Улады знішчаюць арганізацыі незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах
У Гродзенскі абласны суд пракуратура вобласці накіравала заяву аб прызнанні першаснай агранізацыі незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве «Гродна Азот» экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі, паведамляецца на сайце Генпракуратуры. Падобныя паведамленні прыходзяць і з іншых прадпрыемстваў Беларусі.
27.04.2022 / 19:10
Фота Viktor Drachev, AP.
У пракуратуры заявілі, што правялі праверку першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў «Гродна Азота» і атрымалі звесткі «аб актыўным непасрэдным удзеле кіраўніка і членаў першаснай арганізацыі ў спробе арганізаваць на заводзе страйк выключна ў палітычных мэтах».
Раней рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна інфармацыйная прадукцыя телеграм-канала гэтай арганізацыі была прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пракурор Гродзенскай вобласці вынес у адрас кіраўніка першаснай арганізацыі пастанову аб прыпыненні яе дзейнасці.
На думку пракуратуры, дзейнасць першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюза на «Гродна Азот» супярэчыла патрабаванням заканадаўства, спалучаная з распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў і публічных заклікаў да забастовак з вылучэннем палітычных патрабаванняў. Таксама ў Гродзенскі абласны суд накіравана заява аб прызнанні першаснай арганізацыі экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі.
Таксама, па звестках «Нашай Нівы», 25 красавіка рашэннем Мазырскага гарвыканкама спыненая дзейнасць Незалежнага прафсаюза Мазырскага НПЗ. Да гэтага на членаў прафсаюза аказваўся ціск, рабіліся пагрозы не падпісання кантрактаў. Многіх затрымлівалі, саджалі на 15 сутак, а потым звальнялі за «прагулы».
Нагадаем, што 19 красавіка ў цэнтральных офісах незалежных прафсаюзаў у Мінску і ў кватэрах актывістаў ў сталіцы і рэгіёнах прайшлі ператрусы. З 19 па 21 красавіка былі затрыманыя мінімум 19 прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху.