Меркаванні22

Капітальны рамонт

Гаспадарамі жыцьця адчуваюць сябе яны — тыя, хто зрабіў з нашага гораду муляж эпохі разьвітога сацыялізму. Артыкул Віталя Тараса

У швэдзкага пісьменьніка Пэра Лягэрквіста ёсьць апавяданьне — нібыта, пра рамонт. У доме ўвесь час нешта габлююць, фарбуюць, клеяць шпалеры, перасьцілаюць падлогу, разьбіраюць столь. І ўсё бліжэй чуваць грукат малаткоў… На самым канцы апавяданьня разумееш, што гэта сымбалічнае апісаньне жыцьця чалавека.

У сёньняшняй Беларусі жыцьцё гарадзкога чалавека, без усялякай сымболікі й перабольшваньняў, ёсьць суцэльным пэрманэнтным рамонтам.

«Зараз дапалім»

Напрыклад, возьмем дом, у якім жыве мая сям’я. Даўным‑даўно, гады чатыры таму нам паведамілі, што ў доме будзе капітальны рамонт…

Кожны савецкі чалавек ведае, што адзін рамонт роўны двум пажарам і чатыром паводкам.

Праўда, за савецкім часам сам гэты панятак нейкі час быў ахутаны флёрам рамантызму. Так, знакаміты раман Леаніда Собалева (ён узначальваў Саюз Пісьменьнікаў СССР, памёр у 1971 г.) называўся «Капітальны рамонт». Раман, які выйшаў у 1933‑м, быў прысьвечаны жыцьцю дарэвалюцыйнага царскага флёту. Галоўная патасная ідэя раману, які горача падтрымаў галоўны пралетарскі пісьменьнік Горкі і які потым вывучалі ў ВНУ з гуманітарным ухілам, была простай — да рэвалюцыі жыцьцё, асабліва на флёце, было жахлівым і бесчалавечным. Ня тое што ў гады першых сталінскіх пяцігодак.

Праўда, за гады сацыялізму й постсавецкай рэчаіснасьці на тэму рамонту й рамонтнікаў нарадзілася безьліч нерамантычных анэкдотаў. Вось адзін зь іх. Жанчына знайшла брыгаду рамонтнікаў і прывяла іх дахаты, каб яны паглядзелі, колькі ён зойме часу. Брыгадзір запэўнівае — ну, тут працы на пару гадзінаў. Добра, — узрадвалася жанчына. Тады я пайду ў цырульню, а вы тут працуйце. Вяртаецца праз чатыры гадзіны — рабочыя сядзяць на кухні, паляць. «Так, — кажа гаспадыня. — Я паеду на выходныя да маці, а вы тут да панядзелка ўсё каб зрабілі!» «Дык зараз дапалім і зробім», — кажа брыгадзір. У панядзелак тая ж карціна: сядзяць, паляць. «Ну што ж! Я на месяц еду ў адпачынак. Каб да майго прыезду ўсё было зроблена!» — патрабуе гаспадыня. «Зараз дапалім і зробім», — абяцае брыгадзір. Вяртаецца гаспадыня з адпачынку. У кватэры конь не валяўся. Рабочыя сядзяць паляць. «Ішлі б вы адсюль…!» — не вытрымлівае жанчына. «Зараз дапалім і пойдзем».

Але што ж, калі пад капітальным рамонтам разумець рэвалюцыйныя пераўтварэньні й разбурэньні, дык гэтыя якасьці цалкам адпавядаюць панятку і ў наш час. Асабліва калі размова йдзе пра капітальны рамонт без высяленьня. Вось пад такі мы й патрапілі.

Праўда, адразу пасьля таго як ЖЭС паведаміў жыльцам пра рамонт, нічога асаблівага не адбывалася. Ішлі гады, мы пасьпелі самі памяняць вокны, адгабляваць падлогу, паклеіць шпалеры, паставіць новую сантэхніку. Насупраць нас пабудавалі новы дом.

Першымі прыйшлі электрыкі. Потым, пакуль мы былі ў ад’езьдзе, прыйшлі дахоўшчыкі й памянялі бляху. Усё было цудоўна. Аж пакуль не прыйшлі сантэхнікі і не паздымалі ўнітазы, каб памяняць заіржаўленыя за дзесяцігодзьдзі каналізацыйныя трубы. Абяцалі, што пацярпець давядзецца дні два‑тры. Цярпеньне расьцягнулася на тры тыдні.

Цяпер мы ведаем, што галоўная перавага жытла ў цэнтры сталіцы — гэта, па‑першае, блізкасьць грамадзкай прыбіральні. І па‑другое, магчымасьць заскочыць у госьці на хвілінку да сваякоў ці знаёмых. Горш, калі знаёмыя ў момант капрамонту заходзяць у госьці да вас. Ды яшчэ зь півам.

Гіпсакартоншчыкі

Ну, да ўсяго ж прывыкае чалавек. Прывыклі да цыстэрнаў з вадой у двары. Да частых адлучэньняў электрычнасьці. Да адсутнасьці то гарачай, то халоднай вады (і ня толькі, як ні дзіўна, падчас капрамонту). Да непазбыўных сьлядоў фарбы й пабелкі на ўсім, да заўсёднага пылу ад бітай цэглы ды шчабёнкі ў паветры. Ды што тут распавядаць? Кожны сам на сабе ўсё гэта калісьці ды зьведаў. Альбо зьведае.

Ну вось, пасьля сантэхнікаў, месяцы праз два, прыйшлі муляры. Потым, яшчэ празь месяц, сталяры й цесьляры. Потым гіпсакартоншчыкі. (Тэхналёгія, у тым ліку і будаўнічая, на месцы не стаіць.)

Сярод майстроў былі розныя людзі. Пераважна сумленныя. Усе працавітыя. Часам непунктуальныя: маглі дамовіцца на гадзіну дня ў панядзелак, а прыйсьці а шостай увечары ў пятніцу.

Але суседзі з суседняга дому лічылі, што нам страшэнна пашэнціла, — ім трапілася брыгада, у якой усе пілі. Канечне, і сярод нашых знаёмых рамонтнікаў ня ўсе былі цьвярэзьнікі. Але так напіцца, каб упусьціць разводныя ключы ў дзірку на чацьвёртым паверсе і шукаць іх у падвале, ці забыцца на свой інструмэнт — такога амаль не было.

А яшчэ я зразумеў, што пры такой колькасьці брыгадзіраў, майстроў, падмайстроў, памочнікаў, вучняў і кантралёраў, якія займаюцца рамонтам, альбо правяраюць чужую працу, беспрацоўе беларусам не пагражае.

Некалі прачытаў, што мэрыя Токіё час ад часу мяняе плітку на ходніках — ружовую на жоўтую, жоўтую — на фіялетавую і г.д. І ўсё для таго, каб вырашыць праблему занятасьці сярод гараджанаў. Мэрыя Менску, відаць, таксама гэтым заклапочаная. Да рознакаляровай пліткі яшчэ не айшло, але тое, што плітка й бардзюры мяняюцца ўвесь час, — гэта факт. Прычым мяняюцца. як цяпер кажуць, кропкава. Сёньня там паклалі асфальтавую латку, там падраўнялі, там падфарбавалі. заўтра — у іншым мейсцы. Пазаўтра зноў кладуць асфальт на тым самым месцы, што й раней. А ў выніку ні праехаць, ні прайсьці.

Замест пэрманэнтнай рэвалюцыі — пэрманэнтны рамонт. Усе пры справе. І воку эстэтычна прыемна.

Праўда, з усіх сучасных тэхналёгіяў улады, мне падаецца, аддаюць перавагу адной — гіпсакардону. Ня толькі адрэстаўраваныя дамы, але й новыя, якіх набудавана ўжо шмат, у большасьці падаюцца мне чамусьці нейкімі гіпсакардоннымі, альбо муляжнымі. Нейкія расфарбаваныя дэкарацыі замест гораду. Дый дэкарацыі нейкія састарэлыя, зь мінулага часу, часу «Капітальнага рамонту» Собалева.

Усе дэталі й дэталькі сталінскага ампіру — рознага роду алегарычныя фігуры, як на Палацы прафсаюзаў, галубы з галінкамі ў дзюбах, надпісы «Сталін», само сабой — усё любоўна рэстаўруецца, з дэкору й ляпніны 40‑50‑х гадоў ледзьве не пылінкі зьдзьмухваюцца. А між тым, сапраўдных старадаўніх камяніцаў — тых самых, што вызначаюць аблічча гораду, становіцца ў Менску, дзе без таго шмат чаго парушана, усё меней. Пра будынак Бэрнардынскага кляштару ня буду тут казаць. Гэта іншая тэма, даўно і ня мною распачатая.

Я пра псыхалёгію капрамонту. Не пра тых, хто ім займаецца, хто выбівае каштарысы і будматэрыялы, хто сумленна зарабляе сабе на хлеб, а пра нас, якія звыклі жыць у гэтым гармідары. Прывыклі, што ў любую хвіліну да нас у кватэру могуць уваліцца цьвярозыя, ці ня вельмі (у залежнасьці ад часу дня) работнікі ў зашмальцаванай спэцвопратцы ды пачаць нешта разьвінчваць, раскурочваць, развальваць, а потым сысьці, не прыбраўшы за сабой. Прывыклі чакаць — калі нам дадуць сьвятло, ваду, цяпло. Калі нам дазволяць (ці, хутчэй, не дазволяць) усталяваць сваю спадарожнікавую антэну альбо кандыцыянэр, памяняць вокны на шклопакеты. Карацей кажучы — калі нам дазволяць жыць у нашых прыватызаваных кватэрах як гаспадарам? У тым і справа, што гаспадарамі жыцьця адчуваюць сябе яны — тыя, хто зрабіў з нашага гораду муляж эпохі разьвітога сацыялізму.

У нашым пад’езьдзе нядаўна ў чарговы раз пачалі бяліць столі ды фарбаваць сьцены. Дзякаваць Богу, фарба гэтым разам хоць не традыцыйнага атрутна‑зялёнага колеру. Відаць, уся, разам з чырвонай, пайшла на афіцыйную сымболіку.

Віталь Тарас

Каментары2

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу31

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Прагноз надвор'я на першыя дні зімы1

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу31

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →