Андрэй Хадановіч. Адбіваецца свет у вадзе… Верш

Паэт Андрэй Хадановіч надрукаваў у фэйсбуку да ўчарашняга Сусветнага дня паэзіі свой новы верш, дзе аптымізм перагукаецца з песімізмам.

22.03.2023 / 23:39

Адбіваецца свет у вадзе
ад журбы і нямога адчаю.
Сам сябе да слёз давядзе
і самога сябе выбачае.

Сам пытае й тлумачыць сам,
што іначай не патлумачым.
Свет не верыць п’яным слязам,
але верыць рыфмам дзіцячым.

Сам сябе давядзе да слёз
і суцешыць сябе самога,
бо чаканая рыфма — лёс,
і чаканая — перамога.

Бо змяняе радасць бяду
і блукальцаў вяртае вырай,
і каханкі — двойчы ў ваду
за дзіцячаю рыфмай шчырай.

Адгукнецца за ўсё ў жыцці
пераможцам, суддзям і сведкам,
каб далей на стале расці
смешным вершам і першым кветкам.

У слупочак плача паэт,
і яшчэ адзін далучае
да вясновых водаў, дзе свет
адбіваецца. Ад адчаю.

Чытайце таксама: 

Павел Севярынец. Беларуская — мова любові. Верш

Усевалад Сцебурака. Час, які не прыйшоў. Верш

Наста Кудасава. На гэтым вусцішным маршруце. Верш

Nashaniva.com