Меркаванні1515

10 фактаў пра Алеся Бяляцкага, якіх не прачытаеш у Вікіпедыі

Палітвязню 25 верасня споўнілася 50 гадоў.

Перад 50-годдзем Бяляцкага мы пагаварылі з жонкай Алеся Наталляй Пінчук, якая ўзгадала цікавыя гісторыі з іхнага жыцця. 10 фактаў, пра якія не прачытаеш у Вікіпедыі ці афіцыйнай біяграфіі.

1. Знаёмства з жонкай

«У Лоеве жаніўся мой стрыечны брат, — расказвае Наталля Пінчук. — Гэта быў 1982 год. Алесь быў на вяселлі як музыка. Запрасіў мяне танчыць, а потым праводзіў дадому. На другі дзень мы працягнулі наша знаёмства. Магчыма, такім мімалётным наша знаёмства б і засталося, каб не іншы выпадак».

2. Праходзілі практыку ў суседніх лагерах

«Я вучылася ў педвучэльні ў Лоеве, а Алесь — у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Пасля трэцяга курса была летняя практыка, калі студэнты выязджалі ў лагеры працаваць піянерважатымі. Выйшла так, што практыку мы праходзілі адначасова, і нас накіравалі ў суседнія лагеры. Вось там знаёмства і замацавалася. Былі спатканні на ўсю ноч, не да дзяцей ужо было раніцай. Я тады пазнаёмілася з ягонымі аднакурснікамі: Едрусем (паэт Эдуард Акулін — «НН»), дзяўчатамі. У Алеся была тады вельмі густая шавялюра, маім сяброўкам ён таксама вельмі падабаўся».

3. Жылі паасобку

«Разам прабылі ў Гомелі толькі адзін год, калі ён быў на пятым курсе, а я на першым. Добра памятаю, што я рыхтавалася да свайго іспыту, а ён вучыў французскую мову — да свайго. А шлюб бралі ў 1987, я тады была на чацвёртым курсе, а ён у аспірантуры ў Мінску, пабраліся ў красавіку, я ўзяла тры выхадныя ў дэканаце, усклалі кветкі да помніка Максіму Багдановічу, пасля пайшлі ў рэстаран «На ростанях». Мы ўжо прайшлі стадыю, калі жылі паасобку: я ў Гомелі, ён — у Мінску. Як я скончыла ўніверсітэт, то мяне размеркавалі ў Калінкавіцкі раён, у вёску Даманавічы, настаўнічала ад верасня да сакавіка. Калі сышла ў дэкрэтны адпачынак, то з’ехала да ягоных бацькоў у Светлагорск. Была ў іх два месяцы падчас дэкрэтнага і чатыры месяцы пасля нараджэння Адама. Толькі пасля мама Алеся Ніна Аляксандраўна дала нам грошы, што ўтаргавала на клубніцах, каб мы здымалі кватэру ў Мінску».

4. Цесць не адразу прыняў

«Памятаю Дзяды-1988, калі Алесь прыехаў дадому, ціха на вушка мне расказаў, што было, як іх разагналі. І дае паліто, у якім парвалі рукаў. Кажа, толькі бацькам не гавары. Зашываю, а маці ходзіць і кажа: «Дзесьці ўжо ў міліцыю трапіў». Настолькі яна празорлівая была.

Зразумела, ведаеш, на што ідзеш, але праблем і перажыванняў праз гэта меней не становіцца. У мяне бацька быў партыец, шчыры камуніст, ён адразу зразумеў, хто ягоны будучы зяць. Бацька прыносіў дадому лісты, што распаўсюджваліся ў арганізацыях аб «Тутэйшых», «Талацэ». Ён імкнуўся не ў лоб пярэчыць нашым стасункам, а дзейнічаць нібыта незнарок. Я толькі праз нейкі час сказала яму, што пабралася шлюбам».

5. Дасылаў жонцы смс аб пералётах

Па сваёй працы Бяляцкаму часта даводзілася ездзіць за мяжу ў камандзіроўкі. Жонка кажа, што нармальна пераносіла такія паездкі, толькі перажывала за палёты. «Мне было важна ведаць, ці ён прыляцеў, ці не. Таму я яго прывучыла: як толькі прызямляецца, дасылаць мне смс­ку».

6. Іграў на гітары

Граў на гітары ў гурце «Баскі» падчас вучобы ў Гомелі. Менавіта гэты калектыў запрасілі на вяселле стрыечнага брата Наталлі. «Пасля ўніверсітэта гітару ў рукі ніколі не браў».

7. Грыбы і кветкі

«У прынцыпе, ты не памылілася: маё хобі — чытанне, — цытуе Наталля ліст Алеся. — Але маё літаратуразнаўчае мінулае псуе маё чытанне. А вось сапраўдных хобі ў мяне два: збіранне грыбоў і дагляданне кветак у садзе, але не хатніх». Наталля смяецца, што з грыбоў Алесь заўсёды прыходзіў з поўнымі кашамі. «А потым пачыналіся спрэчкі, ці можна гэтыя грыбы есці ці нельга. Алесь лічыў, што ўсе яны ядомыя. Сканчалася звычайна тым, што Адам адцягвае бацьку ў іншы пакой, а я выкідваю палову і кажу, што так уварыліся (смяецца)».

8. Ежа і засолы

«Нават сябры здзіўляліся, што гарадскі чалавек Алесь так любіў працаваць на зямлі. На лецішчы ў яго заўсёды быў поўны парадак. Вырошчваў гуркі, бульбу, усяго ў яго было. Вось і з турмы часта піша, пытаецца, як там справы на гародзе. Летась сабраліся ягоныя сябры, каб дапамагчы са зборам ураджаю. Алесь і засолы на зіму самастойна рабіў. Што тычыцца ежы, то мне больш падабаюцца простыя рэцэпты, а вось Алесь любіць сам нешта прыдумваць, эксперыментаваць».

9. Рыбалка, паляванне, футбол

У сямейным альбоме ёсць здымак, дзе Алесь са стрэльбай на руцэ трымае ў іншай падстрэленага зайца. «Гэта яны з сябрамі пайшлі на паляванне. Здаецца, што на чатырох чалавек у іх было адно ружжо. Вядома, нікога не ўпалявалі. Затое на зваротным шляху сустрэлі іншага паляўнічага са здабычай, дык хоць пафоткаліся». Іншы здымак, Алесь на рыбе: «Не памятаю, каб ездзіў на рыбалку калі. Можа, тое самае, што і з зайцам (смяецца)».

Затое Бяляцкі любіў ездзіць на байдарках. Імкнуўся выправіцца ў такое падарожжа кожнае лета. «Футбол мы толькі часам глядзелі, самыя буйныя спаборніцтвы. А ўвогуле мала магу ўзгадаць выпадкаў, каб мы разам глядзелі тэлевізар, неяк не склалася, Алесь часцей у вольныя хвіліны чытаў кніжкі».

10. Мова

«З Алесем у сям’і заўсёды гаварылі па-беларуску. І Адама так выхоўвалі», — кажа Наталля Пінчук.

Каментары15

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС Польшчы дало лаканічны адказ на заяву Васкрасенскага12

Ад якіх хвароб лечыць лазня?2

«Знішчае вірусы, умацоўвае імунітэт». У Брэсце прадаецца дом з кедру3

«Ябацькі спалохаліся, што вайна, аказваецца, побач». Як у Гомелі абмяркоўваюць выбухі беспілотнікаў над горадам5

«Ну дзе ж я мог сустрэць класнага кіраўніка? У камеры магілёўскага СІЗА! А затрымалі яго праз наш чат выпускнікоў»4

У Нясвіжы памянялі мову вулічных шыльдаў «для зручнасці турыстаў і гасцей горада»15

Убачыць Беларусь з вышыні: топ-5 цікавых аглядных пляцовак

Жыхара Мінскага раёна будуць судзіць за адмаўленне генацыду беларускага народа2

Ці прыйдзе беларускі Хрушчоў пасля Лукашэнкі? Мікола Бугай адказвае Дракахрусту16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Галоўнае
Усе навіны →