моладзевай палітыцы4

Ціханоўская ў Еўрапарламенце засцерагла ЕС ад зняцця санкцый з Расіі і Лукашэнкі26

У Германіі мужчына спаліў гістарычнае распяцце XVII стагоддзя11

У Смаргонскім раёне аднавілі каплічку, якую знёс п’яны кіроўца. Але не так4

«Вусы Мулявіна» і «Крынж Еўфрасінні»: блогер АйЦіБарада зрабіў Alias па-беларуску5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў13

Светабноўлена, дапоўнена13

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць