Грамадства

Узначальвалі рабочы рух яшчэ ў 90-х. Каго затрымалі ў справе незалежных прафсаюзаў

19 красавіка ў офісах і кватэрах лідараў незалежных прафсаюзаў адбыліся ператрусы. Паводле папярэдніх звестак, 15 прадстаўнікоў прафсаюзаў затрыманыя. Некаторыя цяпер у СІЗА КДБ. Пра лідараў Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, старшыняў Незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Свабоднага прафсаюзу металістаў, расказвае «Свабода».

Калаж: «Свабода»

 У мінулым намэнклятуршчык, цяпер адстойвае правы беларускіх рабочых у Міжнароднай арганізацыі працы

Аляксандар Ярашук — старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. У 1990-х дасягнуў высокіх намэнклятурных пасадаў. У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам на прэзыдэнта, але не сабраў дастатковай колькасьці подпісаў. Пастаянна адстойвае інтарэсы працоўных у Міжнароднай арганізацыі працы.

Аляксандар Ярашук нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Ўнучкі Камянецкага раёну. Скончыў Курскі сельскагаспадарчы інстытут, пазьней — Менскую вышэйшую партыйную школу. Працаваць пачаў у 1973 годзе — аграномам у саўгасе імя Дзімітрава Камянецкага раёну. Два гады адслужыў у войску. Больш за 15 гадоў адпрацаваў на розных пасадах у гаспадарках Берасьцейшчыны.

На пачатку 1990-х зрабіў пасьпяховую намэнклятурную кар’еру: быў загадчыкам аддзелу аграрнай палітыкі ЦК КПБ, 5 гадоў адпрацаваў намесьнікам начальніка ўпраўленьня ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі.

У 1996—1998 гадах быў першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму. У 1998—1999 гадах — старшынём Менскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў.

У 1999 годзе Аляксандар Ярашук узначаліў Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу, што ўваходзіў у склад ФПБ.

З 2002 году — старшыня незалежнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Ярашук браў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году, але ня быў зарэгістраваны кандыдатам, бо сабраў замала подпісаў.

У чэрвені 2011 году абраны сябрам Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы. Пастаянна прадстаўляў Беларусь у МАП.

28 гадоў ачольваў прафсаюз РЭП, які нядаўна прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Генадзь Фядыніч за актыўную прафсаюзную дзейнасьць у 2018 годзе атрымаў 4 гады «хіміі» і забарону займаць кіроўныя пасады — праваабаронцы прызналі справу палітычна матываванай.

Генадзь Фядыніч нарадзіўся ў 1957 годзе ў Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, па адукацыі інжынэр-мэханік. У 1980-я гады працаваў на вядучых прадпрыемствах электроннай прамысловасьці: 8 гадоў у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудаваньня, яшчэ 2 гады ў холдынгу «Планар».

У 1990 годзе Фядыніч заснаваў і ачоліў незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці. Прафсаюз РЭП аб’яднаў тады 275 тысяч сяброў і ўвайшоў у склад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). З ініцыятывы Фядыніча і пры непасрэдным удзеле прафсаюзу РЭП у 1990-х гадах адбыліся шматтысячныя акцыі пратэсту «Не — зьбядненьню народу» на плошчы Свабоды і каля Палаца спорту.

У 1990—1994 гадах Фядыніч быў дэпутатам Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў.

У 2017 годзе менавіта прафсаюз РЭП быў адным з ініцыятараў «Маршаў недармаедаў». Тады супраць прафсаюзнага лідэра Генадзя Фядыніча і бухгальтара Ігара Комліка распачалі крымінальную справу «за нясплату падаткаў». Праваабаронцы прызналі справу палітычна матываванай. У жніўні 2018 году суд Савецкага раёну Менску асудзіў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

11 красавіка КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваньнем».

 Быў арганізатарам першага страйку 26 красавіка 1990 году на «Гомсельмашы», аўтар зборнікаў публіцыстыкі

Аляксандар Бухвостаў — старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Ініцыяваў на пачатку 1990-х першыя страйкі рабочых у Гомлі і Менску. Быў старшынём Беларускай партыі працы і дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня.

З 1980 па 1990 гады Бухвостаў працаваў на розных пасадах на «Гомсельмашы», цягам 5 гадоў быў старшынём прафкаму. У 1989—1990 гадах прафсаюзны лідэр стаў арганізатарам забастовачнага чарнобыльскага руху, «Маршаў за выжываньне» з Гомля ў Маскву (ліпень 1990 году), з Гомля ў Менск (верасень 1990-га). Аляксандар Бухвостаў быў ініцыятарам і першага страйку на «Гомсельмашы» 26 красавіка 1990 году.

Вось як ён узгадвае той страйк у сваім артыкуле «Псыхоз у людзей пачынаецца, калі ад іх хаваюць праўду»:

«26 красавіка 1990 году ў 7:30 першая зьмена прыйшла на завод, пераапранулася, выйшла да станкоў, але да працы не прыступіла.

У 10:00 пачаўся агульназаводзкі мітынг. Ён праходзіў на галаўным заводзе, заводзе самаходных камбайнаў і заводзе ліцьця і нармаляў. Гендырэктар Дрозд заклікаў людзей прыступіць да працы, маўляў, «вы ўжо паказалі сілу, і хопіць», але я запярэчыў і сказаў, што трэба працягваць забастоўку. І людзі падтрымалі мяне.

З працоўных месцаў без дазволу страйкавага камітэту ніхто не сыходзіў. Пʼяных не было. У 16:00 больш за 5000 сельмашаўцаў пад праліўным дажджом калёнай пайшлі на гарадзкі мітынг, прысьвечаны чацьвёртай гадавіне Чарнобыльскай трагедыі. Я выступіў на мітынгу. Другая зьмена таксама да працы не прыступала. Людзі сталі сыходзіць з цэхаў пасьля 23 гадзіны з дазволу страйкаму».

У 1993—2004 гадах Аляксандар Бухвостаў быў старшынём Беларускай партыі працы, якую ўлады зьліквідавалі.

Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня. Не прызнаў вынікі рэфэрэндуму 1996 году.

Неаднаразова адбываў адміністрацыйныя арышты. У кастрычніку 2003 году Бухвостаў правёў пікет на Кастрычніцкай плошчы Менску, пратэстуючы супраць парушэньня правоў працоўных. Быў арыштаваны на 15 дзён. Разам са старшынём ПКБ Сяргеем Калякіным быў арыштаваны на 15 дзён у красавіку 2006 году за правядзеньне несанкцыянаванага пікету каля Акадэміі навук. Арганізацыя Amnesty International прызнала тады Бухвостава вязьнем сумленьня.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Бухвостаў быў кіраўніком ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл.

З 2012 году Аляксандар Бухвостаў — старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.

На пачатку сакавіка 2022 году ў офісе прафсаюзу мэталістаў адбыўся ператрус. 19 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс зноў і затрымалі прафсаюзных актывістаў.

Публіцыстычныя артыкулы Аляксандра Бухвостава выходзілі зборнікамі «Булыжник пока лежит на мостовой» (1998), «Под лежачий камень вода не течет» (1999), «О профсоюзном и рабочем движении» (2000).

Ачольваў незалежны прафсаюз «Гродна Азоту», дамогся захаваньня пярвічкі

Сяргей Антусевіч — намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Доўгі час ачольваў незалежны прафсаюз на прадпрыемстве «Гродна Азот». Затрыманы 19 красавіка, зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Сяргей Антусевіч нарадзіўся ў 1973 годзе ў Берасьці. Быў старшынём базавай арганізацыі рабочых Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот».

Зь ягонай ініцыятывы ў Беларусь тады прыехала Камісія па расьсьледаваньні Міжнароднай арганізацыі працы і выявіла цэлы шэраг парушэньняў, якія дагэтуль ня выпраўленыя. Тады дзякуючы кантрольным мэханізмам Міжнароднай арганізацыі працы ўдалося прадухіліць дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» і адстаяць пярвічную арганізацыю, якую кіраўніцтва пагражала ліквідаваць.

З 2003 па 2007 гады Сяргей Антусевіч быў дэпутатам Горадзенскага гарадзкога Савету.

З 2012 году — намесьнік старшыні Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

19 красавіка ў офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Яго затрымалі, уначы яму дазволілі патэлефанаваць жонцы. Антусевіч паведаміў, што зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Зачыстка незалежных прафсаюзаў: прайшлі ператрусы ў офісах і на кватэрах актывістаў

Каментары

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →