Меркаванні293293

Апошнія хвіліны Кадафі + жахлівыя відэа

Кадафі схоплены ў палон і памёр ад ран або быў забіты.

Апублікаваныя новыя відэа захопу і транспарціроўкі Кадафі. Першае паказвае момант, калі яго выцягваюць з бетоннай трубы, ягонага апошняга прытулку. Ён яшчэ жвавы, сам перасоўвае ногі, але на галаве ў яго ўжо моцна крывіць агнястрэльнае раненне:

Другое відэа трохі пазнейшае. Кадафі яшчэ жывы, гаворыць да сваіх канваіраў, кранаецца рукой галавы. Страта крыві ім вялікая:

Крыніцы ў Нацыянальнай пераходнай радзе (НПР) Лівіі паведамляюць, што падчас баёў каля Сірта схоплены Муамар Кадафі.

Паводле прадстаўніка НПР, Кадафі быў у баі аўтаматным агнём паранены ў абедзве нагі ды галаву і памёр у руках байцоў новага ўрада ў часе перавозкі яго ў шпіталь горада Місрата. На аматарскіх відэа, знятых мабільнікам, спачатку ён жывы, а пасля нежывы, і яго ўжо цягнуць уздоўж дарогі.

Сталі даступныя відэа, знятыя на мабільнік лівійскімі рэвалюцыянерамі. На месца апошняга боя трапілі журналісты. Гэта дазволіла аднавіць карціну апошняга боя Муамара Кадафі.

На досвітку, перад ранішняй малітвай, каля пятнаццаці грузавікоў выехалі з Сірта ў заходнім кірунку. На іх з аточанага горада спрабавалі вырвацца апошнія атрады дыктатара.

На захад ад горада дарогу ім загарадзіла агнём падраздзяленне партызанаў новага ўрада. Рух грузавікоў спыніўся. На падмогу рэвалюцыянерам прыляцелі французскія ваенныя самалёты. Машыны сталі лёгкай здабычай: падбіты былі ўсе машыны да адной.

Кадафі з рэштай целаахоўнікаў пералескам скіраваўся ў бок галоўнай трасы Сірт-Місрата. Яны знайшлі схованку ў бетонных каналізацыйных трубах, збудаваных для сцёку вады. Але гэта была кепская схованка: рэвалюцыянеры проста расстралялі іх з аўтаматаў з бяспечнай адлегласці.

Інфармацыя пра абставіны, пры якіх кулі трапілі ў самога Кадафі, пакуль разыходзяцца.
Паводле адных звестак, адзін з целаахоўнікаў Кадафі крычаў нападнікам: «З намі наш гаспадар, ён паранены, не страляйце». Іншыя кажуць, што, наадварот, адзін з асабістых ахоўнікаў расстраляў палкоўніка ў самы апошні момант. Трэція сцвярджаюць, што сам дыктатар крычаў: «Не страляйце! Што такое?».

На адным з відэа Кадафі яшчэ жывы, хоць і сцякае крывёй. Яго атачыў натоўп, яго тузаюць, чалавек зняў чаравік і таўчэ дыктатара чаравікам — найгоршая для мусульман знявага. На наступным відэа ён ужо нежывы.

Кулі трапілі яму ў ногі, спіну, галаву.

Знаходжанне трупа не разгалошваецца з меркаванняў бяспекі.

Лёс дыктатараў: паўгода таму люд вітаў яго на вуліцах Трыпалі. Сёння той самы люд таптаў партрэты павержанага льва.

Палкоўнік Кадафі, які кіраваў Лівіяй на працягу 42 гадоў, быў зрынуты ў жніўні, калі ўзброеныя прыхільнікі НПР узялі сталіцу краіны Трыпалі.

Паўстанцы два месяцы трымалі аблогу гарадоў Сірт і Бані-Валід — апошніх бастыёнаў Кадафі. Кадафі быў родам з Сірта і хаваўся там да апошняга дня. Сёння адбыўся штурм апошняга квартала горада, дзе акапаліся сілы Кадафі. Бой доўжыўся каля 90 хвілін.

Быў узяты ў палон і прэс-сакратар дыктатара Муса Ібрагім. Камандзір жа апошніх верных Кадафі аддзелаў загінуў.

У часе апошняга бою лівійскіх рэвалюцыянераў з паветра падтрымлівалі французскі самалёт і амерыканскі беспілотнік.

У Трыпалі і Бенгазі распачаліся стыхійныя народныя гулянні. Народ цешыцца вестцы пра смерць тырана і канец вайны. Людзі страляюць у паветра і спяваюць нацыянальны гімн.

У стратэгічным сэнсе вайну для Кадафі можна было лічыць прайгранай пасля таго, як паўстанцы ўзялі сталіцу ў кола. Аднак кіраўнікі часовага ўрада, утворанага паўстанцамі, баяліся, што Кадафі можа ператварыць свае апошнія дні ў крывавую лазню і падарваць асноўныя аб’екты інфраструктуры краіны. Акрамя таго,

нестабільнасць у Лівіі магла захавацца на доўгія гады, калі б Кадафі перайшоў да партызанскіх метадаў вайны,
абапіраючыся на верныя сабе плямёны. У той жа час прымірэнне бакоў, пераход да дэмакратычных метадаў канкурэнцыі цяжка сабе ўявіць у краіне, якая раней існавала фактычна ў форме сучаснага султаната.

Кадафі шчодра фінансаваў краіну з даходаў ад нафты, але трымаў яе ў цемры. Неўзабаве пасля прыходу да ўлады ён увёў у краіне законы шарыяту.

Лівія — краіна плошчай 1,8 млн кв. кіламетраў (9 разоў большая за Беларусь), але маланаселеная (6,4 млн жыхароў, у 1,5 разу менш, чым у Беларусі). Большую частку краіны займае пустыня, а людзі жывуць пераважна на ўзбярэжжы і ў гарах на поўначы краіны.

Зараз перад новым урадам краіны будзе стаяць няпростая задача пабудовы мірнай і дэмакратычнай краіны. Праўда, зваліць дыктатара было не прасцей.

Сілавыя структуры Лівіі ўзначальвалі сыны і іншыя сваякі палкоўніка Кадафі.

Паўстанне супраць Кадафі пачалося ў гарадах Бенгазі і Бейда ў лютым. Выступы ў сталіцы сілы бяспекі спачатку задушылі. Аднак праз два месяцы, у адказ на просьбы паўстанцаў, па Кадафі пачала біць авіяцыя NATO. Сілы Кадафі не здолелі збіць ніводнага вайсковага самалёта. Гэта аказалася цяжэй, чым падкладаць бомбы ў грамадзянскія лайнеры, што ён фінансаваў у свой час.

Sic transit gloris mundi — так праходзіць слава свету — гэтак азваўся на смерць Кадафі ягоны колішні хаўруснік Сільвіа Берлусконі.

Каментары293

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

Сын Трампа многае вырашае. Вось як тлумачаць нявыбар Пампеа21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Галоўнае
Усе навіны →