Стануць даражэйшымі візы ЗША

З 30 мая 2023 года павялічваецца кошт некаторых тыпаў віз для часовага ўезду ў ЗША. Заява пра гэта апублікаваная на сайце Дзярждэпартамента ЗША.

01.04.2023 / 17:29

З 30 мая 2023 года працоўныя, турыстычныя, гасцявыя і некаторыя іншыя візы ў ЗША падаражэюць на 8-50%.

Візы катэгорый B1/B2 (бізнэс і турызм), F1/F2 (студэнцкая), J (гасцявая віза па абмене) падаражэюць да 185 даляраў замест ранейшых 160. А менш за ўсё цана зменіцца на сезонныя працоўныя візы H, L, O, P, Q і R — 205 даляраў замест 190.

Найбольш істотна падаражэе віза тыпу E для трэйдараў і інвестараў — 315 даляраў замест 205.

«Працоўныя і турыстычныя візы маюць важнае значэнне для знешняй палітыкі прэзідэнта Байдэна, і мы прызнаем вырашальную ролю, якую міжнародныя паездкі адыгрываюць у эканоміцы ЗША», — гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпа.

Беларусам атрымаць візу цяпер увогуле складана. Консульства ЗША ў Мінску прыпыніла прыём дакументаў на ўсе тыпы віз з 22 лютага 2022 года. Найбліжэйшае даступнае для беларусаў консульства ЗША знаходзіцца ў Варшаве. Аднак гэты варыянт падыходзіць толькі для тых, у каго ёсць шэнгенская віза.

Альтэрнатывамі для ахвотных паехаць у ЗША могуць стаць Амбасада ЗША ў Астане і Генеральнае консульства ЗША ў Алматы. Там для нерэзідэнтаў Казахстана выдзеленая абмежаваная колькасць месцаў.

У 2022 годзе беларусам, якія падаваліся на амерыканскія візы тыпу B, адмаўлялі ў 26,5% выпадкаў.

Чытайце таксама:

Час, грошы, нервы: што зараз з аўтобуснымі турамі ў Еўропу

Пасольства Германіі прымае дакументы на візы па-новаму

Урад Чэхіі яшчэ на год працягнуў візавую забарону для беларусаў

Атрымаць польскую візу стала адначасова складаней і прасцей. Што змянілася?

Nashaniva.com