Свет22

Весці барацьбу на нябачным фронце Ірану дапамагаюць беларускія распрацоўкі?

Амерыканскі беспілотнік Lockheed Martin RQ-170 Sentinel апынуўся ў руках іранцаў, магчыма, не без дапамогі беларускага ВПК.

У экспертнай супольнасці, то разгараючыся, то заціхаючы, працягваецца дыскусія аб тым, якім чынам у руках іранскіх вайскоўцаў апынуўся найноўшы амерыканскі беспілотны лётны апарат (БПЛА) Lockheed Martin RQ-170 Sentinel. Шмат што кажа на карысць таго, што адбылося гэта не без дапамогі апошніх распрацовак беларускага ВПК.

Нагадаем: 4 снежня мінулага года сусветныя СМІ, спасылаючыся на інфармацыю крыніц у Тэгеране, паведамілі, што

сродкі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) узброеных сілаў Ірана пасадзілі гэты звышсакрэтны БПЛА на ўсходзе краіны.

Неўзабаве пасля гэтага выданне The Christian Science Monitor апублікавала інтэрв’ю з іранскім інжынерам, які нібыта браў непасрэдны ўдзел у аперацыі па перахопе RQ-170. Суразмоўца раскрыў шэраг тэхнічных падрабязнасцяў гэтага перахопу.

Паводле яго словаў, з дапамогай сродкаў РЭБ іранцы магутнай перашкодай разарвалі канал спадарожнікавай сувязі паміж RQ-170 і станцыяй наземнага кіравання, якая знаходзіцца ў ЗША. У такой сітуацыі праграмнае забяспечанне БПЛА пераводзіць апарат у рэжым аўтапілота, пры дапамозе якога робат і павінен быў вярнуцца на месца — базу ВПС ЗША ў Афганістане.

Скарыстаўшыся тым, што ў працы аўтапілота выкарыстоўваецца сістэма GPS, іранскія ваенныя праз гэтую сістэму навігацыі змаглі падсунуць яму ілжывыя сігналы глабальнага пазіцыянавання (а магчыма, і проста заглушыць сігналы). У выніку кіравальная праграма беспілотніка палічыла, што ён ужо прыбыў да месца базавання, і зрабіла амаль мяккую пасадку тэрыторыі Ірана.

Між тым,

згодна з афіцыйнай версіяй амерыканскіх уладаў, Sentinel быў страчаны праз збой у абсталяванні.
Такога меркавання прытрымліваюцца і многія незалежныя эксперты. Напрыклад, тая ж The Christian Science Monitor апублікавала выказванні з гэтай нагоды Джона Пайка, спецыяліста ў галіне шыфравання дадзеных і спадарожнікавай сувязі.

Апошні вельмі скептычна ставіцца да інфармацыі, апублікаванай іранцамі. Сутнасць пярэчанняў палягае ў наступным: сістэма GPS з’яўляецца двухузроўневай, адзін яе ўзровень прызначаны для агульнага карыстання, і дадзеныя яго не шыфруюцца, а вось другі ўзровень выкарыстоўваецца выключна для ваеннага прымянення і таму шыфруецца з дапамогай крыптаўстойлівых алгарытмаў P(Y). Узлом гэтых алгарытмаў тэарэтычна магчымы, але практычна малаверагодны, а без гэтага падмяніць каманды GPS ваеннага ўзроўню немагчыма.

Прыкладна гэтаксама выглядае і ход разважанняў вядомага расійскага эксперта Ігара Каротчанкі, дырэктара Цэнтра аналізу сусветнага гандлю зброяй. Той лічыць найбольш верагоднай прычынай прызямлення БПЛА RQ-170 у Іране альбо праграмны, альбо апаратны збой.

Аднак сярод спецыялістаў існуе і іншы пункт гледжання. Яго прыхільнікі паказваюць на тое, што ўзброеным сілам ЗША ўжо даўно было вядома пра слабыя месцы GPS-сістэмы. Стварыўшы перашкоды на канале сувязі, можна перавесці лётную прыладу, якая выкарыстоўвае GPS-навігацыю, у рэжым аўтапілота, і ў гэты момант страчваецца наземны кантроль над апаратам. Першы даклад, прысвечаны праблеме ўразлівасці GPS з папярэджаннем аб небяспецы хакерскіх нападаў дадзенага тыпу, з’явіўся яшчэ ў 2003 годзе.

Цяжка сказаць напэўна, ці сапраўды іранцы здолелі самастойна правесці гэтую аперацыю, але, як адзначае рэсурс cnews.ru, GPS-спуфінг сапраўды магчымы, што неаднаразова дэманстравалі самі амерыканцы. Дастаткова заглушыць праўдзівы сігнал GPS больш магутным ілжывым, і сістэма навігацыі транспартнага сродку збіваецца з панталыку.

Але такім чынам можна лёгка ўздзейнічаць на незашыфраваныя грамадзянскія сістэмы GPS. Ваенныя ж прымачы GPS выкарыстоўваюць зашыфраваны P(Y)-код для сувязі са спадарожнікамі. І вельмі малаверагодна, што іранцы здолелі ўзламаць гэты код, а калі б ім і ўдалося здзейсніць такі прарыў у крыптаўзломе, то яны ніколі не сталі б выдаваць валоданне такім каштоўным дасягненнем дзеля аднаго беспілотніка.

Аднак іранскім спецыялістам, аказваецца, неабавязкова было узломваць P(Y)-код, каб прызямліць робат.
Па словах Рычарда Лэнглі, канадскага эксперта па сістэмах GPS, тэарэтычна існуе магчымасць узяць пад кантроль БПЛА, перакрыўшы магутнымі перашкодамі абаронены P(Y)-канал.

Гэта адразу выклікала б пераход сістэмы кіравання палётам RQ-170 у рэжым аўтапілота. Звычайна БПЛА адначасова выкарыстоўвае больш надзейны «ваенны» P(Y)-код на частаце L2 і больш просты «грамадзянскі» C/A-код на частаце L1. У выпадку, калі аўтапілот пазбаўляецца дадзеных па P(Y)-канала, ён пераходзіць на C/A. У гэты момант з’яўляецца магчымасць падмяніць больш просты «грамадзянскі» сігнал ілжывым і вывесці беспілотнік у патрэбнае месца.

Калі іранцы могуць генераваць выбарачныя перашкоды на частотах L1 і L2, то яны могуць выкарыстоўваць гэтую ўразлівасць аўтапілота і падмяняць сапраўдныя каардынаты ілжывымі. Ускосным доказам магчымасці такога сцэнару могуць служыць адносна невялікія пашкоджанні БПЛА RQ-170 — быццам ён самастойна заходзіў на пасадку.

Дадатковую інтрыгу ў гэтую палеміку ўнесла выданне Flightglobal, якое выказала здагадку, што

іранцы маглі выкарыстоўваць у аперацыі супраць RQ-170 атрыманы імі не так даўно з Расіі комплекс радыётэхнічнай разведкі 1Л222 «Аўтабаза».

Між тым, як сцвярджаюць спецыялісты ў галіне РЭБ, сам комплекс 1Л222 не можа быць выкарыстаны для прымусовай пасадкі БПЛА. Ён прызначаны для пасіўнай разведкі імпульсных самалётных РЛС і перадачы наступнай інфармацыі: кутніх каардынат мэты, класа РЛС, нумары частотнага дыяпазону працы.

У той жа час «Аўтабаза» — толькі частка мабільнага аўтаматызаванага комплексу РЭБ, распрацаванага яшчэ ў часы СССР. У яго склад акрамя станцый радыётэхнічнай разведкі і аўтаматызаваных пунктаў кіравання ўваходзяць таксама аднапраменныя і шматпраменныя станцыі магутных шумавых перашкод. Менавіта апошнія і блакуюць працу бартавых радыёлакацыйных станцый лётных апаратаў усіх тыпаў, уключаючы БПЛА. У прынцыпе, яны могуць глушыць любыя прыёмныя прылады.

Сёння шматлікія важныя сродкі РЭБ, такія, напрыклад, як наземныя станцыі магутных шумавых перашкод і апаратура блакавання GPS, вырабляюцца і прапануюцца на сусветным рынку прадпрыемствамі ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь.

У прыватнасці, апаратура, пра якую ішла гаворка вышэй, распрацоўваецца і вырабляецца ААТ «КБ Радар».
Яно некаторы час таму выдзелілася са складу навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «СКБ Камертон» у самастойную юрыдычную асобу і атрымала статус спецыялізаванага прадпрыемства па радыёлакацыі і РЭБ.

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце «КБ Радар», яго спецыялізацыяй, у прыватнасці, з’яўляецца распрацоўка і вытворчасць комплексаў «перашкод карыстальнікам глабальных спадарожнікавых навігацыйных сістэм, якія выключаюць выкананне імі сваіх навігацыйных задач (напрыклад, зрыў навядзення высокадакладных крылатых ракет на мэты)».

Адным з такіх комплексаў з’яўляецца «Оптыма-3» — комплекс радыёперашкод прымача сістэмы глабальнай радыёнавігацыі GPS. Ён прызначаны для таго, каб парушаць у зададзенай зоне радыёнавігацыі спажыўцоў сістэмы GPS (авіяцыйных сродкаў, высокадакладнай зброі, сістэм кіравання зброяй і да т.п.).

У склад «Оптыма-3» уваходзіць 9 камплектаў перадатчыкаў перашкод і аўтаматызаваная сістэма кіравання імі. Малыя габарыты і невялікая вага перадатчыкаў перашкод забяспечваюць іх аператыўнае размяшчэнне і змену пазіцый на абраных вышынных аб’ектах (вышках мабільнай сувязі, радыёсувязі, тэлевізійных рэтранслятараў, вышынных будынках і спецыяльных мачтах).

На аждегласці да 100 км такімі перадатчыкамі ствараецца суцэльнае поле, што абцяжарвае выяўленне і паразу асобных перадатчыкаў, прычым кошт перадатчыкаў значна ніжэйшы за кошт сродкаў іх паразы.

Акрамя стацыянарных генератараў перашкод, «КБ Радар» распрацоўвае мабільныя перадатчыкі перашкод тыпу «Туман» і «Туман-2» для размяшчэння на БПЛА і верталётах. Такія перадатчыкі прызначаныя для фармавання і выпраменьвання перашкод, якія душаць працу навігацыйных прымачоў сістэм GPS і ГЛОНАСС («Туман»), мабільных апаратаў карыстальнікаў касмічнай радыёсувязі сістэм Inmarsat, Iridium («Туман-2»).

Перадатчык «Туман» выкарыстоўваецца для генерацыі і выпраменьвання перашкод аптымальнай структуры на дзвюх частотах сістэмы GPS (L1 і L2) або (і) у двух дыяпазонах частот сістэм ГЛОНАСС (L1 і L2), перадатчык «Туман-2» — у дыяпазонах частот сістэм Inmarsat, Iridium. Перадатчыкі абодвух тыпаў могуць быць размешчаныя на БПЛА і верталётах розных тыпаў. Радыус зоны падаўлення — 100 км.

Пра тое, якім можа быць значэнне гэтых сістэм для вядзення сучасных вайсковых дзеянняў, кажуць выказванні былога пасла ЗША ў ААН Джона Болтана, апублікаваныя не так даўно шматлікімі друкаванымі і электроннымі СМІ. Паводле яго словаў,

калі б расійцы (пра Беларусь Болтан, пэўна, ведае мала) далі Ірану сучаснае абсталяванне пастаноўкі перашкод, то гэта б азначала, што для ЗША вельмі многае ў ваеннай галіне «знаходзіцца ў небяспецы».

Кангрэс, на думку Болтана, павінен быць вельмі занепакоены тым, што Іран, магчыма, мае ў сваім распараджэнні тэхналогіі пастаноўкі перашкод, якія могуць збіваць ракеты, самалёты, камунікацыі і сістэмы навядзення «для цэлага шэрагу нашых сістэм узбраення».

Каментары22

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства4

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Усе навіны →
Усе навіны

Віцебскаму палітвязню, які атрымаў 3,5 года калоніі за каментары, прыдумалі новы артыкул — за данаты

Як вызваленых з палону ў Беларусі і Расіі сустракалі ў кіеўскім аэрапорце ВІДЭА

Другое кола пекла. У нядзелю да +35°С8

«Мы былі дружныя з Эйсмантам». Вядучы Алег Ціткоў аддаў БТ амаль 20 гадоў, але звольніўся пасля выбараў — пагутарылі з ім15

60% амерыканцаў хочуць замяніць Байдэна ў якасці кандыдата ад дэмакратаў пасля дэбатаў2

Коптар атакаваў жылы дом у Курскай вобласці — загінулі пяць чалавек3

Сёння на Еўра-2024 стартуюць гульні на вылет

Учора па ўсёй краіне было больш за +30°С, за адным выключэннем

Экс-кіраўнік БРСМ Дзмітрый Варанюк знайшоў новую працу12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства4

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Галоўнае
Усе навіны →