Рэцэпт на выхадныя. Курыца з сырам, вяндлінай і кабачкамі — хуткая і прыгожая
Гэтая курка выглядае так, нібыта вы патрацілі на яе гадзіны, але насамрэч яна робіцца дужа хутка. Яшчэ адзін плюс гэтай стравы — магчымасць выкарыстаць у ёй усе тыя кабачкі, якія ўжо невядома куды падзець.
01.10.2022 / 11:25
Фота: BBC Food
Каб згатаваць курыцу з сырам, вяндлінай і кабачкамі, вам трэба:
- 1 курыная грудка без скуры, разрэзаная ўздоўж напалову
- 2 лусты цвёрдага сыру, тыпу галандскага ці швейцарскага, такой жа даўжыні, як і курыная грудка
- 2 лусты вяндліны такой жа даўжыні, як і курыная грудка
- 2 галінкі свежага размарыну такой жа даўжыні, як і курыная грудка — або трохі сушанага размарыну, калі свежага нямашака
- трошкі мукі прысыпаць
- 10 грамаў масла
- 5 сталовых лыжак алею — найлепш аліўкавага, але можна і іншага
- соль і молаты чорны перац
- чвэрць шклянкі белага віна
- 2 кабачкі, нарэзаныя круглікамі
- 2 памідоры, нарэзаныя лустачкамі
- здрабнёнае лісце з дзвюх галінак маярану (або чайная лыжка сушанага маярану)
- 2 сталовыя лыжкі цёртага сыру — найлепш пармезану
- Разагрэйце духоўку да 230 градусаў.
- Здыміце лісце з размарыну і дробна яго нарэжце. Вазьміце голае сцябло размарыну і завастрыце яго тоўсты канец, каб атрымалася шпажка (можна замяніць зубачысткамі ці іншымі шпажкамі).
- Трохі адбіце кавалкі курыцы малатком для мяса або качалкай, потым прыпраўце курыцу соллю і чорным перцам, пасыпце размарынам.
- На кожны кавалак курыцы пакладзіце спачатку па лусце сыру, а потым па лусце вяндліны.
- Праткніце кураціну з сырам і вяндлінай сцяблом размарыну ці шпажкай, каб страва не развалілася. Калі вы бралі сушаны размарын, для гэтага можна выкарыстаць шпажку ці зубачыстку
- Каб згатаваць кабачкі, вазьміце невялікую форму для запякання і вышмаруйце яе дзвюма сталовымі лыжкамі алею.
- Выкладвайце ў форму па чарзе лусты кабачкоў і памідораў так, каб кожны новы кавалак гародніны крыху прыкрываў іншы. Прыпраўце соллю і перцам.
- Паліце зверху адной сталовай лыжкай алею, пасыпце маяранам і пармезанам.
- Пастаўце гародніну ў духоўку на 4—5 хвілін, пакуль сыр не пачне плавіцца і не стане залацістым.
- Тым часам абсыпце голую частку курыцы мукой і страсіце лішкі.
- Разагрэйце ў патэльні на сярэднім агні масла і 2 сталовыя лыжкі аліўкавага алею. Калі масла пачне пеніцца, пакладзіце ў патэльню курыцу. Спачатку смажце яе на сярэднім агні мякаццю ўніз прыкладна дзве хвіліны ці да залаціста-карычневага колеру, потым перавярніце курыцу і пячыце яе адну хвіліну на баку вяндліны да залацістага колеру.
- Зноў перавярніце курыцу і дадайце ў патэльню віно. Награвайце, пакуль віно не закіпіць, потым зменшыце агонь і гатуйце курыцу, пакуль вадкасць амаль цалкам не выпарыцца. Праверце, ці гатовая курыца, потым дастаньце яе і перакладзіце на талерку.
- Дадайце ў гэтую ж патэльню трохі масла і растапіце яго, каб масла змяшалася з рэшткамі віна і атрымаўся соус.
- Дастаньце з духоўкі кабачкі і памідоры і апырскайце іх аліўкавым алеем перад падачай на стол.
- Паліце курыцу соусам і адразу ж падавайце яе з запечанай гароднінай.